Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч сыграў на гітары "Тры чарапахі"
Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч у касцёле Найсвяцейшай Троіцы ў Друі сыграў пад гітару песню Лявона Вольскага «Тры чарапахі». Разам з каталіцкім іерархам спяваў вядомы музыка Піт Паўлаў. Незвычайны дуэт склаўся падчас заканчэння мастацкага пленэру «Пачаткі».
Відэа: Радыё Свабода
Малады віцебскі біскуп вядомы тым, што робіць гімнастыку, любіць рок, умее не толькі прамаўляць пранікнёныя казані, але і жартаваць.
Пленэр «Пачаткі» прайшоў у Друі ўжо ў другі раз. Гэты праект ініцыяваў мясцовы ксёндз Сяргей Сурыновіч.
Сёлета ў мурах кляштара на тыдзень пасяліліся 30 мастакоў - мэтраў і пачаткоўцаў. Сярод іх былі Алесь Пушкін, Марта Шматава, Кацярына Говен, Уладзіслаў Пятручык, Павел Чарняўскі, Анастасія Міронцава, Вольга Сазыкіна, Дзмітрый Сурыновіч і іншыя, піша «Каталіцкі веснік».
На працягу тыдня мастакі жылі і працавалі ў Друі, а пасля правялі выставу. Частку прац яны падарылі для будучай галерэі ў кляштары.