Дачка Лявона Вольскага прадствіла свае песні
18-гадовая спявачка Адэля Вольская прэзентавала на Tuzin.fm EP «Усё атрымаецца», у які ўвайшлі тры кампазіцыі яе аўтарства.
Адэля кажа, што яна ўжо даўно піша песні, некаторым яе творам чатыры і болей гадоў. Але толькі цяпер яна вырашыла абвесціць публічна пра сваю творчасць.
— Пісала песні я для сябе і не збіралася выкладаць іх у інтэрнэт. Але нядаўна вырашыла, што павінна падзяліцца сваім светапоглядам з людзьмі. Таму паступова запісваюся, — распавяла спявачка.
Матэрыялу набіраецца на паўнавартасны альбом, які Адэля мяркуе неўзабаве выдаць. А пакуль яна прэзэнтуе першыя тры запісаныя творы — «Усё атрымаецца», «Адэлька-сардэлька» і «Цудоўны свет». Музыка і словы належаць аўтарству Адэлі.
— Я натхняюся звычайнымі паўсядзённымі сітуацыямі, — распавядае спявачка. — Напрыклад, «Усё атрымаецца» была напісана падчас майго прабуджэння ў сонечны дзень — я адчула неапісальную радасць і зразумела, што як бы не было складана, усё адно ўсё атрымаецца, калі чалавек насамрэч гэтага вельмі хоча. Таксама на гэтую песню паўплывла мая любоў да людзей. Людзі мяне вельмі натхняюць: іх позіркі, жэсты, манера размовы і энэргетыка.
Песня «Адэлька-сардэлька» — адна з даўнейшых. Яна зявілася ў 2012 годзе.
— Стварыла я яе, калі ўва мне прачнуласа вострае жаданне — быць заўсёды маленькай дзяўчынкай. А вырашыла назваць яе так, таму што такой мянушкай называў мяне тата ў дзяцінстве, і я заўсёды злавалася, калі ён мяне так называў, бо лічыла, што ён мяне абражае. Але зараз гэтая мянушка для мяне, як цёплы ўспамін з дзіцячыў часоў майго жыцця.
Трэцюю кампазыцыю — «Цудоўны свет» Адэля напісала пасля шпацыру па горадзе:
— Вельмі люблю гуляць на самоце і насычацца звычайнымі прыроднымі з’явамі: сонейкам, ветрам, дажджом і г. д. Падчас такіх шпацыраў я адчуваю сябе вельмі шчаслівай, бо разумею, што наш свет цудоўны.
Пакуль музычны праект Адэлі Вольскай існуе ў студыйным фармаце. Жывыя выступы не плануюцца.