Ад Ніксана да Буша. Як беларус сустракаўся з чатырма прэзідэнтамі ЗША і прывёз аднаго з іх у Мінск
Сёння, 30 мая, спаўняецца 90 гадоў знакамітаму дзеячу беларускай дыяспары Вітаўту Кіпелю. У інтэрв'ю аўтару TUT.BY юбіляр расказаў пра свае сустрэчы з чатырма амерыканскімі прэзідэнтамі, патлумачыў, як польская дыяспара «пракаціла» на выбарах прэзідэнта Форда, а таксама прызнаўся, як па сутнасці арганізаваў у Мінск візіт Ніксана.
Вітаўт Кіпель нарадзіўся 30 мая 1927 года ў Мінску. З 1930 года разам з бацькам, які быў рэпрэсаваны, знаходзіўся ў высылцы ў Расіі. У 1942 годзе вярнуўся з сям’ёй у Мінск, у 1944 годзе эміграваў на Захад. У 1953 годзе скончыў Лювенскі ўніверсітэт (Бельгія), у 1955 годзе атрымаў ступень доктара геалагічных навук. У тым жа годзе пераехаў у ЗША. Працаваў у Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы. Адзін з найбольш вядомых і аўтарытэтных прадстаўнікоў беларускай эміграцыі. Кіраўнік Беларускага інстытута навукі і мастацтва (Нью-Ёрк). Аўтар манаграфіі «Беларусы ў ЗША» (1993, другое, пашыранае выданне — 2017), мемуараў «Жыць і дзеіць» (2015), а таксама шэрагу артыкулаў.
Сустрэчы Вітаўта Кіпеля з амерыканскімі прэзідэнтамі можна патлумачыць не толькі яго цікавасцю да палітыкі. Гэта была магчымасць паўплываць на палітыку ЗША ў дачыненні да Беларусі, а таксама звярнуць увагу на беларускую дыяспару. «Адна з дзялянак, дзе амерыканскія выбарчыя мазгі шукаюць сабе падтрымку, — гэта нацыянальныя арганізацыі, бо да іх належаць некалькі мільёнаў людзей, — пісаў Кіпель у мемуарах. — Калі вы [будзеце] гаварыць з імі адной мовай і ім праграма партыі падаецца прымальнай, то ў пэўных месцах нацыяльныя арганізацыі могуць прывесці да перамогі. (…). Таму перад нацыянальнымі арганізацыямі заўсёды робяцца рэверансы — кандыдаты ідуць да іх, агітуюць, прыводзяць патрэбныя аргументы».
Не дзіўна, што пачынаючы з 1970-х Кіпель багата кантактаваў з кангрэсмэнамі, супрацоўнікамі адміністрацыі і палітыкамі розных узроўняў. Цікава, што курс Рэспубліканскай партыі падабаўся беларусу толькі ў адным аспекце — у знешняй палітыцы. «Рэспубліканская платформа прадугледжвала цвёрдую антыкамуністычную палітыку, падтрымку „Радыё Свабода“, будучае самавызначэнне і дзяржаўнасць рэспублік СССР», — пісаў Кіпель. А ва ўнутранай палітыцы яму больш падабаўся курс дэмакратаў. Але, як пісаў адзін з лідараў дыяспары, «знешняя [палітыка] пераважала, і я далучыўся да рэспубліканцаў».
«Беларусы за Ніксана»
Першым суразмоўцам Кіпеля з ліку прэзідэнтаў ЗША быў Рычард Ніксан, які кіраваў краінай у 1969−1974 гадах.
«Мы працавалі, каб Ніксан выйграў выбары ў 1972 годзе. Я быў уцягнуты ў гэтую кампанію з аднаго прагматычнага меркавання, — расказвае Кіпель. — Партыя выдавала тады адмысловыя жэтоны, якія распаўсюджваліся па ўсёй Амерыцы, прыкладам, „Палякі за Ніксана“, „Харваты за Ніксана“ і г. д. Значыць, можна было зрабіць і „Беларусы за Ніксана“! І я тады зразумеў, калі мы праз Рэспубліканскую партыю выдадзім дзясяткі тысяч такіх жэтонаў, гэта будзе вялікая прапаганда беларусаў, беларускай нацыі. Мы малавядомыя ў Амерыцы — гэта рэальнасць. І я таго дасягнуў, былі выдадзеныя жэтоны „Беларусы за Ніксана“ (пазней былі і іншыя за іншых прэзідэнтаў), і актыўна запрацавалі беларускія рэспубліканскія клубы. А тады ўжо была тая сустрэча з Ніксанам афіцыйная». Гаворка пра сустрэчу на Каляды 1972 года, калі прэзідэнта пазнаёмілі з кіраўнікамі выбарчых клубаў, якія прадстаўлялі нацыянальныя групы.
Як вядома, Ніксан стаў першым прэзідэнтам ЗША, які наведаў Мінск. 1 ліпеня 1974 года ён разам з жонкай усклаў кветкі ля манумента на плошчы Перамогі, а потым наведаў мемарыяльны комплекс «Хатынь». Савецкі перакладчык Віктар Суходраў згадваў у мемуарах пра наведванне Хатыні:
«На фоне густога лесу, на зялёным лужку ўсталявалі вялікі пісьмовы стол з крэслам, каб Ніксан мог запісаць свае ўражанні ў Кнізе ганаровых наведвальнікаў. Прэзідэнт сеў і схіліўся над раскладзенай кніжкай. Вакол яго адразу ж замітусіліся журналісты. Побач са мной стаяў адзін з памочнікаў Ніксана. З наўмысным жахам ён прашаптаў мне:
— Божа мой! Я ўяўляю сабе, як падпішуць гэтыя фотаздымкі нашы журналісты: «Ніксана выгналі з Белага дома!». Карціна сапраўды была незвычайная: пасярод зялёнага лужка, за пісьмовым сталом, самотна сядзіць чалавек і нешта піша».
«Імя Францыска Скарыны і Вольгі Корбут вядомыя кожнаму ў цэлым свеце»
Але мала хто ведае, што Ніксан трапіў у Мінск з лёгкай рукі Вітаўта Кіпеля. У мемуарах беларус пісаў, што на адной з сустрэч у Белым доме нехта расказаў яму, што Ніксан збіраецца ў Маскву. «Я якраз гавару з кангрэсменам Эдвардам Дэрвінскім і кажу яму: добра было б, каб Ніксан заехаў і ў Менск, калі ён ужо будзе ў Маскве. На прыняцці быў выканаўчы дырэктар па працы з нацыянальнымі клубамі, і ён мне кажа: пагавары з такім і такім кангрэсменам. Я пагаварыў, а кангрэсмен і кажа: трэба гэта перадаць Ніксану. Нехта з функцыянераў увёў гэта яму ў вушы. Быў там яшчэ і Кісінджэр (тады дарадца па нацыянальнай бяспецы ЗША, пазней — дзяржсакратар ЗША. — Заўв. TUT.BY). Ну і развіталіся мы на тым, што Ніксан гэта пачуў […] Урэшце Ніксан заехаў у Беларусь, а рэшта, як кажуць амерыканцы, — гісторыя!»
Можа, гэтая гісторыя — усяго легенда? Але існуе дакументальнае пацверджанне гэтай гісторыі - два лісты, якія захоўваюцца ў архівах Беларускага інстытута навукі і мастацтваў (Нью-Ёрк). 22 чэрвеня 1974 года Кіпель пісаў кангрэсмену Эдварду Дэрвінскаму.
«Дарагі Кангрэсмен!
Як Вы, магчыма, памятаеце, падчас прыняцця Heritage Leaders 19 лютага 1974 г. я выказаў думку, што для замежнай палітыкі Злучаных Штатаў можа быць вельмі карысным залучэнне Беларусі ў расклад візіту прэзідэнта Ніксана ў Савецкі Саюз.
Вы сказалі, што Ваш погляд аналагічны майму і што Вы абмяркуеце гэтую справу на найвышэйшым узроўні.
Я бачыў апошнім часам паведамленні ў СМІ, што ёсць вялікая доля верагоднасці наведвання прэзідэнтам Ніксанам Мінска, Беларусь".
Кіпель выказаў меркаванне, што Ніксан выступіць з прамовай. Таму змясціў у лісце некаторыя ідэі, якія было б вельмі каштоўна пачуць «для амерыканцаў і для беларускага народа». Сярод іх — удзел беларусаў у развіцці сучаснай Амерыкі. Па ацэнках Кіпеля, на пачатак 1970-х у ЗША жылі каля 600 тысяч нашых суайчыннікаў. «Прыкладна кожная шостая сям’я ў Беларусі мае сваякоў у ЗША», — пісаў кангрэсмену беларус.
«Беларускае культурнае жыццё мае бліскучае мінулае і сучаснасць. Імя слыннага доктара Францыска Скарыны з XVI ст. і маленькай беларускай дзяўчынкі Вольгі Корбут з 1970-х вядомыя кожнаму ў цэлым свеце. Беларусы свабодалюбівы народ: у сваёй гісторыі і ў зусім нядаўнія часы яны змагаліся за свабоду Беларусі і яе палітычную незалежнасць», — дадаў Кіпель.
На жаль, TUT.BY невядома, каб Ніксан агучыў гэтыя тэзісы ў Мінску. Але галоўнае, што візіт адбыўся. Цікава, што жарт пра прэзідэнта ЗША, якога «выгналі з Белага дома», аказаўся прарочым. Праз месяц пасля вяртання з Мінска Ніксан пад пагрозай імпічменту добраахвотна спыніў свае паўнамоцтвы. Ён быў першым і пакуль адзіным прэзідэнтам ЗША, які сышоў у адстаўку раней, чым скончыўся яго тэрмін.
Як палякі «патапілі» Форда
Наступным прэзідэнтам ЗША стаў Джэральд Форд (1974−1977), які дагэтуль займаў пасаду віцэ-прэзідэнта. Цікава, што ён быў адзіным у гісторыі ЗША, хто не быў абраны на гэтыя дзве пасады. Папярэдні віцэ-прэзідэнт добраахвотна сышоў у адстаўку з-за хабараў. На яго месца быў прызначаны Форд, які праз месяц стаў прэзідэнтам (Ніксана абвінавацілі ў праслухоўванні канкурэнтаў).
Як расказаў Вітаўт Кіпель, «з прэзідэнтам Фордам, я б сказаў, кантакт быў вельмі сталы. Форд быў вызначаны і зацверджаны кангрэсам і ішоў на ўласныя выбары ў 1976 годзе. Яго дзейнасць выбарчая была больш інтэнсіўная. Таму і кантакты нашы з ім былі актыўныя. Я з ім дзясятак разоў сустракаўся. Якраз прэзідэнт Форд быў добра азнаёмлены з нацыянальнымі пытаннямі, бо ён быў з Мічыгана, а там нацыянальнасці вельмі дзейныя. Ён выслухоўваў нас, прыслухоўваўся. Аднойчы я яму заўважыў, што вялікая памылка амерыканскіх даследчыкаў, што яны пішуць, нібыта ў ЗША на пачатку ХХ ст. прыязджалі „рускія масы“. Я кажу, гэтыя рускія масы трэба раздзяліць на дзясяткі нацыянальнасцей: яўрэі, грузіны, украінцы, калмыкі, беларусы. Дык прэзідэнт Форд здзівіўся і перапытаў: што ты гаворыш, няўжо гэта ўсё памылка? Я кажу: так, гэта ўсё памылка».
Урэшце Форд праіграў сваю прэзідэнцкую кампанію. Свой уплыў аказаў сур’ёзны эканамічны крызіс, а таксама рашэнне памілаваць Ніксана. Але, на думку Кіпеля, сваю ролю адыгралі і тактычныя памылкі Форда ў дачыненні да Ўсходняй Еўропы і сацыялістычнага блоку. «У выбарнай кампаніі трэба вельмі асцярожна гаварыць і прадумваць словы, — кажа адзін з лідараў беларускай дыяспары. — А ён у дачыненні да сацыялістычнай
Польшчы быў выказаўся, нібыта яна свабодная. А яна ж была пад Савецкім Саюзам. І гэта ўзбурыла польскую грамаду ў ЗША, якая вялікая. Мільённая. А разам з ёй і прадстаўнікі іншых паняволеных народаў пачалі думаць: ага, ён не разумее сітуацыі. Вось яму галасоў і не хапіла, каб выбары выіграць. І галасы гэтыя ад яго адышлі якраз за кошт этнічных груп, якія за яго адмовіліся галасаваць».
У выніку прадстаўнік дэмакратаў Джымі Картэр атрымаў 297 галасоў выбаршчыкаў (тады як Форд — 240) і стаў наступным прэзідэнтам ЗША.
«Буш адвёў мяне ў бок, каб распытаць пра беларусаў, з якімі ён меў дачыненні ў ААН»
З Джымі Картэрам (1977−1981) Вітаўт Кіпель сустракаўся некалькі разоў. Паводле яго слоў, «галоўнае спатканне было, калі папа рымскі ў ЗША прыязджаў. Прэзідэнт Картэр тады зрабіў такую сустрэчу прадстаўнікоў нацыянальнасцей з папам».
З наступным прэзідэнтам ЗША, рэспубліканцам Рональдам Рэйганам (1981−1989) Кіпель не сустракаўся. Але размаўляла Вера Рамук з беларусаў Чыкага. «Яна яму падала мемарандум беларускі, што Амерыка мусіць перагледзець дачыненні з савецкімі рэспублікамі і ўстанавіць дыпламатычныя дачыненні з БССР, — расказвае Кіпель. — У Амерыцы была дыскусія пачынаючы ад 1950-х гадоў на гэты конт: паколькі Украіна і Беларусь былі ў ААН, то чаму няма амерыканскіх амбасадаў у сталіцах гэтых краін? І амерыканская беларуская эміграцыя падтрымлівала ідэю ўсталявання дыпламатычных адносін. Мы пісалі мемарандумы ў Дзярждэпартамент і ў розныя іншыя установы. І ў спадарыні Рамук якраз была нагода сустрэцца з прэзідэнтам Рэйганам і гэтакі мемарандум падаць».
Як вядома, такія спробы скончыліся безвынікова. Але намаганні беларусаў не прапалі. Рэйган стаў першым амерыканскім прэзідэнтам, які павіншаваў беларусаў з Днём Волі (25 сакавіка). Пазней ЗША сталі другой у свеце краінай (пасля Украіны), якая ўжо 28 снежня 1991 года ўсталявала дыпламатычныя адносіны з незалежнай Беларуссю.
Чацвёртым прэзідэнтам ЗША, з якім сустракаўся Вітаўт Кіпель, быў Джордж Буш-старэйшы (1989−1993). Знаёмства адбылося яшчэ ў 1972 годзе, калі прадстаўнікі нацыянальных клубаў сустракаліся з Ніксанам. «Буша тады яшчэ мала хто ведаў, ён быў тады прадстаўніком у ААН, — расказвае Кіпель. — Стаяў за намі, пачуў, што мы беларусы, і адвёў мяне ў бок, каб распытаць пра беларусаў, з якімі ён меў дачыненні ў ААН, пра што з імі можна гаварыць. Гадзіны паўтары мы тады размаўлялі. Пазней ён дзякаваў мне за гэта, як ужо не быў у ААН. І калі ён прэзідэнтам стаў, мы сустракаліся, гаварылі аб ролі нацыянальных груп. Таксама з ім сустракаліся старшыня Рады БНР доктар Язэп Сажыч і, здаецца, іншыя беларусы Амерыкі таксама».
З наступным прэзідэнтам ЗША, Білам Клінтанам (1993−2001), Кіпель ужо не сустракаўся. Зрэшты, з ім гутарыла яго дачка Алеся Кіпель (цяпер яна з’яўляецца супрацоўніцай Міністэрства ўнутраных спраў ЗША), а таксама шэраг іншых беларусаў (ад Станіслава Шушкевіча да Зянона Пазняка).
«А хто з тых прэзідэнтаў, з якімі Вы сустракаліся, быў Вам найбольш сімпатычны?» — спытала аўтар TUT.BY у Вітаўта Кіпеля.
«Напэўна, з прэзідэнтам Фордам я чуўся хай не як роўны з роўным, але бліжэй, чым з іншымі, і найбольш дзейна, — адказаў наш суразмоўца. — І я разумею чаму. Ён надта хацеў выйграць выбары і таму да кожнага чалавека, які дайшоў ужо да ўзроўню прэзідэнта, ён глыбей прыслухоўваўся. Мне асабіста ён быў блізкі».
«Наогул амерыканскія прэзідэнты былі даступныя амерыканскім беларусам, і мне прыемна, што традыцыя гэтая працягваецца, — дадаў Кіпель. — Згаджуся, найчасцей гэта менавіта магчымасць сфатаграфавацца. Але ўсё ж за пару хвілін гутаркі з прэзідэнтам вы можаце тое-сёе сказаць, прыкладам, што я беларус і мы, беларусы Амерыкі, хочам тое і тое, мы хочам незалежнасць для Беларусі. І прэзідэнты слухалі гэта, і нешта ў іх ад гэтага застаецца. Гэтая з’ява — вельмі станоўчая і для нас, і для амерыканскай бюракратыі, якая такім чынам даведваецца пра Беларусь».