Таямніцы Асмолаўкі і гісторыйкі квартала. Клуб гісторыі Мінска запрашае на лекцыю і дыскусію
Моладзевае грамадскае аб’яднанне «Гісторыка», Клуб гісторыі Мінска і Галерэя TUT.BY 19 сакавіка запрашаюць на чарговую тэматычную сустрэчу.
На сустрэчы пойдзе гаворка пра кварталы паміж вуліцамі Багдановіча, Кісялёва, Куйбышава і Камуністычнай. Гэта цікавы прыклад пасляваеннай комплекснай жылой архітэктуры. У забудове быў выкарыстаны наватарскі падыход, які заключаўся ў прынцыпе свабоднай планіроўкі пры фарміраванні кварталаў малапавярховымі тыпавымі дамамі. У выніку ўзнікла камфортнае для чалавека асяроддзе, сапраўдная зона адпачынку для душы ў цэнтры дынамічнага мегаполісу.
Сёння, бадай, кожнаму мінчуку гэтае месца вядома як Асмалоўка, але ці дакладная гэтая назва? Як жа нарадзіўся і развіваўся ўлюбёны многім жыхарам сталіцы раён? Якія таямніцы раскрывае і чые сляды захоўвае ў сабе? Ці трэба вяртаць кварталу яго гістарычную назву? Ва ўсім гэтым паспрабуем разабрацца разам.
Як заўжды, весці па лабірынтах гісторыі і сучаснасці нас будуць спецыялісты ў вызначаным пытанні. А менавіта: гістарычную частку распавядзе гісторык і краязнаўца Іван Сацукевіч, пра выбітных жыхароў квартала апавядзе краязнаўца Вадзім Зелянкоў. Ну, а пра нематэрыяльныя вартасці і брэнд месца будзем дыскутаваць разам з журналістам, грамадскім актывістам Андрэем Эзерыным.
І гэта яшчэ не ўсё! Да 22 сакавіка ў Галерэі TUT.BY працуе выстава «Зачараваны квартал» пра Асмолаўку і яе жыхароў. Яна нарадзілася ў 2014 годзе ў межах фестывалю ўрбаністыкі. Тады выстава экспанавалася ў мемарыяльным музеі З.І.Азгура.
Запрашаем ахвочых, а 16-й у суботу, 19 сакавіка ў Галерэю TUT.BY (ст. м. «Міхалова», праспект Дзяржынскага, 57, 9 паверх). Уваход вольны!