На сцяне віцебскага дома знайшлі артэфакт
Графіці можа стаць адным з унікальных экспанатаў у знакамітым будынку на вуліцы «Праўды», 5а, дзе ў мінулым стагоддзі выкладалі Шагал, Малевіч, іншыя вядомыя мастакі.
Падчас рэстаўрацыі будынка на сцяне знайшлі аўтограф, які належыць скульптару Заіру Азгуру. Надпіс зроблены вугельчыкам. Цяпер новая сенсацыйная знаходка: на адной са сцен знайшлі чарговы артэфакт.
— Літару «У», зробленую такім жа шрыфтам, як і назва УНОВІС, пад верхнім слоем атынкоўкі знайшлі напярэдадні каталіцкага Раства. Я пачысціў далей і ўбачыў яшчэ літары. Што дакладна напісана, пакуль незразумела. Але ў любым выпадку знаходка каштоўная. Як і аўтограф Азгура, чарговае знойдзенае графіці можа стаць адным з экспанатаў. Пасля экспертызы было пацверджана аўтарства Азгура, — распавёў дырэктар музея «Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва» Андрэй Духоўнікаў.
Рэстаўрацыйныя работы ў будынку плануюць завяршыць у 2016 годзе. На думку старшыні гарвыканкама Віктара Нікалайкіна, які нядаўна там пабываў, рэальна гэта зрабіць у канцы вясны. Задача — аднавіць дом максімальна ў такім выглядзе, якім ён быў калісьці.
Спачатку будынак належаў банкіру Ізраілю Вішняку. А пачынаючы з 1918 года ў ім размяшчаліся: Вышэйшае народнае мастацкае вучылішча, майстэрні Заснавальнікаў новага мастацтва, Свабодныя мастацкія майстэрні, мастацка-практычны інстытут.
Захаваўся план будынка, зроблены ў 1923 годзе. Добрая дапамога музейным работнікам і рэстаўратарам — і фотаздымкі паслярэвалюцыйнага часу.