"Аблізваюць боты ўлады". Святлана Алексіевіч выйшла з Рускага ПЭН-цэнтра

Источник материала:  
11.01.2017 15:40 — Новости Культуры

З Рускага ПЭН-цэнтру ў канцы снежня мінулага года быў выключаны журналіст Сяргей Пархоменка. Гэта выклікала абурэнне шэрагу пісьменнікаў і літаратараў, некаторыя паказальна сышлі з суполкі. Далучылася да іх і нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч.


Светлана Алексиевич. Фото: Дмитрий Брушко, TUT.BY

«Справа ў тым, што папіраюцца ўсе ідэалы заснавальнікаў ПЭНа. Канфлікт з Пархоменкам адбыўся з-за таго, што не першы раз ужо Рускі ПЭН адмаўляецца падпісваць лісты ў абарону людзей, які пакутуюць ад пуцінскай улады, — распавяла «Нашай Ніве» сама Алексіевіч. — І вось цяпер канкрэтна быў выпадак з рэжысёрам Сянцовым, які адбывае тэрмін… Ізноў ПЭН дэклараваў, што гэта не справа пісьменнікаў — кагосьці абараняць, штосьці адстойваць, справа пісьменнікаў сядзець ціхенька і пісаць — то бок, шчыра сказаўшы, аблізваць боты ўлады.

Мяне доўга прасілі не сыходзіць, бо і так дзясяткі годных людзей сышлі [з Рускага ПЭНа]: Уліцкая, Вайновіч, іншыя. Я заставалася, бо людзі прагрэсіўныя спадзяваліся, што ўдасца выстаяць у гэтай барацьбе, што «цёмная» частка не пераможа. Але не ўдалося.
І я не маю падстаў больш удзельнічаць у гэтай гульні.

Магу сказаць так: штосьці падобнае з пісьменнікамі было ў сталінскія часы — каб так баязліва сябе паводзілі пісьменнікі, пісьменніцкія арганізацыі. Але Пуцін сыдзе, а гэтая старонка застанецца ў гісторыі ПЭНа".

Пры гэтым членам Беларускага ПЭН-цэнтра Святлана Алексіевіч застаецца.

Журналіст, блогер і актывіст праграмы «Дысернет» Сяргей Пархоменка быў выключаны з арганізацыі «за адступленне ад непарушных прынцыпаў, змешчаных у Хартыі Міжнароднага ПЭН-клуба, сістэматычнае невыкананне патрабаванняў гэтага Статута, за правакацыйную дзейнасць, несумяшчальную з мэтамі і задачамі Рускага ПЭН-цэнтра, і выказванні, закранае гонар і годнасць асобы», — паведамляе газета «Ведомості».

У апошнія гады Пархоменка разам з некаторымі іншымі членамі ПЭН-цэнтра падпісвалі заявы, ад якіх затым адмяжоўвалася сама арганізацыя. Сярод іх было патрабаванне абмяняць Надзею Саўчанка, заява ў абарону асуджанага ў Расіі рэжысёра Алега Сянцова і патрабаванне расказаць пра знаходжанне асуджанага палітвязня Ільдара Дадзіна.

У знак пратэсту да выключэння Пархоменкі з ПЭН-цэнтра сышлі пісьменнікі Барыс Акунін і Аляксандр Ілічэўскі, паэт Леў Рубінштэйн. І такое ж рашэнне прыняла і Святлана Алексіевіч.

«Рускі ПЭН-цэнтр» быў утвораны ў 1989 годзе. Правобразам паслужыў «ПЭН-клуб» (PEN International) — міжнародная няўрадавая арганізацыя, якая аб’ядноўвае прафесійных пісьменнікаў і створаная ў 1921 годзе ў Лондане.

←Фото дня. "Обама" в Могилеве

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика