Гіганцкую чарэшню на Глыбоччыне возьмуць на ўлік векавых дрэваў і насаджэнняў
Гіганцкую чарэшню, якая расце каля дома № 13 на вуліцы Полацкай у вёсцы Празарокі на Глыбоччыне, возьмуць на ўлік векавых дрэваў і насаджэнняў, піша «Наша ніва».
Па словах мясцовага журналіста і краязнаўцы Уладзіміра Скрабатуна, дрэва можна двойчы ўзяць ў абдым.
«У вёсцы Барыскавічы, што на паўдарозе з Глыбокага да Празарокаў, стаіць колішні сядзібны дом пана Дабашынскага. Там таксама растуць дзве вялікія чарэшні. Знайшоў іх і на здымках 1905 года. Гадоў 5−7, як іх пасадзілі. То бок ім цяпер пад 120 гадоў! А які ж век празароцкай чарэшні, калі яна ў раза паўтара шырэйшая ў ствале? 130? А мо і 150 гадоў?» — задаўся пытаннем журналіст. Сфатаграфаваў чарэшню і накіраваў інфармацыю ў Мінпрыроды.
Адказ прыйшоў з абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. У ім гаворыцца, што спецыялісты раённай інспекцыі ўстанавілі: плошча вырастання дрэва складае 0,25 га, абхват ягонага ствала — 176 см. Землекарыстальнік участка — Дзісненскі лясгас.
«Матэрыялы па дадзеным дрэве накіраваны ў сектар маніторынгу расліннага свету Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі для інвентарызацыі і ўліку векавых дрэваў і насаджэнняў на тэрыторыі Беларусі», — паведамляецца ў лісце.