"Героі 2016 года": названы пераможцы беларускай музычнай прэміі
У клубе «Грай» ушанавалі ўладальнікаў музычнай прэміі ад парталу Tuzin.fm.
«Адкрыццём году» у беларускай музыцы названы гурт Intelligency.
Музыка Усевалада Доўбні і Юрыя Тарасевіча належыць да стылю «тэхна-блюз», які спалучае электронную і гітарную музыку. Летась музыкі былі названыя «Надзеяй году».
Сёлета яны выпусцілі беларускамоўны міні-альбом «Мова», выступалі ў Мінску на фэсце вулічнай музыкі, з сольнымі канцэртамі ў Беларусі, а таксама за мяжой: гурт прайшоў адбор «Басовішча», трапіў ў лайн-ап Halfway Festival у Польшчы, «Джаз Коктебель» і «Файне місто» ва Украіне.
У намінацыі «Героі году» перамог гурт Vuraj. Яго лідар Сяргей Доўгушаў быў дадаткова адзначаны за грамадскую актыўнасць.
Што тычыцца гурта, у пачатку года яны выдалі сінгл «Святы вечар», дзе заклікалі падзяляць народныя песні на паганскія і хрысціянскія. А ўвосень выйшаў сінгл «Ой, лятала» — музыкі апрацавалі і запісалі ўлюбёную песню Рыгора Барадуліна. Узімку прэзентавалі яшчэ адну новую песню — «Łastovka».
Таксама былі ўзнагароджаны гурт Irdorath — за «Песню году» і «Альбом году» ды гурт Rahis за «Кліп году».