Пра Пазняка да БНФ, забойства за мову і пошук той адзінай: пяць сенсацый з дзённіка Караткевіча
25 лістапада Уладзіміру Караткевічу споўнілася б 85 год. Да гэтай нагоды TUT.BY прачытаў невядомыя раней дзённікі пісьменніка, упершыню апублікаваныя ў літаратурным часопісе «Дзеяслоў», і деведаўся, чаму Рыгор Барадулін не пусціў Уладзіміра Сямёнавіча на экватар і як Караткевіч ледзь не стаў удзельнікам халоднай вайны. Як аўтар «Дзікага палявання караля Стаха» разам з Янкам Брылём ратаваўся ад ядзернага выбуху. Калі адбылося знаёмства пісьменніка з палітыкам Зянонам Пазняком.
Будучы класік беларускай літаратуры рабіў запісы з чэрвеня 1965-га да мая 1966 года, падчас працы над раманам «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і аповесцю «Чазенія».
«Лепш хадзіць у трусах, тапачках і чахле на галаве, лавіць акул»
У літаратурным асяроддзі ходзіць легенда, як Уладзімір Караткевіч трапіў на Далёкі Усход. Як сцвярджае літаратуразнаўца Адам Мальдзіс, неяк вечарам у Караткевіча сабраліся паэты Рыгор Барадулін і Генадзь Кляўко. Дзеля жарту яны пазванілі пісьменніку Мікалаю Аляксееву, які займаўся ваенна-шэфскімі справам, і папрасілі закінуць іх як мага далей у камандзіроўку: «Хоць на Чукотку, хоць на Камчатку». Той абяцаў нешта прыдумаць. Праз месяц, калі ўсе забыліся пра той званок, прыйшлі павесткі на зборы ў «Боевую вахту» — штодзённую газету Ціхаакіянскага флоту.
Знаходзячыся ва Уладзівастоку, Караткевіч ледзь не трапіў на экватар. 24 жніўня 1965 года тройка беларусаў разам з рэдактарам газеты трапіла да контр-адмірала Стральцова, аднаго з кіраўнікоў Ціхаакіянскага флоту.
— Прапанаваў ён дваім ісці на крэйсеры і мінаносцы на вучэнні за экватар, — запісаў у дзённіку Караткевіч. — Як мінеш Карэйскі праліў, увесь час борт у борт амерыканскія караблі, а над галавой самалёты. Я загарэўся, але, бачу, хлопцы, не хочуць. Тады адмовіліся — маўляў, на працу трэба.
Праз пэўны час сябры пасварыліся, і Караткевіч пашкадаваў, што адмовіўся. — Палову дня не размаўляем. Кудысьці хадзілі раніцай (можа, дамаўляцца аб машыне), кудысьці цяпер (можа, на радыё). Не клічуць — і я не йду. (…). Ну, і хрэн з імі, урэшце! Сёння шкадую, што адмовіўся ад В'етнама. Можа, яшчэ і не позна. Калі так, заўтра пайду па грошы і пагавару. Лепш хадзіць у трусах, тапачках і чахле на галаве, лавіць акул і бачыць бамбардзіроўшчыкі, чым ехаць у запаведнік (…).
«А над гарызонтам вырастаюць вяршыні хмар, падобныя на шапкі атамных грыбоў»
На падставе ўражанняў ад паездкі на Далёкі Усход была напісана аповесць «Чазенія». Менавіта яна (а не больш папулярныя ў Беларусі «Каласы пад сярпом тваім» або «Дзікае паляванне караля Стаха») прынеслі Караткевічу папулярнасць у СССР. Пасля таго, як аповесць пераклалі на рускую мову і апублікавалі ў Маскве, пісьменніка літаральна завалілі чытацкімі лістамі. Між тым, Караткевіч пачаўся пісаць «Чазенію» толькі пасля таго, як стаў сведкам ядзернага выбуху. На шчасце, толькі ў сне.
19 красавіка 1966 года Уладзімір Сямёнавіч зрабіў у дзённіку наступны запіс:
— Уначы (…) адзін з самых страшных сноў у маім жыцці. (…). Нібыта мы бяжым з Янкам Брылём ад нейкай страшнай небяспекі. Неба ўсё чорнае, нізкае, і ўрыўкі хмар нам насустрач (…). Але ўцякаем мы не таму, што небяспека для нас. Яна для ўсіх, і мы ад яе бяжым і дзеля таго, каб папярэдзіць людзей, якія сядзяць у нейкім змрочным будынку, падобным адначасова і на палац, і на замак. Там група людзей, і сярод іх жанчына, якая мне тое, што называецца «даражэй за ўсё». Бяжым. Бачу сябе і яго — з боку. Ведаю: уцячэм, папярэдзім, усе схаваюцца ў падпол — і, можа, выжывуць. А над гарызонтам, паступова-паступова, яшчэ чарнейшыя, чым неба, вырастаюць вяршыні хмар, падобныя на шапкі атамных грыбоў.
Дабеглі. Кідаюся туды-сюды — няма. І раптам крык, і якраз у той момант, калі пікі хмар выраслі на палову неба — усе на нас. (…). І тут расселася рваным палотнішчам неба, і адтуль, пункцірамі, чорнае ў зямлю. А пасля, як чорныя сляды трасірных куль, як чорныя падучыя зоркі, і цэнтр, адкуль яны лятуць, — проста перад намі, нібы глядзіць на нас. Устае нешта такое, чаму няма, апакаліптычнае. І нібыта коннікі і языкі, а мы бачым чорныя сляды і ведаем, што тых слядоў, якія цягнуцца да нас, мы не ўбачым. (…).
Як толькі Караткевіч прачнуўся, ён зразумеў, што гэта і ёсць пачатак «Чазеніі»: «Доўгачаканы, той, які так доўга не даваўся ў рукі».
Мінск — «горад, чужы мне і большасці сяброў»
Шмат хто з айчынных пісьменнікаў вучыліся ў БДУ. Таму Мінск асацыяваўся ў іх з часамі маладосці. У адрозненне ад іх Караткевіч скончыў Кіеўскі ўніверсітэт, настаўнічаў ва Украіне, у Оршы, вучыўся ў Маскве. Канчаткова ён перабраўся ў беларускую сталіцу толькі ў 1963 годзе, калі яму споўнілася 33 гады. Таму ў той час пісьменнік не меў да горада асаблівых сантыментаў.
— Не хацелася ехаць чацвёртага вечарам у Мінск, — пісаў Караткевіч у дзённіку 1 лютага 1966 года. — Зноў гэты горад, чужы мне і большасці сяброў, горад, у якім многа яшчэ трэба пабудаваць, каб стаў ён, сапраўды, сэрцам. Дый ці пабудуеш яшчэ? Пакуль тое, пальму трымае Вільня. Хаця б гісторыяй, хаця б адной вежай на гары, хаця б адным ценем у Святаянскіх мурах (гаворка пра квартал, дзе быў арыштаваны Кастусь Каліноўскі.- Удакладненне TUT.BY).
Сучасная сталіца Літвы стала для Караткевіча адным з любімых гарадоў. Менавіта там адбываліся некаторыя падзеі з яго культавага рамана «Каласы пад сярпом тваім». 15 лютага 1966 года Караткевіч згадваў ў дзённіку:
— …Успомніў, як у сотую гадавіну пакарання (гаворка пра пакаранне смерцю Кастуся Каліноўскага) сядзеў на гары Гедыміна і глядзеў на горад, (…), і які быў горад у дождж. Я часам так губляю розніцу паміж сваім часам і ягоным, што страшнавата. Усё гэта неяк злілося ў адным. І успаміны, і ўяўленні аб тым, як магло быць сто год назад, і што, можа, надвор'е было такое, і сённяшні дождж (які робіць Вільню страшэнна настраёвым горадам).
Пазняк «харошы трывалы, нервовы па-добраму і чысты чалавечына»
Першая асацыяцыя, якая ўзнікае ў нашых сучаснікаў з прозвішчам «Хадановіч», — асоба паэта Андрэя Хадановіча, старшыні беларускага ПЭН-цэнтра. Але ў часы Караткевіча быў вядомы іншы Хадановіч — Ігар. У 1966-м яго, 26-гадовага, забілі за беларускую мову. 1 лютага 1966 года Караткевіч пакінуў запіс у сваім дзённіку: «Гэтая свалота, якая забіла яго, і словы яе: „Раечка, подожди, я тут одного пшека научу говорить по-русски“ стаяць у вушах. І вось свалоце, забойцу дадуць максімум восем гадоў, а чалавеку, які абяцаў вырасці ў неабыякога празаіка, — магіла». Успамінаючы той дзень, пісьменнік пісаў:
— Адно ведаю: дня таго, чорнага, гэтага твару на марозе, забінтаванага ўсяго, літасці гэтай менавіта да таго, да каго не трэба, слёз матчыных — гэтага я не забуду. Гэтага я ім, свалоце, патэнцыяльным фашыстам, гэтага я ім не забуду.
У сваім запісу пра пахаванне Ігара Хадановіча Караткевіч пазначае: «Ішлі з Зянонам». Гаворка пра Зянона Пазняка, будучага лідара БНФ, а тады студэнта мастацтвазнаўчага аддзялення Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Крыху ніжэй у дзённіку з'яўляецца наступны запіс:
— У нядзелю, 9-га, прыйшоў да мяне Зянон. Хадзілі па вуліцах, шмат гаварылі. Харошы трывалы, нервовы па-добраму і чысты чалавечына.
Як высветлілася, Караткевіч і Пазняк былі знаёмыя яшчэ раней. У кабінеце пісьменніка стаяў партрэт Кастуся Каліноўскага. На яго адвароце сваякі нядаўна знайшлі каліграфію Пазняка: «Уладзімеру Караткевічу. Няхай Тваё жыццё будзе вартым Ягонай смерці. З.П. 26. ХІ.65. Мінск».
«І яшчэ жаданне адшукаць і знайсці тую адзіную жанчыну»
Час, калі Караткевіч пісаў свой дзённік, быў для яго няпростымі ў асабістым плане. У нечым ён працягвае жыць мінулым. Так, у пачатку 1960-х ён перажыў яркі раман з Нінай Молевай, сваёй выкладчыцай на Вышэйшых літаратурных курсах. Але Молева так і не сышла ад свайго мужа, мастака Элія Бялюціна. Не дзіва, што асоба апошняга выклікала у Караткевіча суцэльнае раздражненне. 6 мая 1965 года пісьменнік пакінуў у дзённіку наступны запіс:
— 3-га зноў навёў парадак у гасцінай і толькі сеў за вершы — прыйшоў Эдзік Курачкін (расійскі мастак, які нарадзіўся ў Рагачове). Пагаварылі аб Маскве, аб становішчы ў мастацтве, аб левых. Бял[юцін] такую незайздросную ролю грае, што страціў у большасці свой аўтарытэт, і ягоных жа вучняў даводзіцца перавучваць. Сорам увогуле".
12 лістапада Караткевіч згадвае яшчэ адно сваё мінулае каханне:
— Вечарам напісаў верш аб каравелах. Успомнілася чамусьці Навэлка Мацвеева (расійская паэтэса і бард Навэла Матвеева) з вечнай марай аб Дэльфіі, вымушаная жыць у студнях дварах. Паважаў і любіў яе вельмі, хаця яна і бзікаватая трохі.
Але найбольш песімістычны запіс з]явіўся ў дзённіку 29 жніўня 1965 года:
— Горш за ўсё, што я жыву, але не жыву так, як хачу, раблю не тое, што хачу, і ўвогуле, раблю мала, увесь час завальваю сваю ж працу з людзьмі, якія мне не дапамогуць, не сустракаю тых, каго хачу кахаць, каго пакахаю, каго чакаю шмат год.
Пане ты мой Божа! Няўжо дзеля таго, каб рабіць тую справу, дзеля якой ты створаны і якую можаш скончыць толькі ты — трэба ўцякаць у скіт ад ілжэпрыяцеляў, ілжэжанчын, ілжэлюдзей і ілжэдумак.
І, калі трэба, — дзе ён, гэты скіт? А калі проста ўцячы ў нейкую леснічоўку — як сумясціць з гэтым жаданне віруючай дзейнасці сярод сабе падобных і яшчэ жаданне адшукаць і знайсці тую адзіную жанчыну, з якой я, моцны і так, буду бязмерна моцны і — няхай нават не зусім шчаслівы, але і не сонны, не будні, не той, хто думае аб злотых і туфлях.
Да сустрэчы Уладзіміра Караткевіча са сваёй будучай жонкай Валянцінай Нікіцінай, якая адбылася ў лістападзе 1967 года, заставаліся два гады.