Рукапісы не гараць. Пакутлівы лёс знакамітага гісторыка, які прайшоў праз ссылку, але не разлюбіў Беларусь
14 лютага спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння выдатнага беларускага вучонага-гісторыка, археографа, этнографа, краязнаўцы Мікалая Улашчыка. Сваё жыццё ён прысвяціў вывучэнню гістарычнай мінуўшчыны роднага краю і ўнёс значны ўклад у развіццё нацыянальнай гістарычнай навукі.

Улашчык займае адно з самых пачэсных месцаў сярод вядомых вучоных-гiсторыкаў, археографаў, краязнаўцаў, культуролагаў не толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі.

Ён нарадзiўся ў вёсцы Вiцкаўшчына Дзяржынскага раёна Мiнскай вобласцi ў сялянскай сям’i. З дзяцiнства цягнуўся да кнiгi — у гэтым была пэўная заслуга бацькi, якi многа i з задавальненнем чытаў, чым здзiўляў аднавяскоўцаў, i прывучаў да кнiгі дзяцей.
Калі яму было сем гадоў бацькі накіравалі хлопчыка ў школу ў Самахвалавічы, далей у вышэйшае пачатковае вучылішча ў Мінску.

Мiкалай Улашчык успамiнаў: «У 1919 годзе у Мiнску (ведаю гэта пра дзве, у другой працавала Мядзёлка) школы былi зроблены беларускiмi, у адной якраз быў я. Да нас ужо пад канец 1919 года прышоў настаўнiк у кароткiм кажушку i пачаў гаварыць па-беларуску, пачаў выкладаць мову па граматыцы Тарашкевiча. Мы пачалi чытаць „Родныя з’явы“ Коласа i „Дыяменты беларускай лiтаратуры“ (здаецца так) Фарботкi. <…> Адсюль i пайшло захапленне беларускай лiтаратурай, а далей i гiсторыяй. Пэўна, у гэты час я несвядома яшчэ i стаў гiсторыкам».

Таксама ён узгадваў: «У апошнiм класе школы адзiн з вучняў спытаў мяне, куды я збiраюся iсцi пасля школы. Я здзiвiўся. Куды яшчэ можна iсцi як не на гiстарычнае аддзяленне унiверсiтэта. Усё ж iншае (уключаючы мову, лiтаратуру, фальклор, дарэчы, у той час я не ведаў, што такое фальклор) здавалася не тое што нецiкавым, але гiсторыя Беларусi не мае ў сэнсе цiкавасцi нiчога роўнага».
У 1924 годзе, па заканчэнні 2-й мінскай вячэрняй школы для дарослых, Улашчык паступiў на сацыяльна-гiстарычнае аддзяленне педагагiчнага факультэта БДУ, якое скончыў у 1929 годзе. Яго настаўнiкамi былi вядомыя вучоныя Уладзімір Пiчэта, Мітрафан Доўнар-Запольскi, Дзмітрый Даўгяла.

Падчас вучобы ва ўнiверсiтэце Улашчык быў адным з арганiзатараў краязнаўчага гуртка, а пасля — i Краязнаўчага таварыства.
Юныя краязнаўцы з настаўнiкамi ажыццяўлялi археалагiчныя экспедыцыi па гiстарычных мясцiнах Беларусi. Так, у 1926 годзе Улашчык разам са сваiм сябрам Сцяпанам Шутавым праводзiў археалагiчныя доследы на Свiслачы, у 1927 годзе ўдзельнiчаў у комплекснай экспедыцыi Краязнаўчага таварыства ўнiверсiтэта ў Тураўскi раён, у 1928−1929 гадах быў на раскопках палеалiтычнай стаянкi ў Бердыжы, даследаваў быт у беларускiх вёсках.
Паралельна з вучобай ва ўнiверсiтэце Улашчык працаваў у Дзяржаўнай бiблiятэцы імя Уладзіміра Леніна (цяпер — Нацыянальная бібліятэка Беларусі) бiблiятэкарам i сакратаром Беларускай кнiжнай палаты, прымаў удзел у заснаваннi «Летапiсу беларускага друку».
У 1929 годзе з’явiлася яго першая навуковая публiкацыя пад назвай «Беларускi друк у 1927−1928 гадах».

Пасля ўнiверсiтэта Улашчыка прызвалi на вайсковую службу ў Ленiнград. Там жа маладога гісторыка арыштавалі па абвiнавачваннi ў кiраўнiцтве маладзёжным цэнтрам не iснуючага «Саюза вызвалення Беларусi» i асудзілі на пяцігадовы тэрмін з высылкай у горад Налiнск.

У 1939 годзе пасля ссылкі вярнуўся ў Ленiнград і уладкаваўся настаўнiкам у школе, марыў аб аспірантуры, нават здаў экзамены, але яго зноў арыштавалі i ў 1941 годзе выслалі ў горад Златавуст.

Адтуль Улашчык вярнуўся моцна, амаль безнадзейна, хворым. Родным давялося прыкласці вялікія намаганні, каб вывесцi яго з гэтага стану.
Нягледзячы на усе складанасці, Улашчыку давялося здзейсніць сваю мару: у 1943 годзе ён паступае ў аспiрантуру пры Iнстытуце гiсторыi Акадэмii навук СССР, а ў 1947 годзе паспяхова абараняе кандыдацкую дысертацыю з прысуджэннем вучонай ступені кандыдата гiстарычных навук. Па рэкамендацыi Уладзіміра Пiчэты Улашчык пачаў працаваць выкладчыкам на гiстарычным факультэце Маскоўскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта.



Але лёс рыхтаваў вучонаму новыя выпрабаваннi. У 1950 годзе яго зноў арыштавалі, асудзілі да васьмі гадоў пазбаўлення волi i этапавалі ў Марыiнскi лагер.



I толькi ў 1955 годзе пасля датэрмiновага вызвалення Улашчык узнавiў навуковую дзейнасць, пачаў працаваць у Iнстытуце гiсторыi СССР АН СССР.
У 1964 годзе абаранiў доктарскую дысертацыю на тэму «Сельская гаспадарка Лiтвы i Заходняй Беларусi ў першай палове ХIХ ст.», якую ў 1965 годзе выдалі як манаграфiю пад назвай «Перадумовы сялянскай рэформы 1861 года ў Лiтве i Заходняй Беларусi».

Мікалай Улашчык — аўтар прац па пытаннях сацыяльна-эканамiчнага развiцця класавай барацьбы на Беларусi i ў Лiтве, археаграфii i крынiцазнаўству гiсторыii Беларусi дакастрычнiцкага перыяду, праблемах беларуска-літоўскага летапісання, этнаграфіі і фалькларыстыкі.

Шмат гадоў аддаў Мiкалай Улашчык вывучэнню беларуска-лiтоўскiх летапiсаў. У 1966 годзе пераклаў на рускую мову i выдаў «Хронiку Быхаўца».
Амаль дзесяць гадоў вучоны-даследчык рыхтаваў да выдання два тамы «Поўнага збору рускiх летапiсаў», у якiх былi сабраны ўсе вядомыя беларуска-лiтоўскiя хронiкi. Даследчыкi творчасцi вучонага лiчаць падрыхтоўку да выдання 32 i 35 тамоў «Поўнага збору рускiх летапiсаў», сапраўдным навуковым подзвiгам. Калі б Улашчык падрыхтаваў да выдання толькі гэтыя два тамы, то ўжо было б дастаткова, каб яго імя з удзячнасцю ўспаміналі нашчадкі.

Увогуле, творчая дзейнасць Улашчыка шматгранная. Ён быў таленавiтым этнографам i фалькларыстам. Усё жыццё збiраў матэрыялы пра родную вёску Вiцкаўшчыну, напiсаў аб ёй гiсторыка-этнаграфiчны нарыс.
У прадмове да кнігі вучоны адзначаў: «Книгу начал писать студентом в 1926 году, закончил в 1976 году. Написана она в основном по личным наблюдениям, затем по опросам жителей деревни и, в небольшой мере, по архивным данным. Пока это единственный опыт создания истории одной деревни за определенный период времени, попытка изобразить хозяйство и бытовые условия в деревне в их эволюции за последние 35 предреволюционных лет…».
Выданне гэтай манаграфіі адклалі, і толькі ў 1989 годзе, на жаль, ужо пасля смерці вучонага, кніга ўбачыла свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура» пад назвай «Была такая вёска».


Многія творы Улашчыка, такія як «Хроніка», успамiны пра Янку Купалу, Максіма Гарэцкага, Уладзіміра Пічэту, Мітрафана Доўнар-Запольскага, Сцяпана Баркоўскага, пра перыяд вучобы ў БДУ у 1924 — 1925 гадах, можна аднесцi да мемуарыстыкi. Напісаны яны ярка, цікава.
У свой час Уладзімір Караткевіч, заўважыўшы літаратурны талент Мікалая Улашчыка, параіў яму абавязкова паспрабаваць сябе ў мемуарным жанры. У адным з лістоў да Улашчыка ён адзначаў: «…Мяркуючы па тым, што Вы напiсалi ў лiсце да мяне, Вашы асабiстыя ўcпамiны былi б значна цiкавей. Дальбог, напiсалi б! Мемуарная лiтаратура ў нас у зародышы, практычна зусiм яе няма. А што гэта за лiтаратура без мемуараў? Камусьцi трэба пачынаць. Вось Вы i пачнiце. Чалавек Вы разумны, вiдалы, зычлiвы, разбiрацца ў людзях умееце. Можа атрымацца дужа цiкавая рэч».

Таленавiты вучоны, чалавек энцыклапедычных ведаў, адметная асоба, Улашчык шчодра дзялiўся вопытам з маладымi вучонымi Беларусi, вёў шырокую перапiску. У ёй паўстае вялікім знаўцам беларускай літаратуры, сапраўдным патрыётам сваёй радзімы, чалавекам, занепакоеным станам айчыннай навукі і культуры, беларускай мовы, аховай гістарычных помнікаў.





Мікалай Улашчык пайшоў з жыцця 14 лістапада 1986 года. На жаль, лёс вучонага склаўся так, што яму не дазволiлi працаваць у Беларусi, але сэрцам і думкамі ён назаўсёды быў звязаны з роднай Бацькаўшчынай. Гэтаму была падпарадкавана і яго навуковая і творчая дзейнасць.
Улашчык, як сапраўдны вучоны, клапацiўся пра сваю рукапісную спадчыну, каштоўныя матэрыялы, назапашаныя гадамi, хацеў, каб яны трапілі на радзіму, захоўваўваліся ў Акадэмii навук Беларусi.
Яшчэ пры жыццi ён перадаваў, перасылаў, а часам i сам прывозiў у акадэмічную бiблiятэку тое-сёе са сваіх рукапісаў. Пасля смерцi яго сын выканаў волю бацькі - разам з рукапісным архівам Мікалая Улашчыка ЦНБ НАН Беларусі атрымала кнігі з яго хатняй бібліятэкі з дароўнымі подпісамі вядомых пісьменнікаў, паэтаў, культурна-грамадскіх дзеячаў.


Каштоўная творчая спадчына Улашчыка з’яўляецца шырокай крыніцазнаўчай базай для гісторыкаў, этнографаў, літаратуразнаўцаў.

На Беларусь Мікалай Улашчык вярнуўся сваімі працамі, вучнямі, паслядоўнікамі. На надмагільным камяні на Чыжоўскіх могілках, дзе пахаваны яго прах, выбіты словы Янкі Купалы: «Мне сняцца сны аб Беларусі…».

Матэрыял падрыхтавалі Таццяна Жук і Марына Ліс, навуковыя супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі.
Чытайце таксама:
Рукапісы не гараць. Лёс беларуса, які чатыры разы прымаў удзел у сесіях Генеральнай Асамблеі ААН
«Рукапісы не гараць». Рэдкія дакументы пра вайну ад 11 знакамітых беларускіх пісьменнікаў