Пачынаюцца Каляды. Як у Дукоры аднаўляецца традыцыйны тэатр
Непадалёк ад Мінска, у Дукорскім маёнтку творчы калектыў сядзібы рэканструяваў традыцыйную беларускую батлейку. У старадаўняй шафе, ахвяраванай дзеля справы дырэктарам мясцовага музея Змітром Сасноўскім паўстаў чатырохярусны лялечны тэатр з пеклам, зямлёю і нябёсамі. Усё дзеля таго, каб распавесці гасцям гісторыю нараджэння Ісуса Хрыста - свята, якое ўжо сёння са з’яўлення першай зоркі на небе, пачнуць адзначаць каталікі.
Імпрэза максімальна аўтэнтычная, гукавы рад забяспечваюць сапраўдныя гуслі, колавая ліра, жалейка, акарына і дуда. А паказ распрачынаецца з супольнай малітвы, да якой вельмі прыязна ставяцца і дзеці, і дарослыя. Хаця малыя часам дазваляюць сабе вельмі свавольныя каментары пра дзею.
Батлейка — гэта не проста тэатр, а тэатр, галоўнай пастаноўкай якога быў спектакль «Цар Ірад» ці «Бэтлеем», які і даў назву цэламу тэатру. Дазнацца пра гісторыю нараджэння Хрыста прыязджаюць цэлымі групамі, на ўвесь час Калядаў, якія працягнуцца і ў першую дэкаду студзеня, квіткі раскупленыя. За дзень бывае і сем паказаў. І калі баечнік мусіць даць рады і з аповедам, і з музычнымі інструментамі, то лялечніца і мастачка музея ў Дукорскім маёнтку Вольга Верашчака, па словах калегі па спектаклі Змітра Сасноўскага, пераўтвараецца ў васьмінога. Вольга кіруе ўсімі цацкамі на двух узроўянх, дэкарацыямі і святлом.
Тэатр адноўлены не дзеля таго, каб быць сезонным і паказваць толькі традыцыйны калядны спектакль. Увесну на Масленіцу наведнікі змогуць пабачыць прэм’еру іншай пастаноўкі.