Сінагога, гарадавы і сувораўскае вучылішча. 10 фотаадрозненняў паміж Мінскам ХIХ і ХХ стагоддзяў

Источник материала:  
10.02.2017 13:26 — Новости Культуры

TUT.BY працягвае серыю артыкулаў з параўнаннямі рэтраздымкаў Мінска. Старыя фота, зробленыя з адных і тых жа ракурсаў праз гады ці дзесяцігоддзі дазваляюць пабачыць змены, якія адбываліся са сталіцай Беларусі ў розныя гістарычныя перыяды.



Знакамітая «Брама Мінска» — жылыя дамы-вежы на Прывакзальнай плошчы — на здымку пачатка 1950-х гадоў і на фота 1954 года. Комплекс будынкаў архітэктара Барыса Рубаненка быў завершаны ў 1953 годзе. Фотапараўнанне дае магчымасць пабачыць, як была праведзена фінальная стадыя будаўніцтва правай вежы. Таксама на здымках можна заўважыць, як за некалькі год змяніўся выгляд мінскіх трамваеў.



Будынак былой жаночай гіманазіі Рэйман на дарэвалюцыйнай паштоўцы і на здымку часоў акупацыі. Дом загарэўся падчас аднаго з авіяналётаў, але пасля вайны быў адноўлены. Цяпер тут па адрасе вуліца Кірава 5 змяшчаецца суд ЕАЭС.



Будынак Харальнай сінагогі на паштоўцы пачатку ХХ стагоддзя і Рускі драматычны тэатр імя Горкага на здымку 1950-х гадоў. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі будынак сінагогі нацыяналізавалі. Да вайны ў ім у розныя часы размяшчаліся кінатэатр, дом культуры, нацыянальныя яўрэйскі і польскі тэатры, пасля вайны сюды з Магілёва пераехала трупа Рускага драматычнага тэатра. У 1950-я гады савецкія ўлады вырашылі змяніць фасад будынка і перабудаваць яго з маўрытанскага стылю, характэрнага для сінагог, у неакласічны.



Вуліца Губернатарская від у бок Саборнай плошчы на паштоўцы ХІХ стагоддзя і вуліца Ленінская від ў бок пляца Волі на фота 1930-х гадоў. Як не цяжка здагадацца, гэта адная і тая ж вуліца (гаворка пра сучасную вуліцу Леніна), адзін і той жа від. За паўстагоддзя амаль нічога не змянілася, толькі замест царскага гарадавога рухам на перакрыжаванні кіруе савецкі міліцыянер.



Тая ж Губернатарская вуліца напрыканцы ХІХ стагоддзя і Ленінская пачатку 1930-х. Толькі від ад цяперашняй плошчы Свабоды ў бок праспекта Незалежнасці. Тут змены таксама невялікія: электрычны трамвай прыйшоў на месца конкі, а невялікі будынак у левай часцы першага здымка вырас у шасціпавярховы гмах на другім фота — так пасля перабудовы 1909 года стаў выглядаць знакаміты мінскі гатэль «Еўропа».



Від на Кафедральны сабор Сашэсця Святога Духа на дарэвалюцыйнай паштоўцы і на фотаздымку 1950-х гадоў. На пярэднім плане бачны комплекс так званага Малога гасціннага двара — гарадской забудовы пачатку ХІХ стагоддзя. Малы гасцінны двор быў часткова разбураны ў вайну, але ацалелая яго частка (бачна на другім здымку) была разабраная толькі ў 1995 годзе.



А вось будынак былога мужчынскага духоўнага вучылішча за дзесяцігоддзі амаль не змяніўся і захаваўся да нашага часу на вуліцы Рэвалюцыйнай. На фота: пачатак ХХ стагоддзя і 1950-я гады.



Былая Мінская духоўная семінарыя (на паштоўцы ХІХ стагоддзя) ператварылася ў сувораўскае вучылішча (на здымку 1950-х). У даваенныя гады ў былой семінарыі размяшчалася вайсковая школа, пасля вайны было вырашана будынак павялічыць. Старая пабудова была рэканструявана на пачатку 1950-х архітэктарам П. Заборскім і перададзена пад патрэбы Мінскага сувораўскага вучылішча.



Галоўны корпус Палітэхнічнага інстытута ў 1940 і 1949 гадах. Разбураны ў вайну будынак архітэктара Макляцовай у канцы 1940-х пачалі перабудоўваць у новым стылі паводле праектаў студэнтаў старэйшых курсаў архітэктурнага факультэта. Дарэчы, трамвайная лінія па Савецкай вуліцы (цяперашні праспект Незалежнасці) ў тыя гады ішла ад вакзала міма палітэха да цяперашняй плошчы Калініна.



Дом ураду ў 1950-я гады. Розніца паміж здымкамі ўсяго некалькі гадоў, са змен можна заўважыць толькі тое, як разраслася на гарачым мінскім сонцы пальма на клумбе.

←"Ты супер!": через трудное детство к звездам

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика