Гродзенец распрацаваў архітэктурны праект рэстаўрацыі піўзавода: з музеем, хостэлам і рэстаранам
Чатыры месяцы спатрэбілася былому студэнту Палітэхнічнага каледжа Арцёму Бубену каб распрацаваць новы праект рэканструкцыі гродзенскага піўзавода. Паказаць яго грамадскасці хлопец вырашыўся ў канцы кастрычніка на конкурсе «100 ідэй для Беларусі», распавядае партал hrodna.life.
Праект Арцёма прадугледжвае рэканструкцыю ўсяго комплексу будынкаў завода пад музейна-турыстычны комплекс, у які ўваходзіць хостэл, рэстаран і музей.
«Балюча было глядзець на піўзавод»
Арцём заняўся праектам, бо яму надакучыла бачыць помнік архітэктуры ў жаласным стане. Некалькі гадоў таму знайшліся інвестары, але яны не змаглі нават прадставіць уцямны праект.
Апошнюю партыю піва гродзенскі завод выпусціў у сакавіку 2007 года, а ў канцы лета таго ж года яго зачынілі. Амаль за 10 гадоў прастою ніхто сур’ёзна не ўзяўся за адраджэннем вытворчасці, закладзенай яшчэ ў 1877 годзе.
«Мой шлях з дому да каледжа пралягае акурат праз цэнтр горада, праз набярэжную, дзе знаходзіцца закінуты піўзавод. Ён не ўпрыгожвае горад сваім цяперашнім аварыйным станам. А тэма рэканструкцыі мне вельмі цікавая, бо я больш люблю архітэктуру мінулых стагоддзяў, чым сучасныя напрамкі. Гродна — адзін з самых наведваемых турыстамі гарадоў у Беларусi, трэба далей развіваць нашу турыстычную інфраструктура», — распавядае Арцём.
Пасля рэалізацыі праекта комплекс акупіць сябе з верхам
Каб стварыць праект гродзенец браў дадзеныя з усіх матэрыялаў, якія здолеў знайсці, у тым ліку некаторыя графічныя выявы фасадаў стогадовай даўніны. Абмеры будынка хлопец рабіў сам, з гісторыяй і архітэктурай дапамаглі гісторыкі і краязнаўцы.
«У праектных арганізацыях горада не аказалася планаў і наогул якой-небудзь інфармацыі па комплексу. А можа яе проста вырашылі мне не даваць. Ажыццявіць мой праект рэальна. Ёсць магчымасць перадаць яго гораду і знайсці сродкі на рэалізацыю майго праекта. Тым больш што праз пару гадоў комплекс сябе акупіць з верхам».
Комплекс яшчэ ў нармальным стане, але цягнуць доўга нельга
Для рэалізацыі праекта Арцёма спатрэбіцца складанне будаўнічай часткі і падтрымка ўладаў. Зробленая ім архітэктурная частка значна скароціць выдаткі на праектаванне.
«Праект уяўляе сабой музейна-турыстычны комплекс. У складзе музей, хостэл і рэстаран. Асноўныя аб’ёмы былога піваварнага завода захаваны, таксама і ўсе архітэктурныя элементы. Пэўнага прызначэння профілю музея няма. Гэтае пытанне цалкам можна аддаць на рашэнне краязнаўцам і гісторыкам горада».
Хлопец адзначае, што будынак яшчэ ў нармальным стане і зможа вытрымаць сучасную рэканструкцыю.
«Калі далей гэтая справа будзе адцягвацца, шанцаў страціць архітэктурную каштоўнасць будзе больш. Завод зачынілі зусім нядаўна, у 2007 годзе. Яшчэ не позна. Гэта прамысловы будынак, ён нашмат мацней многіх помнікаў архітэктуры».
Дарэчы, у конкурсе «100 ідэй для Беларусі» праект Арцёма прайшоў абласны этап і рыхтуецца да рэспубліканскага.
Даведка
Гродзенскі піўзавод заснаваў у 1877 годзе аўстрыйскі падданы Іосіф Кунц, які скончыў курсы півавараў у Празе. Піўзавод размясціўся ў адным з самых старых будынкаў горада. Раней гэта быў палац Агінскіх, але ў той час ён выкарыстоўваўся як склад.
У апошнія гады працы ў пачатку-сярэдзіне 2000-х на заводзе выраблялі столькі ж піва, колькі ў канцы 1930-х гадоў.