Рыхтуецца выданне залатой класікі фэнтэзі - "Хронікі Нарніі" па-беларуску
У хуткім часе павінна з’явіцца першае беларускамоўнае выданне адной з самых папулярных кніг ХХ стагоддзя — «Хронікі Нарніі» брытанскага пісьменніка Льюіса. Арганізатары праекта паведамляюць, што ўжо цалкам падрыхтавалі выданне першай кнігі, засталося толькі знайсці грошы на сам друк. З гэтай мэтай пачаўся збор праз краўдфандынгавую пляцоўку.
Серыя кніг пра Нарнію карыстаецца вялікай папулярнасцю ва ўсім свеце. Да 2006 года было прададзена больш за 100 мільёнаў асобнікаў. Цяпер выданне можна будзе прачытаць на роднай для беларусаў мове.
Пераклад першай з кніг легендарнага фэнтэзі — «Пляменнік чараўніка» — быў зроблены Надзеяй Кім з «вялікай любоўю да арыгінала і роднай мовы». Вокладку ствараў адзін з лепшых беларускіх ілюстратараў — Раман Сустаў. Для ілюстравання самой кнігі выкарыстаны арыгінальныя малюнкі, зробленыя на замову Клайва Льюіса знанай мастачкай Паўлінай Бэйнс.
Арганізатары праекта «Хронікі Нарніі па-беларуску» Аляксей Шэін і Андрэй Кім ужо зладзілі прэзентацыю кнігі ў галерэі «Ў» у Мінску. Кнігу плануецца выдаць накладам у 2000 экзэмпляраў, частку плануецца прэзентаваць беларускім школам. Акрамя таго, да выдання «Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка» будзе даданы выпуск аднайменнай аўдыёкнігі ў агучцы найлепшых беларускіх акцёраў.
Цяпер арганізатары просяць падтрымаць гэты праект фінансава. У залежнасці ад сумы, ахвяраванай на выданне, ахвярадаўцам абяцаюць падарункі. Да слова, за тыдзень праз інтэрнэт ужо сабралі амаль палову ад патрэбнай сумы — больш за 42 мільёны рублёў.