Юбілейнай выстава Мікалая Несцярэўскага. “Я нарадзіўся не ў той час не ў тым месцы”

Источник материала:
19.07.2016 23:34 — Новости Культуры

 Лёсы мастакоў складваюцца па-рознаму. Адны знаходзяць сваю дарогу адразу, з першых крокаў у самастойнае жыццё. Іншыя ж доўга блукаюць у пошуках той адзінай сцежкі, якая вывела б іх на прастор прызвання. Для Мікалая Лаўрэнцьевіча Несцярэўскага сэнсам жыцця стала мастацтва керамікі. Рукі майстра  ўваскрашаюць жаданні душы, памяць аб роднай зямлі, блізкіх і дарагіх сэрцу вобразах. 

6 ліпеня ў Палацы мастацтва адбыдлося адкрыццё юбілейнай выставы Мікалая Несцярэўскага, прымеркаванай да 85-годдзя мастака. Пра свой творчы шлях мастак кажа: “Я нарадзіўся не ў той час не ў тым месцы”.
“Я нарадзіўся за граніцай, у Польшчы на Беласточчыне, у 31-ым годзе. У 39-ым гаду пачалася вайна. Школы не было. Быў пад акупацыяй. Было цяжкае жыццё. Вайна закончылася ў 45-ым. Нас перавезлі на Беларусію. Я пачаў працаваць спачатку сцесляром, потым – так атрымалася – стаў хадзіць у вячэрнюю школу, пачаў з пятага класа. Таму ў мяне няма запісу ў працоўнай кніжцы, што я вучыўся, – толькі працаваў. Вось. Скончыў Гродзенскую культпрасветвучылішча. Аўтабіяграфія ў мяне вельмі складаная. Гэта можна даведацца. Часта ў чалавека так: ён пайшоў школу, скончыў дзесяць класаў, паступіў у інстытут, скончыў інстытут – пайшоў на працу. То ў мяне гэта зусім не так. У мяне больш чым 15 розных майстэрстваў. Сумеў спачатку завочна, потым стацыанарам ужо вячэрні інстытут цэнтральны мастацкі скончыць. І ўсё, што вы бачыце, мае творы, – гэта зроблена ўжо пасля таго, як я пайшоў на пенсію. Бо калі працаваў на Мінскім мастацкім камбінаце, то трэба было зарабляць грошы, каб жыць і, як  кажуць, карміць сям’ю і так далей. А як пайшоў на пенсію – стаў працаваць. То, што вы тут убачыце, гэта толькі палова таго, што я тут выставіў”.
Творы Несцярэўскага падарожнічалі на многія выставы, іх фатаграфавалі для часопісаў і кніг. Вырабы мастака аздобілі інтэр’еры многіх будынкаў Мінска, Валгаграда, Гродна і іншых гарадоў. Мікалай Лаўрэнцьевіч – адзін з аўтараў дэкаратыўных керамічных пластоў, якія ўпрыгожваюць станцыю метро “Плошча Якуба Коласа” ў Мінску. Ён займаўся афармленнем магазіна “Мінск” у Валгаградзе, кафэ ў Светлагорску і Салігорску. Працаваў над афармленнем будынка аэропорта “Мінск – 2”. Сцены Гродзенскага тэатра лялек і Дзятлаўскай гімназіі таксама ўпрыгожаны творамі  Несцярэўскага.
“Я люблю прыроду. Яна дае стымул для працы. Я люблю глядзець на прыроду: як там што расцвітае, што цвіце, што расце. Сам на сваім жыцці пасадзіў тры сады і пабудаваў чатыры дамы. Буду старацца не здавацца, можа, яшчэ праз пяць год мы з вамі тут сустрэнемся”.
Сёння Мікалай Лаўрэнцьевіч у росквіце творчых сіл. А гэта дае падставу шматлікім прыхільнікам чакаць ад яго новых цікавых твораў.
Выстава будзе працаваць да 17 ліпеня кожны дзень, апрача панядзелка, з 11 да 19 гадзін. 
Пугачэўскi Глеб
 
←Выстава “Ад рымскага дэнарыя да беларускага рубля”

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика