Беларускае мора, глыбоцкае "вадасховішча" і горы ў Гродна: таямніцы старажытных мапаў Беларусі
На старажытных мапах хапае памылак і недакладнасцяў, якія можна патлумачыць тагачаснай тэхналогіяй працы. Мапы рабіліся на вока і ні пра ніякую адпаведнасць рэальным прапорцыям і каардынатам геаграфічных аб’ектаў казаць не прыходзілася. Але адкуль на поўдні Беларусі з’явілася мора, каля Глыбокага — вялікае возера, а на захадзе Беларусі - высокія горы? Каб адказаць на гэтыя пытанні, TUT.BY пазнаёміўся са старажытнымі мапамі і адначасова высветліў, калі старажытныя картографы ўпершыню пазначылі Мінск.
Адкуль на Палессі з’явілася мора?
На сённяшні дзень Беларусь з’яўляецца самай вялікай краінай у свеце, якая не мае прамога выхада да мора. Але так было не заўсёды.
Пачалося ўсё з Герадота. Менавіта ў ягоных працах 2500 гадоў таму з’явілася першая згадка пра вялікае возера-мора, якое знаходзілася на поўначы ад Скіфіі - антычнай дзяржавы, што існавала на тэрыторыі сучаснай Украіны і поўдня Расіі.
У 1154 годзе арабскі географ Аль-Ідрысі ўпершыню размясціў на мапе агромністы вадаём паміж Чорным і Балтыйскім марамі. На яго працы поўдзень знаходзіўся зверху (туды ж трапіла Чорнае мора), а поўнач — знізу (там трэба шукаць фрагмент Балтыйскага). Мапа Ідрысі не можа пахваліцца дакладнасцю і адпаведнымі прапорцыямі геаграфічных аб’ектаў, таму месца, дзе знаходзіўся вадаём, вызначыць цяжка. Адны даследчыкі лічаць, што пад назвай возера Тэрмі (на мапе «buhaire termi») хаваецца бассейн ракі Прыпяць са шматлікімі балотамі (а горны масіў сярод вадаёма — гэта Мазыркае ўзвышша). Іншыя сцвярджаюць, што гэта і ёсць тое знакамітае мора Герадота. Дарэчы, мапа Аль-Ідрысі знакамітая яшчэ і тым, што на ёй упершыню ў гісторыі быў адзначаны горад Мінск (на мапе «muniska»).
Вялікія вадаёмы на месцы мора Герадота з’яўляліся і пазней. Напрыклад, на мапе Усходняй Еўропы пачатку XVI стагоддзя (у тыя часы гэты рэгіён называлі Сарматыяй) у якасці вытока Дняпра пазначана вялікае возера, змешчанае ў раёне Палесся. Дарэчы, тэрыторыю сучасных Украіны, Польшчы і Беларусі тут перасякаюць горныя храбты, якія на сучасных мапах адсутнічаюць.
Каля Слуцка — возера Крона
На больш позніх картаграфічных дакументах мора ператварылася ў Сармацкае возера. На мапе Усходняй Еўропы, створанай венецыянцам Джакома Гастальдзі ў 1562 годзе, яно выглядае як вельмі вялікі вадаём, побач з каторым знаходзяцца яшчэ некалькі азёр меншага памеру. Разам яны ўтвараюць водную сістэму, якая, па сутнасці, ляжыць на мяжы водападзелу паміж Чорным і Балтыйскім марамі і з’яўляецца вытокам многіх рэк. Цікава, што на тэрыторыі сучаснай Украіны Гастальдзі намаляваў так званае Амадоцкае возера, якое, як і Сармацкае, бясследна знікне з мап у XVIII стагоддзі.
На мапе ВКЛ, выкананай Герардам Меркатарам, знакамітым фламандскім картографам, можна пабачыць, што Сармацкае возера знаходзілася на тэрыторыі паміж Валкавыскам і Пінскам. На мапе таксама бачна возера Крона («Crono lago») каля Слуцка, з якога, як лічылася ў тыя часы, браў пачатак Нёман.
Ужо ў канцы XVII стагоддзя Сармацкае возера і возера Крона знікаюць з усіх дакументаў. На іх месцы картографы пачынаюць маляваць вялікую сістэму балот, якая на мапах цягнецца ўздоўж усёй Прыпяці. Зрэшты, у іх здараліся і рэцэдывы: так, на французскай мапе 1787 года каля Пінска зноў з’яўляецца невядомае возера.
Адкуль на картах з’явіліся гэтыя аб’екты? Дакладнага адказу няма. Існуе некалькі тэорый. Згодна адной з іх, мора Герадота і пазней Сармацкае возера — гэта рэшткі ледавіковага шчыта, які растаў пасля заканчэння апошняга ледавіковага перыяду каля 10 тысяч гадоў да н.э. Талая вада накапілася ў Палесскай нізіне і ўтварыла вялікі па плошчы, але неглыбокі вадаём. Мора Герадота было прэснае і не мела сувязі з сусветным акіянам. З цягам часу яно паступова высыхала, бо не мела сілкавання водамі рэк, як іншыя вялікія азёры. Магчыма, да часоў антычнасці захавалася нейкая частка таго мора, якая да сярэднявечча ператварылася спачатку ў сістэму неглыбокіх азёр, а затым у забалочаную мясцовасць.
Сучасныя даследчыкі паспрабавалі рэканструяваць меркаваны выгляд Палесскага мора з дапамогай спадарожнікавых тапаграфічных здымкаў Зямлі, якія з вялікай дакладнасцю былі выкананыя ў 2000 годзе. Такую рэканструкцыю зрабіў мазыранін Дзяніс Бабаеў, які на тапаграфічным здымку Палесся запоўніў нізіны віртуальнай вадой да адзнакі ў 135 м над узроўнем мора (мяркуецца, што гэта была вышыня вады старажытнага мора). Такім чынам утварыўся вялікі вадаём, на берагах якога апынуліся амаль усе старажытныя гарады беларускага Палесся: Пінск, Столін, Мазыр і іншыя.
Гіганцкае возера каля Глыбокага
Калі пра мора Герадота ў гістарычнай літаратуры хапае згадак, то пра наступны аб’ект інфармацыі амаль няма. І гэта вельмі дзіўна. Бо, калі верыць мапам XVIII стагоддзя, каля горада Глыбокае цяперашняй Віцебскай вобласці існавала возера, большае па плошчы за сучаснае Вілейскае вадасховішча.
Упершыню яно з’яўляецца ў мапе 1613 года, выдадзенай у Амстэрдаме па замове магната Мікалая Радзівіла Сіроткі (той самай, на якой Сармацкае возера знікае, ператварыўшыся ў шэраг палесскіх балот).
А найбольш выразна Глыбоцкае возера выяўлена на мапе Рэчы Паспалітай, зробленай італьянскім картографам Рыцца-Заноні ў 1772 годзе, незадоўга да першага падзела краіны. Згодна з ёй, на ўсходзе ад Глыбокага знаходзілася вялікае Y-падобнае возера, якога на сучасных мапах у тых месцах няма. Згодна з Заноні, тое возера ўваходзіла ў вялікую сістэму азёраў разам з возерам Пліса, Псуя, Доўгае і іншымі. Па форме возера нагадвала сучаснае Вілейскае вадасховішча, а па плошчы, відавочна, перавышала яго.
Згодна з мапамі сярэдзіны XVIII стагоддзя, па ўскраінах возера праходзіла мяжа паміж рознымі ваяводствамі Рэчы Паспалітай: у 1731 годзе — Віцебскім і Мінскім, у 1745-м — Віленскім, Полацкім і Мінскім. На мапе Рыцца-Заноні на ўсходзе возера таксама пункцірам праведзена мяжа ваяводстваў.
Глыбоцкае возера сустракаецца на мапах заходніх картографаў амаль да канца XIX стагоддзя. Але на расійскіх знікае значна раней. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Глыбоччына разам з іншымі беларускімі землямі адышла да Расійскай Імперыі. Рускія картографы пры складанні мапаў новых земляў ніякага возера ў гэтых мясцінах ужо не знайшлі. Прыкладам таму могуць служыць мапы Мінскай губерніі 1821 і 1830 гадоў, на якіх ад меркаванага Глыбоцкага возера не засталося і сляда.
Адкуль Глыбоцкае возера з’явілася на мапах? Магчыма, з-за банальнай памылкі картографа, які гіпатэтычна прыняў балоцістыя мясцовасці на ўсходзе ад Глыбокага за вялікае возера і гэтак абазначыў яго на сваёй мапе. Іншыя картографы (асабліва еўрапейскія) без праверкі пачалі капіраваць гэты вадаём з мапы на мапу.
Зрэшты, Глыбоцкае возера сапраўды калісьці магло існаваць на гэтым месцы. Магчыма, яно мела ледавіковае паходжанне і з цягам часу высахла, ператварыўшыся ў балота. А вялікая забалочаная ненаселеная тэрыторыя на ўсходзе ад Глыбокага сапраўды існуе і добра бачная на сучасных касмічных здымках.
Замест гары Дзяржынскай — храбты ля Гродна
Беларусь лічыцца выключна раўніннай краінай. Нашыя ўзвышшы не перавышаюць чатырох соцен метраў вышыні (нагадаем, што гара Дзяржынская, самая высокая ў Беларусі, мае 345 метраў вышыні). Тым не менш, на ранніх сярэднявечных мапах на тэрыторыі Беларусі можна пабачыць цэлыя горныя храбты, што праходзяць праз усю краіну. Адзін з прыкладаў такіх мап ужо быў прыведзены вышэй (памятаеце мапу Усходняй Еўропы пачатку XVI стагоддзя?). Але існуе і больш наглядная мапа 1507 года, на якой прысутнічаюць ажно два паралельныя горныя ланцугі на тэрыторыі паміж Полацкам і Лідай.
Цікава, што ўжо на больш позніх мапах таго ж XVI стагоддзя горныя храбты з тэрыторыі Беларусі знікаюць. У наступныя стагоддзі горы ў нас на мапах будуць з’яўляцца кропкава. Так, напрыклад, на мапе 1770 года Гродна будзе наўпрост аточана гарамі. Магчыма, такім чынам мастак хацеў выявіць на мапе Гродзенскае ўзвышша, ці картографа моцна ўразілі пакручыстыя нёманскія берагі ў межах горада. Так ці інакш, Гродна на мапе нямецкага географа Тобіаса Латэра выглядае ўзнёсла ў прамым і пераносным сэнсах.
Адкуль на старажытных мапах з’явіліся горы? Магчыма, такім чынам сярэднявечныя картографы хацелі паказаць тыя невялікія ўзвышшы, што ўсё ж такі ёсць у Беларусі. Але на мапах ХІХ стагоддзя яны выглядаюць ужо больш прыстойна і падобна да рэальнасці. Так, на мапе 1835 года ўжо можна прасачыць контуры сапраўднага Мінскага ўзвышша.