У Гродне пакажуць выставу карыкатур на тэму клімату
Выстава «Сам-насам з кліматам» злучае класічны жанр карыкатуры з актуальнымі практыкамі і рознымі медыя (фатаграфія, калаж) сучаснага мастацтва і становіцца асновай камунікацыі без межаў, у тым ліку моўных, распавядае «Гродзенскі зялёны партал».
Праект стартаваў у Швецыі яшчэ ў 2010 годзе і за 5 год ахапіў больш за 30 краінаў, у тым ліку Беларусь, Грэцыю, Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку, Украіну, Расію, Бразілію, Кітай і многія іншыя. Яго мэта — абмеркаванне прынцыпаў устойлівага развіцця грамадства і распаўсюджанне ведаў пра экалагічныя праблемы.
У гэтым годзе амбіцыйны праект Шведскага Інстытута фінальна рэалізаваўся ў буйной публікацыі - ілюстраваным альбоме, які з’яднаў мастацкія і дыскурсіўныя разважанні прафесіяналаў розных краінаў свету. У альбом патрапілі працы шасці беларускіх мастакоў: Рамана Сустава, Кацярыны Марціновіч, Алега Карповіча, Вольгі Сазыкінай, Сяргея Волкава і Антаніны Слабодчыкавай.
У рамках міжнароднага праекта «Сам-насам з кліматам» і з нагоды выпуску мастацкага альбома ў Гродзенскай выставачнай зале з 23 лістапада па 18 снежня пройдзе аднайменная шведска-беларуская выстава. Яна складаецца з дзвюх частак, уключае творы беларускіх мастакоў і шведскіх карыкатурыстаў і ўяўляе сабой візуальны шэраг экспазіцыі, якая даступным спосабам уздымае перад гледачом пытанні зменаў клімату і іншых экалагічных выклікаў сучаснасці.
У рамках выставы «Сам-насам з кліматам» пройдзе таксама фотавыстава гродзенскага фотамастака Сяргея Курылы і выстава-конкурс дзіцячага плакату «Экалагічная мазаіка», падрыхтаваная навучэнцамі дзіцячай мастацкай школы мастацтваў Гродна.
Выстава будзе адкрытая для наведнікаў з 23 лістапада па 18 снежня 2016 г.