Праўнучка Ігната Дамейкі - міністру Макею: "Хачу ехаць у Беларусь цягніком, спадзяюся атрымаць візу"
На мінулым тыдні міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што беларускую гісторыю прысвойваюць сабе шмат якія іншыя дзяржавы: «Напрыклад, я лічу, што абсалютна неправільна, калі Ігната Дамейку ў Чылі і Тадэвуша Касцюшку ў ЗША ўспрымаюць як прадстаўнікоў іншай дзяржавы». Выданне «Радыё Свабода» знайшло праўнучку Ігната Дамейкі, Паc Дамейку, і дазналася, што зрабіла беларуская дзяржава, каб не дазволіць іншым скрасці спадчыну Дамейкі.
Ігнат Дамейка (31 ліпеня 1802, Вялікая Мядзвядка, Гродзенская вобласць — 23 студзеня 1889, Санцьяга, Чылі) — філамат, удзельнік паўстання 1830−1831 гадоў, беларускі, польскі і чылійскі навуковец-даследнік, геолаг, мінеролаг, рэктар Чылійскага ўніверсітэту, Нацыянальны герой Чылі.
Дамейка займае важнае месца ў гісторыі навукі і культуры Беларусі, Чылі, Польшчы і Літвы. 2002 год у сувязі з 200-годдзем нараджэння Дамейкі UNESCO назвала «Годам Ігната Дамейкі». Імя Дамейкі носіць у тым ліку вулканічны ланцуг гораў у Андах (Cordillera Domeyko); мінерал дамейкіт (domeykite, Cu3As); фіялкавая кветка (віёла дамейкона, Viola domeykana); малая планета 2784 Domeyko; шэраг аб’ектаў тапанімікі і грамадскіх установаў па ўсім свеце.
У лісце Адаму Міцкевічу з Чылі Дамейка напісаў: «Натуральна, перарадзіцца я нiколi не змагу і спадзяюся на Бога, што я — ці ў Кардыльерах, або ў Панар (Вільня) — усё роўна памру ліцвінам…»
Знайсці Паc Дамейку было нескладана. Для гэтага дастаткова ўпісаць у пошукавую сістэму па-англійску два словы «сваякі Дамейкі». Праз некалькі секунд мы набіраем нумар у Сіднэй і размаўляем з унучкай сусветна вядомага навукоўца, народжанага на Карэліччыне.
Спадарыня Паc, гэта вялікі гонар з вамі размаўляць. Ваш прадзед з Беларусі уцякаў у Чылі, а як вы апынуліся ў Аўстраліі?
Дамейка: Я нарадзілася ў Аргентыне. Мой бацька працаваў у чылійскай дыпламатычнай службе, таму мы вельмі шмат падарожнічалі па свеце. Калі мне было 5 гадоў, мы пераехалі з Аргентыны ў Чылі, а потым у Бразілію і ЗША. Калі мне споўнілася 18 гадоў, я вярнулася ў Чылі і выйшла замуж. На радзіме я працавала для амерыканскай амбасады, узначальвала Амерыканскі культуры цэнтр. Але калі да ўлады прыйшоў Сальвадор Альендэ, мяне пачалі пераследаваць. Я была вельмі напужаная і прыняла рашэнне выехаць у Аўстралію. Так у 1972 годзе я трапіла ў Сіднэй. Я вельмі люблю гэты горад і краіну, я тут вельмі шчаслівая.
А дзе сёння жывуць Дамейкі і ці вялікая ваша сям’я?
Дамейка: Мой прадзед ажаніўся з чылійскай дзяўчынай. Ёй было ўсяго 15 гадоў, а яму 48. Яны былі вельмі шчаслівыя, у іх было чацвёра дзяцей. Але толькі ў малодшага сына былі дзеці. У яго было некалькі сыноў, і яны пладзіліся як чума [смяецца]. Ажно чатыры сыны. У тых было шмат дзяцей. Цяпер жыве чацвёртае пакаленне Дамейкаў. Наш род вельмі рэлігійны, і таму ў нас заўсёды было шмат дзяцей. Сёння ва ўсім свеце жыве больш за 200 нашчадкаў Ігната Дамейкі. Каля сотні ў Чылі, а рэшта ў ЗША і Аўстраліі. Напрыклад, у мяне пяцёра дачок.
А ці застаўся нехта ў Еўропе?
Дамейка: На жаль, ані ў Беларусі, ані ў Літве ці Польшчы ўжо няма нікога з Дамейкаў. Пасля эміграцыі Ігната ў Жыбартоўшчыне каля Дзятлава засталася толькі яго дачка Ганна, а сыноў не было. Такім чынам у Еўропе род Дамейкаў памёр.
Ці перадаў ваш прадзед сваім нашчадкам мовы, на якіх ён размаўляў?
Дамейка: На жаль, мае дзяды ўжо не гаварылі па-беларуску ці па-польску. У Чылі мае прадзеды гаварылі па-іспанску і па-французску.
А чым сёньня займаюцца Дамейкі? Нехта пайшоў слядамі свайго вядомага прадзеда?
Дамейка: Унукі Дамейкі ўсе былі вельмі адукаванымі людзьмі. Мой бацька быў, напрыклад, дыпламатам. Сёння ў нашай сям'і шмат архітэктараў, адвакатаў, лекараў. Дамейкі вельмі прыгожыя, добра выглядаюць. У Чылі нашая сям’я адносіцца да эліты грамадства. Усе нашы сваякі вельмі рэлігійныя.
Міністр замежных спраў Беларусі сказаў нядаўна, што іншыя краіны крадуць у краіны гісторыі і ўзгадаў Ігната Дамейку. А ці часта з вамі кантактуюць афіцыйныя чыноўнікі? Магчыма, тэлефануюць дыпламаты з Канбэры?
Дамейка: Да мяне неаднаразова звярталіся літоўскія і польскія дыпламаты. Я ўжо не кажу пра гісторыкаў адтуль. Але ніхто і ніколі з беларускіх дыпламатаў са мной не кантактаваўся. На жаль, ніякіх афіцыйных стасункаў не было. Напрыклад, цяпер у Беларусі перакладаюць маю кнігу пра Ігната Дамейку. Але гэтая ідэя з’явілася спантанна, дзякуючы знаёмаму беларусу з Аўстраліі, які паехаў да брата ў Гомель і захапіў з сабою адзін асобнік кнігі. Там і з’явілася ідэя яе перакласці на рускую. Гэту кнігу я напісала па-іспанску ў 2002 годзе. У 2004 годзе яна выйшла па-англійску ў выдавецтве «Random House». Яна называецца «Ігнат Дамейка: жыццё ў эміграцыі». У нашай сям'і ёсць вялікая калекцыя дакументаў і лістоў Дамейкі. Мой бацька сабраў багата рэчаў, звязаных з продкамі. У гэтай кнізе будзе шмат унікальных дакументаў і цікавых рэчаў, якіх няма больш нідзе. Я адмыслова ездзіла ў Францыю, Чылі, Польшчу, Літву і двойчы была ў Беларусі, каб збіраць матэрыялы.
І якія вашы ўспаміны пра тыя візіты ў Беларусь?
Дамейка: Вельмі маляўнічыя. Гэта было надзвычай цікавае падарожжа. Упершыню я была ў Беларусі ў 1999 годзе. Памятаю, што тады была жахлівая інфляцыя. Я знайшла маладую пару, якая размаўляла па-англійску. Яны вазілі мяне сваёй машынай. Я была ў Мядзвядцы, наведвала школьны музей Дамейкі, была ў Міры, у Навагрудку і Жыбартоўшчыне, былой сядзібе Дамейкаў, якая сёння ў руіне. Я правяла там некалькі дзён. Калі б не дапамога Скарынаўскага цэнтру, то візіт наўрад ці атрымаўся б. Другі раз я была ў 2002 годзе. У Вільні праходзіла святкаванне 200-годдзя Дамейкі. Я таксама там была і потым на адзін дзень паехала ў Беларусь.
А ці хацелі б вы зноў наведаць радзіму прадзеда?
Дамейка: Вельмі. Мне неўзабаве 80 гадоў, але я планую ўлетку паехаць у Вільню. Там мае адбыцца вялікая дамейкаўская канферэнцыя. Са мною хоча паехаць мая сястра Сесілія і іншыя чальцы сям'і. Было б цудоўна наведаць Беларусь напрыканцы ліпеня, калі будзе адзначацца 215-годдзе Ігната Дамейкі. Тым больш, што цяпер перакладаецца яго кніга. Я ведаю, што ў перакладчыцы ёсць вялікая праблема з яе выданнем. Калі б удалося выдаць кнігу да 215-годдзя, гэта было б шыкоўна. Спадзяюся, што ня будзе праблемаў і з візай. Я чула, што Беларусь адмяніла візы для многіх замежнікаў. Але з Вільні я хачу ехаць цягніком. Спадзяюся, што ўдасца атрымаць візу.
А як сёння Дамейку памятаюць у Чылі? Ці сапраўды яны так карыстаюцца беларускай гісторыяй, асобай, народжанай і выхаванай у Беларусі, у сваіх інтарэсах?
Дамейка: Ігнат Дамейка найбольш вядомы сярод польскай дыяспары ў Лацінскай Амерыцы. Канешне, у Чылі ён вядомы дзякуючы таму, што стварыў Чылійскі ўніверсітэт і зрабіў шмат адкрыццяў. Я правяла летась у Чылі тры месяцы, і ў мяне адчуванне, што сёння там мала хто цікавіцца гісторыяй. Яны больш клапоцяцца пра іншыя рэчы. У Чылі ёсць дом Дамейкі. Ён належыць аднаму з маіх братоў. Там жыве цяпер сям’я. Некалькі месяцаў таму чылійскі ўрад паабяцаў стварыць там нацыянальны музей. Дом дакладна такі, якім яго пакінуў прадзед, нават некаторая мэбля захавалася. Мой прадзед — гэта для мяне містычная істота.
Не так даўно я звярталася ў думках да яго, каб ён паслаў мне цікавую сустрэчу. І бачыце, я размаўляю з вамі, упершыню з беларускім журналістам.
Дарэчы, пра містыку. У доме прадзеда была карціна з родных мясцін. Там выява краявіду. Калі я была ў Беларусі, то адзін знаёмец вазіў мяне па ваколіцах Жыбартоўшчыны. І мне раптам захацелася спыніцца, каб зрабіць здымак. Калі я вярнулася, то пабачыла, што гэта дакладна тое самае месца, якое адлюстравана на карціне. Гэта быў маленькі цуд. Я вельмі хачу пабачыць гэтыя краявіды зноў.