"Папулярная навука па-беларуску" запрашае адразу на дзве лекцыі - па генетыцы і оптыцы
Лекцыю «Генетыка. Уводзіны» прачытае Васіль Панкратаў, кандыдат біялагічных навук, навуковы супрацоўнік інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі. Што гэта за навука? Адкуль яна ўзялася і чым займаюцца навукоўцы-генетыкі? Пра гэта і не толькі можна будзе пачуць у панядзелак, 24 кастрычніка. Гаворка пойдзе пра важныя рэчы: напрыклад, што такое ДНК і як яна ўплывае на прыкметы арганізма. Лекцыя ўключыць у сабе расповед пра этнічную генетыку, вывучэнне гісторыі людзей з дапамогаю ДНК і астатняе.
26 кастрычніка пройдзе другая частка лекцыі па фізіцы на тэму «Оптыка. Гістарычны экскурс». У гэты раз гаворка пойдзе пра даследаванні і вынаходніцтвы знакамітых фізікаў, якія зрабілі свой ўнёсак у развіццё хвалевай оптыкі: Хрысціян Гюйгенс, Роберт Гук, Томас Юнг, Агюстэн Фрэнель ды іншыя. Пагаворым пра такія з’явы, як інтэрферэнцыя і дыфракцыя, палярызацыя і фотаэфект. Практычная частка сустрэчы ўключыць у сябе дэманстрацыю фізічных цікавостак: дыфракцыi на шчыліне, палярызацыi пры адлюстраванні, эксперыментаў з прызмай Нікаля. Дакладчык — Рыгор Русецкі, навуковы супрацоўнік НАН Беларусі.
Як заўсёды будуць цікавыя пытанні, не менш цікавыя адказы і, канешне ж, улюбленыя яблыкі. Простая навука, ды яшчэ і па-беларуску.Прыходзьце па веды! Чакаем усіх у панядзелак і сераду, а 19.00 у Галерэі TUT.BY (пр. Дзяржынскага 57, 9 паверх). Уваход волны!