Вакаліст Dzieciuki і "Палац" запісалі калядную кампазіцыю

Источник материала:  
25.12.2015 16:13 — Новости Культуры

Вакаліст панк-фармацыі Dzieciuki Алесь Дзянісаў падрыхтаваў разам з фолк-гуртом «Палац» прыгожую калядную кампазіцыю на верш Анатоля Брусевіча.


Фота Вольгі Куваевай, Tuzin. fm

Нараджэнне песні «Каляды» Алесь Дзянісаў называе цудам.

— Я спачатку пагадзіўся паўдзельнічаць у навагоднім праекце, а потым разгубіўся, бо тэма трошкі не мая. Вырашыў звярнуцца па дамогу да гарадзенскіх паэтаў. Не ведаю чаму, але патэлефанаваў Анатолю Брусевічу, і ён мне прапанаваў два вершы пра Каляды, якія і сталі песняю. Я нічога не кампанаваў: адзін верш стаў куплетнай часткаю, другі — прыпеўнай. І неяк натуральна яны адзін да аднаго паклаліся.

З напісаннем музыкі, з яе формай і з папярэдняй аранжыроўкай Алесю дапамог Дзмітры «Вінс» Шчэрба, які калісьці граў у гурце «КальЯн». Ён таксама ўзяў удзел у запісе песні ў якасці сола-гітарыста.


Фота Вольгі Куваевай, Tuzin. fm

Гурт «Палац» дапрацаваў кампазіцыю з свайго боку, расклаў яе на галасы ды інструменты. Алег Хаменка кажа, што яму адразу ж спадабаўся самы першы дэма-накід, зроблены на акустычнай гітары — узрушыў глыбокі верш ды простыя і ў той жа час правільныя ў ягоным разуменні гармоніі.

— Мы нічога не дадавалі, проста сыгралі твор, як лягло, на рэпетыцыі. Шкада, што як след не атрымалася зрэпетавацца, бо Алесь у Горадні, а мы ў Менску, асноўныя моманты прагаварылі па тэлефоне і сустрэліся ўжо толькі на запісе. Месцамі недакладна заспяваў тэкст, але ж выйшла вельмі прыгожа, я лічу. Вельмі хочам надалей зрабіць студыйную фанаграму гэтага твору, — кажа лідар «Палаца».

Песня «Каляды» была запісаная для праекту «Новае пакаленне на Новы год».

Каляды. Гэты час, як вадаспад,

Які ня ў дол спадае, а ў нябёсы,

Змываючы халодных зораў россып,

I поўнi бляск, i шэры далягляд.

Віншую Бога. Адплывае страх

Перад жыццём самотным i цвярозым.

I хочацца iсцi не па дарозе,

А бегчы напрасткi, па камянях,

Каляды!

Па белай рачулцы ранка

Плывуць самаходы.

Падае снег.

Каляды!

Ныраю ў аблокі,

Абліты срэбрам аргана

Падаю ўверх.

Праз гэты снег і быць як ён — святым

І светлым, нібы першае прычасце,

І адчуваць на сэрцы толькі шчасце,

І не зважаць на ўласныя сляды.

Каляды!

Па белай рачулцы ранка

Плывуць самаходы.

Падае снег.

Каляды!

Ныраем ў аблокі,

Аблітыя срэбрам аргана

Падаем уверх.

←Гайд для домоседов с новогодним настроением и в духе Рождества

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика