Памёр гісторык Юрый Бохан
Юрый Бохан — беларускі гісторык і археолаг, доктар гістарычных навук. Нарадзіўся ў Мінску 21 лютага 1966 году. Даследаваў урбаністычнае разьвіццё, узбраенне і арганізацыю войска, шляхецкі побыт у Вялікім Княстве Літоўскім. Адзін з аўтараў кніг «Археалогія Беларусі» (т. 4, 2001), «Гісторыя Беларусі» (т. 3, 2004). Памёр 13 красавіка 2017 году.
Гісторык Аляксандар Краўцэвіч сказаў Свабодзе: «Сумная навіна. Я ведаў Юрася з часоў студэнцтва. Я быў апанентам на абароне яго кандыдацкай дысертацыі.
Апроч таго, што Юрась быў выбітны спецыяліст па вайсковай справе ВКЛ, ён яшчэ быў вельмі сумленным і прыстойным чалавекам. Ён ніколі не ішоў на службу ідэялогіі. Ён трымаўся чысціні навукі. Толькі даведаўся пра гэтую сьмерць, не магу асэнсаваць да канца".
Мікола Волкаў, гісторык:
«Юры Бохан — фактычна заснавальнік гістарычнага збраязнаўства ў Беларусі. Ён стварыў цэлую школу. Я быў яго вучнем. Я практычна апошні, хто ў яго абараніў кандыдацкую дысертацыю. Гэта быў вельмі шляхотны чалавек, які, нягледзячы на свае рэгаліі, паводзіўся з усімі прыязна і адкрыта, без фанабэрыі. Гэтая смерць — вялікая страта для беларускай навукі".