"Купацца стаў, бо надакучыла хварэць". Берасцейскія маржы адкрылі купальны сезон
Купацца ў ледзяной вадзе для гэтых людзей — традыцыя і лад жыцця, які дазваляе захаваць здароўе і выдатна пабавіць час. Карэспандэнты «Белсату» адправіліся ў госці да берасцейскіх маржоў, якія ў мінулыя выходныя адкрылі новы сезон.
Вiдэа: Тэлеканал Белсат
Тэмпература паветра -2, вады +4, але гэта не палохае берасцейскіх маржоў. Ужо тры гады яны купаюцца ў ледзяной вадзе незалежна ад надворʼя. У мінулыя выходныя аматары халоднай вады і зімовага адпачынку сабраліся на беразе ракі Мухавец.
На зімовы рэлакс прыйшло каля 20 чалавек. Адзін з арганізатараў купання, Аляксандр Кабанаў, стаў маржом 35 гадоў таму. Кажа, што любы чалавек можа акунуцца ў палонку. Праўда, да гэтага трэба рыхтавацца — цягам тыдня прымаць халодны душ. На Вадохрышча людзі ныраюць у палонку і без рыхтавання, але лепш гэтак не рабіць. Каб забіць усе бактэрыі ў арганізме, дастаткова правесці пяць хвілінаў у халоднай вадзе, кажа морж са стажам.






Рух маржоў у Берасці Аляксандр Кабанаў арганізаваў тры гады таму, калі сустрэў аднадумца. Да іх далучыліся ўжо каля пяцідзесяці чалавек. «Купацца стаў, бо мне надакучыла хварэць. Цяпер я не ведаю, што такое лекі і прастудныя захворванні. Я пра гэта ўсё забыўся», — заўважае Аляксандр.
Перад акунаннем варта зрабіць практыкаванні. Пасля чаго маржы дружна ныраюць, а далей — песні, танцы, бульбачка з вогнішча ды бліны. Усе адпачываюць без алкаголю. Маржы пераважна яго не ўжываюць.
«Гэта цудоўна. Хочацца пажадаць людзям, каб яны гэта паспрабавалі. Займаюся гэтым з 2010 года. У першую чаргу гэта раблю для здароўя», — распавядае Віталь, ледзь вылезшы з вады.
