Юбілеі Броўкі і Агінскага на "Мове TUT": святкуйма разам ужо заўтра
Сёлета спаўняецца 110 год з дня нараджэння знанага беларускага паэта Пятруся Броўкі і 250 год кампазітару, дзяржаўнаму і вайсковаму дзеячу Міхалу Клеафасу Агінскаму. На чарговай сустрэчы клуба аматараў беларускамоўнай камунікацыі «Мова TUT» у аўторак, 13 кастрычніка адсвяткуем разам.
Гасцямі сустрэчы стануць супрацоўніцы музея Пятруся Броўкі - малодшы навуковы супрацоўнік Ліна Мядзведзева, навуковы супрацоўнік Наста Дашкевіч, загадчыца музея Наталля Мізон, дагледчык фондаў музея Вольга Іванова. А таксама прадусар праекта «250», прымеркаванага да юбілея Агінскага, Андрэй Ісачэнка, рэжысёр Максім Сіры, які зняў дакументальную стужку для праекта, паэт і музыка Алесь Плотка і Вольга Мжэльская. На завяршэнне сустрэчы да нас далучыцца спявак Зміцер Вайцюшкевіч, ці не самы слынны выканаўца «Паланэза» Агінскага ў сучаснай Беларусі. Менавіта разам з ім і навучымся спяваць адзін з неафіцыйных гімнаў Бацькаўшчыны.
Пачатак сустрэчы — а 19й. Месца — Галерэя TUT.BY (ст.м. Міхалова, праспект Дзяржынскага, 57, 9 паверх). Уваход — вольны.
Мы радыя паведаміць, што ўноў запрашаем бацькоў з дзеткамі, спецыялісты сямейнага клуба Global Child будуць апекавацца дзеткамі, пакуль дарослыя будуць занятыя. Каманда праекта «Знайдзі сваіх» запросіць для баўлення часу за беларускімі настолкамі. Далучайцеся, сумна ня будзе!
Дзеткамі ўдзельнікаў сустрэчы будуць апекавацца выхавацелі сямейнага клуба Global Child.
Міжнародны дзіцячы адукацыйны Клуб Global Child прапануе якасную і сучасную адукацыю. Праграмы Клуба адаптаваныя да патрэбаў 21-га стагоддзя і дазваляюць правільна сфарміраваць асобу дзіцяці. Сучасныя матэрыялы і крыніцы інфармацыі, пільна адабраны калектыў выкладчыкаў, а таксама методыкі, распрацаваныя на падставе лепшых сусветных праграм адукацыі. |