Маркетынг 16 стагоддзя і прататып вышыванкі. Якія загадкі схаваны ў гравюрах часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай

Источник материала:  
10.07.2017 09:00 — Новости Культуры

Пяць стагоддзяў таму Францыск Скарына надрукаваў сваю першую кнігу. Тады яна не толькі перадавала веды, але і дапамагала пісаць візуальную гісторыю свайго часу, бо мела шмат гравюр. Сёння гэтыя ілюстрацыі даюць магчымасць гэты час зразумець.

Якімі выявамі аздабляліся першыя друкаваныя кнігі, як стыль эпохі змяняў «знешнасць» Статута ВКЛ, чаму Скарына — маркетолаг сотага ўзроўню (як сказалі б пра яго сёння), ці праўда, што разглядваць карцінкі, а не чытаць тэксты любілі ўжо ў 15−16 стагоддзях, — праз глыбіні кнігадрукавання часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай нас пагадзіўся правесці Алесь Суша, кнігазнаўца, кандыдат культуралогіі, намеснік дырэктара па навуковай працы і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

TUT.BY и Банк БелВЭБ распачынаюць цыкл «500 год беларускай кнізе», у якім мы распавядзем пра гісторыю айчыннага кнігадрукавання.

Гравюра тлумачыла сэнс напісанага і «прадавала» кнігу

«Гравюра — гэта тэкст, які чытаецца», — кажа навука культуралогія. Алесь Суша ўпэўнены: беларусам з ёй вельмі пашанцавала. Скарына ўжо напачатку 16 стагоддзя разумеў: малюнкі для чытача значаць не менш за тэкст. Таму цяпер мы маем досыць візуальнай спадчыны, якая адлюстроўвае настрой эпохі.

— Гісторыя беларускага кнігадрукавання адразу пачалася з ілюстраваных кніг, — распавядае даследчык. — Выданні Францыска Скарыны маюць багацейшую графічную арнаментацыю. Гэта не толькі так званыя паласныя гравюры, якія займаюць паўстаронкі ці старонку, але і цэлы шэраг іншых выяў: шматлікія застаўкі, безліч ініцыялаў. Навошта яны? Наш першадрукар адчуваў ролю гравюры ў аздабленні кнігі. Пра гэта ён нярэдка згадваў на старонках сваіх выданняў, каментуючы, наколькі важна выкарыстоўваць ілюстрацыйны матэрыял, каб больш шырокая публіка (а менавіта для яе пачыналася беларускае кнігадрукаванне) здолела зразумець складанасць старажытнабіблейскай гісторыі.

Такім чынам, найперш гравюра тлумачыла сутнасць біблейскіх тэкстаў. Прычым з’ява гэта не новая. Яшчэ ў часы «да Гутэнберга» вельмі папулярным быў феномен Бібліі для бедных — фактычна гэта Святое Пісанне ў малюнках.

Па-другое, гравюра дадавала тэксту новы сэнс, а не паўтарала напісанае. І, вядома, яна выконвала эстэтычную ролю: рабіла кнігу прыгожай, а яе чытанне — зручным і прыемным заняткам.

— Гравюры — гэта і яскравы маркетынгавы ход, — кажа Алесь Суша. — Шыкоўнае аздабленне тытульнага аркуша і ў выданнях Скарына, і ў Статуце было скіравана на тое, каб зрабіць кнігу больш прывабнай, цікавай для пакупніка, каб за яе хацелася заплаціць грошы. А каштавала яна ў той час нямала. Гравюра выконвала маркетынгавыя функцыі лепш, чым тэкставая інфармацыя.


Трэці статут ВКЛ

Калі казаць пра тэхнікі гравіравання, у Вялікім княстве Літоўскім збольшага выкарыстоўваліся дзве — ксілаграфія і афорты. Друкаванне з каменных асноў ці з гліняных шрыфтоў, як у Кітаі, на беларускіх землях не прыжылося. Затое палюбілася гравіраванне на драўлянай дошцы — ксілаграфія. Лясоў у Беларусі спрадвеку было нямала, адпаведна, і матэрыялу хапала ўдосталь.

— Гэтую тэхніку мы бачым у першых выданнях Скарыны, — зазначае кнігазнаўца. — Афорты таксама набіралі пашырэнне ў кніжнай справе, але ў Беларусь яны прыйшлі ў сярэдзіне 16 стагоддзя і выкарыстоўваліся для дарагіх выданняў.

У манастырах, напрыклад, ажно да 18 стагоддзя карысталіся ксілаграфіяй, бо гэта было проста. Можна было хутка выразаць патрэбную дошку і зрабіць харошую выяву. Для вырабу высокаякасных гравюр, тых, якія патрабавалі высокай дакладнасці, усё часцей выкарыстоўваліся медзярыты — гравюры на метале, а дакладней, на медзі. Такія прыклады мы бачым у Томаша Макоўскага, братоў Тарасевічаў.


Скарына запазычваў гравюры з іншых кніг

Дык пра што можа распавесці гравюра 16−18 стагоддзяў?

Найперш яна дае адказ, ці быў сам Скарына гравёрам.

Псалтыр Скарыны, першая старонка

— Дагэтуль мы маем вялікую колькасць недакладнасцяў і пытанняў пры вывучэнні гравюр Скарыны. Можна пачаць з самага простага: «Ці быў Скарына гравёрам? Ці сам ён рабіў гэтыя дошкі?» Многія даследчыкі выказваліся: «Так, быў». Але, хутчэй за ўсё, гэта недакладная інфармацыя. Верагодней, Скарына выкарыстоўваў гравюры іншых друкарняў альбо замаўляў іх для сваіх кніг.

Нядаўна мне давялося знайсці кнігу 1498 года. Гэта «Новы запавет», надрукаваны ў Празе, дзе змешчана гравюра, якую амаль праз 20 гадоў можна пабачыць у «Псалтыры» Скарыны, у першай кнізе на першым аркушы. Да нашага друкара (і гэта заўважна) матрыца трапіла ўжо крыху пашкоджанай. Абсалютна ўпэўнена можна сказаць, што гэта адна і тая ж дошка.

Тое ж мы бачым і ў віленскі перыяд дзейнасці Францыска Скарыны. У «Малой падарожнай кніжцы» ёсць пяць прыгожых гравюр. Найменей дзве з іх у 1493 годзе выкарыстоўваліся для Нюрнберскай хронікі Хартмана Шэдаля. Чарговае падцверджанне, што Скарына актыўна выкарыстоўваў дошкі розных друкарняў. Гэта было пашыранай практыкай у той час. Дарэчы, уласныя Скарынавы гравюры таксама працягнулі свой шлях далей і выкарыстоўваліся ў пазнейшых беларускіх выданнях.


«Малая падарожная кніжыцы» Скарыны

Загадкі партрэта Скарыны і карані беларускай вышыванкі

Ледзь не самая распаўсюджаная і знакамітая гравюра — Скарынаў партрэт. Не адно пакаленне школьнікаў насіла яго ў сваім заплечніку і не здагадвалася, колькі невыпадковых элементаў і дагэтуль неразгаданых таямніц захоўвае гэтая выява.


Партрэт Скарыны

— Пачнем з таго, што існуюць два адбіткі партрэту, — распавядае Алесь Суша. — Адзін змешчаны ў чацвёртай кнізе «Царстваў», а другі - у кнізе «Ісуса, сына Сірахава». Адрозніваюцца нават выявы пчалы ці мухі, якую розныя даследчыкі інтэрпрэтуюць па-рошнаму. Сёння мастацтвазнаўцы робяць вельмі шмат, каб зразумець гравюры. У часы Скарыны яны чыталіся іначай. І, падкрэслю, яны чыталіся. Сімвалы, якія стаялі на гравюры, былі зразумелыя сучасніку і пра многае яму казалі. Нам — пакуль не зусім. Усе здагадкі існуюць на ўзроўні ідэй, меркаванняў.

Дакладна можна сказаць, што гэта першы свецкі партрэт у беларускім кнігадрукаванні. На ім — безліч аб’ектаў рознага кшталту.

Найперш чытаецца вобраз чалавека. Ён статны, мажны, сядзіць з пяром ці са сціласам (прыладай для пісьма) перад кнігаю, каторую піша. Апрануты ў паважны строй — мантыю вучонага з бярэтам. Скарына не выглядае друкаром, які адціскае на прэсе нешта. Гэта вобраз вучонага чалавека, які не проста ўмее чытаць, што было не заўжды распаўсюджанай з’явай, але і тварыць.

Ён сядзіць і паглядае нібыта ў бок, для нас налева, дзе на пюпітры стаіць яшчэ адна разгорнутая кніга. Фактычна гэта вобраз перапішчыка ці перакладчыка. Тут Скарыну можна прадставіць як перакладчыка Святога Пісання. У такім вобразе мы бачым падабенства са Святым Еранімам, якога прыкладна так адлюстраваў Альбрэхт Дзюрэр — амаль сучаснік Скарыны. Святы Еранім славіўся тым, што зрабіў першы поўны класічны кананічны пераклад Бібліі на лацінскую мову. Гэтая Біблія зрабіла вялізны ўплыў на Еўропу. А тут Скарына — робіць такую паралель.


Гравюра Альбрэхта Дзюрэра «Святы Еранім»

Скарына сядзіць перад невялічкай трыбунай, дзе ляжыць кніга. Тут жа вісіць рушнік з арнаментам, вельмі падобным да сучаснага беларускага. Гэта выглядае крыху нечакана. Але ж такі самы ўзор мы бачым на беларускіх іконах таго часу.

Па-над рушніком змешчаны вялікі гербавы шчыт з так званым сегнетам Скарыны. Гэта адзін з самых важных сімвалаў у яго друкарскай справе — сонца і паўмесяц, накладзены адзін на аднаго. Гэта выява не была вядомая еўрапейскай сімволіцы. Паасобку сонца і паўмесяц выкарыстоўваліся, але не разам. Вобраз гэты складаны для інтэрпрэтацыі. Яго і гербам называлі, але гэта не геральдычны знак, і мяшчанскім знакам роду Скарынаў. Аднак такая версія выглядае спрэчна. Найбольш верагодна, што гэта выдавецкая марка. Тады было распаўсюджана выкарыстоўваць неякія знакі, якія б пазначалі, хто надрукаваў кнігу. Такім чынам Скарына пазіцыянаваў сябе як выдавец.


Гербаваты шчыт Скарыны

Ёсць шмат іншых выяў, якія няпроста ідэнтыфікаваць і зразумець, што яны азначаюць.

Напрыклад, Скарына сярод кніг. Вакол яго паліцы. Зразумела, ён чалавек разумны, адукаваны муж. Але кнігі знаходзяцца ў вельмі дзіўнай пазіцыі. У той час яны захоўваліся пераважна ў гарызантальным стане альбо, як і сёння, карэньчыкам ці абрэзам да нас. У Скарыны кнігі перавернуты карэньчыкам дагары. Гэта вельмі дзіўна, бо ў такім становішчы кніжны блок з часам адарваўся б ад пераплёту. Гэта кепска для захоўвання кніг, але менавіта так іх адлюстраваў Скарына.

Тут жа мы бачым сімвалічныя знакі. Нават, здавалася б, такая простая рэч — подпіс пад выяваю самога Скарыны зроблены вельмі неадназначна. Ён напісаны вяззю, якую сёння амаль ніхто прачытаць не можа. А ў тыя часы тым болей далёка не кожны мог справіцца з гэтым.

Надпіс, вельмі подобны да санскрыту, інтэрпрэтуецца па-рознаму. Найбольш верагодна ён чытаецца як «Доктар Францыск Скарына».


Армілярная сфера, змешчаная зверху, арыентуе нас на элементы эпохі Адраджэння, звязвае з вялікімі геаграфічнымі падарожжамі, адкрыццём і разуменнем свету.

Некаторыя сімвалічныя аб’екты, змешчаныя на гербавых шчытах справа і злева ад Скарыны, не даюць адназначнага тлумачэння. На адным з іх хутчэй за ўсё знак, які сімвалізуе гару Галгофу. Хаця пра яго ёсць шэраг версій. Наконт другога знаку я нават не буду выказваць свайго меркавання. Ён мае безліч абазначэнняў, пачынаючы ад сумяшчэння інцыялаў аднаго са спонсараў Скарыны — Багдана Онькава і завяршчаючы дзіўнымі сімваламі кшталту вагаў.

Сімвалізм, які пачаўся ад Скарыны, вельмі значны, істотны. Ён працягваў існаваць да 18 стагоддзя, калі ў беларускай графіцы развівалася рэлігійная традыцыя і існавалі містычныя, навуковыя знакі, якія шмат чаго маглі расказаць пра эпоху. Гэтаксама мы можам зрабіць параўнанне з нашымі знакамі, якія з лёгкасцю інтэрпрытуюцца. Напрыклад, абазначэнне валют ці смайлікі. Іх наўрад ці змогуць прачытаць нашыя нашчадкі. Але нам яны зразумелыя і ёмістыя па сэнсе.

Гравюра ў кнізе адчувала стыль эпохі і змянялася разам з ёй

— Наогул, гравюра кажа пра многае, падштурховае да развагаў, думак, пошукаў. Гэта знакавы аб’ект, у тым ліку ў кнізе, які арыентуе на пэўныя каштоўнасці, нацыянальныя ці дзяржаўныя сімвалы. Як герб, напрыклад. У Статуце Вялікага княства Літоўскага на першай старонцы мы бачым «Пагоню».


Статут ВКЛ

Многія кнігі перавыдаваліся пры асэнсаванні эстэтычных падыходаў. Напрыклад, Статуты ВКЛ. Пачынаючы з 1588 года і да пачатку 19 стагоддзя яны перавыдаваліся на розных мовах.

Першыя тры рэдакцыі друкаваліся на старабеларускай мове кірылічным шрыфтам. Напачатку 17 стагоддзя статут перавыдаваўся на польскай, лацінскай мовах. Гэтыя выданні былі аформлены па-рознаму. Спачатку мы бачым кнігу рэнесанснага тыпу: прыгожая, сіметрычная, прадуманая. У першых польскамоўных выданнях можна назіраць гатычную форму падачы: шрыфты, кампазіцыя старонкі, адмысловыя гравюры. З канца 17-га — першай паловы 18 стагоддзя мы адчуваем моцны ўплыў стылю барока: віціеватыя канструкцыі, шматузроўневыя, складаныя, пышныя формы. Яны адбіліся і ў гравюрах, натуральна. Пасля мы бачым больш сціплае афармленне — праяўленне эпохі Асветніцтва, класіцызму. Тады панавалі лаканічныя, сіметрычныя, лёгказразумелыя, даступныя для кожнага формы.

Гравюра — з’ява міжканфесійная

— Браты Тарасевічы — Лявонцій і Аляксандр — праславіліся як майстры гравюры, якія працавалі ў розных гарадах і друкарнях, як у Беларусі, так і на тэрыторыі сучаснай Літвы. Яны былі звязаныя і з Польшчай, і з Расіяй. Гэтая акалічнасць добра характарызуе свой час.

Іх гравюры аздаблялі каталіцкія, уніяцкія, праваслаўныя і пратэстанцкія выданні. Такі падыход у 16 стагоддзі з вялікай цяжкасцю разумелі нашы суседзі. Як бачым, адны і тыя ж майстры працавалі з рознаканфесійнымі друкарнямі, часам паралельна. Лявонцій рабіў духоўную гравюру «Іконы Маці Божай Жыровіцкай» для уніятаў, пасля — серыю гравюр пра іконы Божай Маці Рэчы Паспалітай, у якой улічыў шэраг многацыянальных ікон.


Браты збольшага працавалі на прыватныя замовы. І гэта яшчэ адна своеасаблівасць часу. Ад 16 стагоддзя да сярэдзіны 18-га дзяржаўных друкарняў амаль не існавала. Нават Статут Вялікага княства Літоўскага друкаваўся ў прыватнай друкарні.

Існавала безліч рознаканфесійных, прыватных друкарняў, і не толькі ў вялікіх гарадах, але і ў дробных мястэчках, маёнтках, дзе выпускаліся розныя кнігі, часта вельмі прыгожа, цікава аздобленыя, пададзеныя. У прыватнасці, той жа Тарасевіч, Макоўскі працавалі пад замовы прыватных уладальнікаў, Радзівілаў, напрыклад. Кожная замова заўжды была ўнікальная.

Партнер проекта:


Банк БелВЭБ уделяет большое внимание вопросам корпоративной социальной ответственности. Социальная миссия банка — поддержка мероприятий, которые призваны сохранять и популяризировать белорусскую историю и культурное наследие страны.

←Военно-исторический фестиваль "Выгонощанская фортеция" в Ивацевичском районе

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика