Віцебскія лялечнікі адзначаць юбілей Караткевіча тэматычнай выставай і спектаклямі
Беларускі тэатр «Лялька» у Віцебску першым у горадзе адзначыць 85-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Сёння тут адкрылася тэматычная выстава і пройдзе спектакль па творы пісьменніка.

Гледачы ўбачаць спектакль-фантазію «Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў». Яна пераносіць у сярэднявечча, калі па Беларусі падарожнічалі вольныя музыкі. Лепшы з песняроў нагадваў людзям пра адданасць Радзіме. Па матывах твораў Караткевіча ў «Ляльцы» пастаўлены яшчэ два спектаклі: «Забыты скарб» і «Ладдзя роспачы».
Перад пачаткам спектакля адбудзецца вернісаж. У экспазіцыю ўвайшлі працы Міхаіла Ляўковіча, Уладзіміра Вальнова, Вікенція Ральцэвіча, Святланы Баранкоўскай, Вячаслава Шайнурава і іншых мастакоў.
Адзін з твораў на выставе — досыць смелы. Гэта выява прыўкраснай напаўаголенай ваяркі з мячом на фоне гор і вялікага партрэта Караткевіча. Аўтар карціны — Вячаслаў Шайнураў.

Выстава будзе працаваць у фае «Лялькi» да 27 лістапада. А напярэдадні, 26 лістапада, у дзень нараджэння Уладзіміра Караткевіча, у тэатры пакажуць спектакль «Ладдзя роспачы».