Сёння дзень народзінаў Васіля Быкава. 20 фактаў з біяграфіі пісьменніка
19 чэрвеня — дзень народзінаў народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. З гэтай нагоды «Радыё Свабода» сабрала 20 важных, цікавых, малавядомых фактаў з яго біяграфіі.
Васіль Быкаў прыгадваў, што памятае сябе «позна, можа, гадоў з пяці. Абодва мае самыя першыя ўражанні аб свеце звязаныя з возерам» (гутарка з Алесем Адамовічам).
У шостым класе Быкаў знайшоў дарэвалюцыйнае выданне «З гарматы на Месяц» Жуля Вэрна і пераклаў яго на беларускую мову. «Спісаў дзясятак вучнёўскіх сшыткаў. А пасля даслаў ліст у „Піянер Беларусі“ з пытаннем, куды мне паслаць пераклад. Атрымаў адказ з тлумачэннем, што калі ёсць тэкст рускамоўны, дык навошта беларускі, у нас вывучаюць рускую мову, таму прачытаюць і па-руску» («Пункціры жыцьця»).
У Віцебскай мастацкай вучэльні Быкаў вывучаў жывапіс, затым скульптуру, а ў 1940 годзе, калі скасавалі стыпендыі, быў вымушаны сысці. У анкетах у графе «адукацыя» Быкаў пісаў - «сярэдняя».
Аднак гэта толькі фармальны бок. Быкаў скончваў розныя вайсковыя афіцэрскія курсы, дзе, як артылерыст, вывучаў прынамсі вышэйшую матэматыку. Ягоная хатняя бібліятэка складаецца з некалькіх тысяч тамоў - беларуская, руская, сусветная класіка, сучасная літаратура, і кожную кнігу ён прачытаў. Гэта — значна больш, чым праграма філалагічнага факультэту ўнівэрсытэта.
Паводле прызнання Быкава, першай дзяўчынай, у якую ён закахаўся (гэта было ў гады вайны), была ўкраінка.
На вайне некалькі разоў выпадковасць уратоўвала яго ад смерці. У самым пачатку вайны ён трапіўся каменданцкаму патрулю, яго хацелі расстраляць, і нават вывелі ў двор, але чырвонаамеец пашкадаваў юнака, загадаў уцякаць: «І я рвануў праз бульбоўнік да блізкай праломіны ў плоце, чакаючы, што ён зараз у мяне стрэліць. Ён і сапраўды стрэліў, але ўгару, як я зразумеў бегучы, хоць і не азірнуўся нават». («Пункціры жыцьця»).
У часе службы на Далёкім Усходзе Быкаў вельмі сумаваў па беларускіх краявідах, у прыватнасьці - лясах.
Першая кніга Васіля Быкава была зборнікам фельетонаў і выйшла ў бібліятэцы сатырычнага часопіса «Вожык».
У часе выступу Васіля Быкава на V з’ездзе саюза пісьменнікаў БССР (май 1966), калі ён сказаў пра права мастака на сваё бачанне жыцця і заявіў, што пакаяння ад яго не будзе, 1-шы сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў пакінуў прэзыдыум. («…галоўная цяжкасць для мастака заключаецца ў тым, што законы мастацтва часта не супадаюць з дзеючымі на кожным пэўным этапе законамі грамадскага жыцця. Больш за тое, яны амаль заўсёды ў супярэчнасці. У жыцці ідэальнае мастацтва тое, дзе як мага меней канфліктаў, а мастацтва патрабуе наадварот. Для жыцця найлепш характары роўныя, ясныя, а для мастацтва — складаныя і супярэчлівыя» (з прамовы Васіля Быкава на V з’ездзе саюза пісьменнікаў БССР).
Пасля выхаду аповесці «Мёртвым не баліць», дзе ў якасці «адмоўнага героя» быў выведзены афіцэр СМЕРШу (падраздзяленне НКУС), у Гродна позна ўвечары на Быкава і ягонага сябра Аляксея Карпюка напалі невядомыя і збілі. Білі прафесійна. Але перад тым, як сысці, адзін з іх сказаў: «Извините, ребята!»
Быкаў казаў, што «твор Аляксандра Салжаніцына „Адзін дзень Івана Дзянісавіча“… дужа ўразіў некаторых жахам падняволенага існавання, бяспраўем, нявольніцкай працай і г. д. Мяне ж ён ня ўразіў ніколькі, бо тое, што мы ў вучылішчы прымалі як нармальнае, было больш цяжкім і бяспраўным» («Пункціры жыцця»).
Быкаў асабіста пазнаёміўся з Андрэем Сахаравыім на з’ездзе народных дэпутатаў СССР у Маскве, за дзень да смерці акадэміка, прычым Сахараў сказаў, што ў часы горкаўскай ссылкі чытаў творы Быкава і, паводле жонкі, франтавічкі Алены Бонер, у іх адлюстраваная сапраўдная праўда вайны.
У 1989 годзе на прапанову нібыта парыжскага выдавецтва надрукаваць ягоны поўны непадцэнзурны збор твораў (але пры умове прадстаўлення арыгіналаў рукапісаў), Быкаў, карыстаючыся дыпламатычным пашпартам народнагна дэпутата СССР, вывез за мяжу і адаслаў у Парыж чамадан сваіх рукапісаў. Ніякай рэакцыі не было. Сябрам Быкаў казаў, што не выключае, што ад пачатку тое была акцыя савецкіх спецслужбаў.
Менавіта Васіль Быкаў напісаў уступнае слова да артыкула Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога смерці» («Літаратура і мастацтва», 3 чэрвеня 1988 г). Быкаў быў адным з трох чалавек (разам з Зянонам Пазняком і Міхасём Дубянецкім), які за некалькі тыдняў да пасяджэння ў Чырвоным касцёле 19 лістапада 1988 года ведаў пра меркаванае стварэнне Народнага Фронту. У момант, калі супрацоўнік ЦК КПБ Расціслаў Бузук спрабаваў сарваць галасаванне за Пазняка, Быкаў узяў мікрафон і сам правёў гэтае галасаванне. У пачатку 90-ых Быкаў быў сябрам Сойму БНФ, прысутнічаў на большасці пасяджэнняў і выступаў.
У сярэдзіне 90-х на лецішчы Быкаў спаліў чамадан лістоў, не жадаючы, каб яны патрапілі ў рукі ворганаў бяспекі.
Дзесяцігоддзямі Васіль Быкаў увечары слухаў перадачы беларускай рэдакцыі Радыё Свабода. Да гэтага часу прымач стаіць у ягонай спальні ў мінскай кватэры па вуліцы Танкавай (цяпер — Танка).
Насупраць пісьмовага стала Быкава былі партрэты і фотаздымкі Льва Талстога і Аляксандра Твардоўскага (галоўнага рэдактара «Нового мира»).
Увосень 1991 года праз аўтара гэтых радкоў Васіль Быкаў перадаў у Вярхоўны Савет ліст, які таксама быў падпісаны Алесем Адамовічам і Рыгорам Барадуліным, з прапановай прыняць у якасьці дзяржаўнага гімну Беларусі «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» (словы Макара Краўцова, музыка Ўладзіміра Тэраўскага): «…гэта велічная мелодыя і выдатны тэкст. І не так важна, што некаторыя моманты яго не адэкватныя сучаснай палітыцы Беларусі, што яны, можа, палітычна састарэлыя. Гэта зусім не той выпадак, калі патрэбная злабадзённасць. Тэксты гімнаў цывілізаваных краінаў звычайна архаічныя, але яны нязменна кананічныя, ахрышчаныя крывавай гісторыяй, і ў гэтым іх мастацкая і духоўная сіла»).
Быкаў быў зацятым аўтааматарам, меў спачатку «Жыгулі», потым «Волгу» і любіў рамантаваць аўтамабілі - прычым прапаноўваў гэта і сябрам.
Любімым віном Быкава было італьянскае «Кьянці», з гарэлкі аддаваў перавагу «Абсалюту» і «Фінляндыі». У Нямеччыне ўлюбёнай ежай Быкава была піца.
На пачатак 90-ых, паводле Бібліятэкі Кангрэсу ЗША, творы Васіля Быкава былі перакладзеныя на 52 мовы.
Літаратура:
Васіль Быкаў, «Доўгая дарога дадому», Кніга, Мінск, 2003
Васіль Быкаў, «Пункціры жыцьця», Дзеяслоў, 2005, нумар 3.
«Наш Быкаў. Кніга ўспамінаў», укладальнік Генадзь Бураўкін. Кніга, Мінск, 2004
«Быкаў на Свабодзе», другое выданне, Бібліятэка Свабоды. XXI стагоддзе. 2005
Галіна Пазняк. «Беларусь у сэрцы», «Беларускія ведамасці», Таварыства беларускай культуры ў Вільні. Варшава-Нью-Ёрк-Вільня, 2007
«Дажыць да зялёнай травы…» Ліставанне і аўтографы Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна (1960−2003). Укладальнік Сяргей Шапран, «ВолЯ», Львоў, 2008.
Сяргей Шапран. «Васіль Быкаў. Гісторыя жыцьця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах», у двух частках. Бібліятэка Бацькаўшчыны. Гарадзенская бібліятэка. Людзі Беларусі. Мінск — Гродна, 2009.
Сяргей Навумчык, Зянон Пазняк. «Дэпутаты Незалежнасці». «Беларускія ведамасці», Таварыства беларускай культуры ў Вільні. Нью-Ёрк, Вільня, Варшава. 2011
Аляксандар Лукашук, «Зкімбы — зымбы», Кнігазбор, Мінск, 2013
Сяргей Навумчык. «Дзевяноста першы». Бібліятэка Свабоды. XXI стагоддзе. 2013