Апошняя воля Дзядзькі Рыгора, ці Як магутны валун "прыляцеў" верталётам МНС на магілу паэта
Чорны валун, які важыць каля 2,5 тоны, у панядзелак, 16 лістапада агульнымі намаганнямі вушацкіх уладаў, авіяцыі МНС і грамадскіх актывістаў усталявалі на месцы вечнага спачыну знанага беларускага паэта Рыгора Барадуліна. У верталёце быў і аператар TUT.BY-ТВ, які зафіксаваў увесь працэс на відэа.
«Калі б не добрая воля ўсіх удзельнікаў, не гатоўнасць бескаштоўна зрабіць гэтую важную справу, мы б і сёння маглі не зрабіць гэтай важнай справы», — кажа малады сябра сям'і паэта Глеб Лабадзенка.
Яшчэ ў 1995 годзе ў вершы «Прашэнне» Барадулін напісаў пра тое, каб на яго магіле заміж любых дарагіх ці не надта помнікаў быў усталяваны валун. Пра тое жаданне ён зноў згадаў у інтэрв'ю журналісту Сяргею Шапрану ў 2011 годзе, і калі ў 2014-м дзядзька Рыгор пайшоў у лепшы свет, стала зразумела, што апошнюю волю трэба выканаць.
У ліпені 2015-га ў вёсцы Кублічы, дзе ў мясцовай школе навучаўся сябра Барадуліна Васіль Быкаў, знайшоўся валун, які пасаваў паводле ўсіх уяўленняў. І пачалася супольная праца: выканкам дапамог у яго транспарціроўцы, у Вушачах выдзялілі пляцоўку і ўсе ўмовы для працы скульптара Ігара Засімовіча.
Жонка Валянціна разам з блізкімі мужа вырашылі, што на тым камяні мусіць быць Еўфрасіннеўскі крыж, бо сам Барадулін падкрэсліваў сваё паходжанне з Полаччыны. «У выніку помнік атрымаўся вельмі антрапамарфічным, бо крыж, нібы чалавек, абдымае валун», — кажа Глеб Лабадзенка.
А далей падключыліся мясцовыя жыхары, якія выстраіўшыся ў ланцуг ад ускрайку могілак да сярэдзіны, дзе і быў пахаваны Барадулін, перадаючы з рук у рукі, нібы мурашы, за дзень «прынеслі» 800 вёдзер цэмента, якія і склалі падмурак для помніка.
Было зразумела, што як не проста было зрабіць падмурак, яшчэ складаней будзе даставіць сам помнік-валун. І без дапамогі авіяцыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях нічога б не атрымалася. Старшыня Вушацкага выканкама Віктар Родзіч, а таксама Саюз пісьменнікаў Беларусі накіравалі ліст на імя міністра МНС Уладзіміра Вашчанкі, які даручыў кіраўніку авіяцыі Алегу Якаўлеву дапамагчы ў вялікай справе. Яшчэ на мінулым тыдні супрацоўнікі МНС былі ва Ўшачах, абвязалі валун, і ўвесь гэты час чакалі лётнага надвор’я. І пры вылеце з Мінска яно было больш спрыяльным, чым на месцы. Праз тое валун праляцеў да месца каля 500 метраў, памочнік пілота, фактычна высунуўшыся з кабіны, кіраваў спускам помніка на зямлю.
«Гэта вялікае шчасце, што ўсе гэтыя людзі, якія спрычыніліся, разумелі важнасць справы, якую мы робім разам. Рабілі ўсё вельмі сумленна і шчыра, і ніхто не ўзяў грошай, бо іначай усталяванне адклалася б яшчэ на год ці болей. Я шчыра ўдзячны ўсім», — кажа Глеб Лабадзенка.
Беларускі партал TUT.BY далучаецца да падзякі скульптару Ігару Засімовічу, фотамастаку Сяргею Плыткевічу, журналісту Сяргею Шапрану, архітэктару Вадзіму Пракопчыку, старшыні Ушацкага райвыканкама Віктару Родзічу, дырэктару УКБ Ушацкага раёна Аляксандру Лосеву, Міністру па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Уладзіміру Вашчанку, кіраўніку Авіяцыі МНС палкоўніку Алегу Якаўлеву, першаму намесніку кіраўніка Авіяцыі МНС палкоўніку Тадэвушу Курсевічу, а таксама ўсім ратаўнікам, якія бралі ўдзел у аперацыі.