Амерыканскі гурт Imagine Dragons, што хутка будзе ў Мінску, упершыню загучаў па-беларуску
Гурт Navi запісаў беларускую версію песні Radioactive амерыканцаў Imagine Dragons, якія выступяць у "Чыжоўка-Арэне" 22 студзеня. Асноўную частку беларускага тэкста папулярнага хіта, які атрымаў "Грэмі 2014", стварыла мінская школьніца Алена Койстра.
"Радыяктыўны" (пер. А.Койстра/А.Лук’яненка) Глядзі сюды, попел і пыл Усё гэта я адзін стварыў Спрабуй удыхнуць, адчуеш — хімія Ляцяць аскепкі ад гранат Але мяне вам не стрымаць А вось і ён — канец усяго Адзіны шлях, каб атрымаць адказ Усё нібыта супраць нас Вось пачатак эры Новай эры Вось пачатак эры Новай эры О-о-о-о-о о-о-о-о Я Радыёактыўны Радыёактыўны О-о-о-о-о о-о-о-о Я Радыёактыўны Радыёактыўны Колькі дзён усё адно | Адзіны шлях, каб атрымаць адказ Усё нібыта супраць нас Вось пачатак эры Новай эры Вось пачатак эры Новай эры О-о-о-о-о о-о-о-о Я Радыёактыўны Радыёактыўны О-о-о-о-о о-о-о-о Я Радыёактыўны Радыёактыўны Сіла ўнутры, Над галавой святло, У нашай крыві Б’ецца жыццё Адзіны шлях, каб атрымаць адказ Усё нібыта супраць нас Вось пачатак эры Новай эры Вось пачатак эры Новай эры О-о-о-о-о о-о-о-о Я Радыёактыўны Радыёактыўны О-о-о-о-о о-о-о-о Я Радыёактыўны Радыёактыўны |
Алене 16 год, яна навучаецца ў 11-м класе СШ № 30 горада Мінска. Дзяўчына з’яўляецца прыхільніцай Imagine Dragons з 2013 года. Яе варыянт перакладу быў абраны са 130 работ, якія даслалі фэны гурта на абвешчаны арганізатарамі конкурс беларускіх перакладаў. І цяпер менавіта яна сустрэнецца з музыкамі Imagine Dragons у Мінску ў дзень канцэрта.
“Я люблю Imagine Dragons за іх стыль, за іх думкі, за тое, як яны ставяцца да навакольнага сусвету. Яны размаўляюць з гледачамі пра важныя рэчы цягам канцэртаў, дапамагаюць людзям па-за межамі сцэны, удзельнічаюць у дабрачынных акцыях. Але галоўнае — гэта іх музыка: энергічная, абуджаючая, прыемная. Музыка, якую немагчыма слухаць фонам. У яе занураешся, спрабуеш асэнсаваць”, — кажа Алена.
Абраць пераможцу і запісаць кавер арганізатары канцэрта папрасілі мінскі гурт Navi. На рахунку набіраючага папулярнасць калектыва два студыйных альбомы і кампліменты ад крытыкаў. 14 лютага яны зайграюць першы вялікі сольны канцэрт у клубе Re:Public, а 22 студзеня, у дзень мінскага выступу Imagine Dragons, Navi стануць адзіным беларускамоўным фіналістам нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне".
“Imagine Dragons маюць свой стыль, свой падыход. Мне здаецца, што галоўная фішка гурта ў эмоцыях, у энергетыцы – глядзіш на іх жывыя выступы і проста мурашкі па скуры, – адзначае адзін з вакалістаў гурта Арцём Лук’яненка. – У сваёй версіі мы хацелі зрабіць акцэнт на меладычнасць песні і беларускай мовы. Перакладаў на конкурс прыйшло вельмі шмат! Мы абралі варыянт Алены, бо ён добра пасаваў да музыкі. Да таго ж яна лепш за іншых патрапіла ў эмоцыю песні, у настрой. Натуральна, што мы нешта паправілі і дапрацавалі, але агулам яна зрабіла выдатную працу”.