У абмялелых рэках на Палессі знаходзяць старажытныя экспанаты

Источник материала:  
14.09.2015 08:20 — Новости Культуры

Анамальная засуха ў гэтым годзе прывяла да абмялення рэк, на дне якіх захоўваецца нямала гістарычных артэфактаў. Напрыклад, у рацэ Прыпяць на Піншчыне і ў рацэ Гарынь на Століншчыне купальшчыкі знайшлі старыя чаўны: іх больш за сто гадоў таму назад зрабілі жыхары прырэчных вёсак.


«Пінскаму» чаўну больш за 150 год

«Лодку вымыла на рацэ Прыпяць ля вёскі Сачковічы Пінскага раёна. Яе на сярэдзіне ракі знайшлі мясцовыя жыхары, выцягнулі на бераг і паведамілі нам пра знаходку. Праўда, калі мы прыехалі яе забіраць, лодкі на беразе не аказалася: нехта спіхнуў яе назад у ваду. Таму нам давялося даставаць яе зноў. На жаль, кавалкі керамікі, якія таксама людзі знайшлі непадалёку, нам не дасталіся: іх нехта забраў ці выкінуў», — распавёў навуковы супрацоўнік музея Беларускага Палесся Валянцін Чорненькі.

Човен выдзеўблі са ствала дрэва. Ён вельмі добра захаваўся, пашкоджаны толькі нос і карма. Яго даўжыня — 4 м 70 см, таўшчыня бартоў - 2 см, днішча — 2,5 см. Драўніна мяккая, хутчэй за ўсё, гэта вяз ці ліпа. Човен падобны на індыйскую пірогу, разлічаны на двух чалавек і прымяняўся, хутчэй за ўсё, для лоўлі рыбы, бо перавозіць грузы на ім было б не зручна.

«Магу з упэўненасцю сказаць, што лодка вельмі старая: такіх ужо больш стагоддзя на Палессі ніхто не робіць. Справа ў тым, што, як толькі на тэрыторыі Беларусі з’явіліся піларамы, змянілася тэхналогія вырабу лодак: іх сталі рабіць з дошак. Таму мяркую, што гэты экзэмпляр зроблены ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя», — адзначыў Валянцін Чорненькі.

Зараз лодка знаходзіцца ў падвале музея. Галоўная задача супрацоўнікаў - захаваць знаходку, бо дрэва высыхае і робіцца крохкім. Таму для кансервацыі яе будуць прапітваць спецыяльнымі рэчывамі. І хутка яна зойме дастойнае месца ў экспазіцыі музея Беларускага Палесся, бо такога экспаната дагэтуль тут не было.

«Столінскі» човен, магчыма, равеснік «пінскага»

Такога экспаната да нядаўняга часу не было і ў Столінскім раённым краязнаўчым музеі. Але, амаль адначасова з пінскім, у фонд музея трапіў цікавы экспанат: двухмесны човен. Некалькі год таму падобная знаходка ўжо была на Століншчыне: у Гарыні знайшлі аднамесную лодку.


Як паведаміла карэспандэнту Медыя-Палесся дырэктар Столінскага раённага краязнаўчага музея Святлана Вярэніч, човен знайшлі дзеці, якія купаліся ў рацэ Гарынь, непадалёку ад Беражнога. Хлопцы расказалі аб знаходцы аднавяскоўцу-краязнаўцу Фёдару Бышко, які адразу перадаў навіну ў музей.

«Дзесяцікласснікі Аляксандр Германовіч, Васіль Уродніч, Максім Зіноўчык спрабавалі самі яго выцягнуць, аднак усё закончылася няўдачай, бо човен амаль цалкам быў замыты пяском, — расказвае Святлана Вярэніч. — Па дапамогу мы звярнуліся да начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандра Мінчыка. Дзякуючы яму і спецыялістам аддзела, човен паспяхова паднялі на паверхню. Дзякуй усім, хто дапамог дастаць з ракі і перавезці ў музей гэту знаходку».

Човен быў уваткнуты носам ў зямлю прыкладна пад вуглом 70−80 градусаў. Зроблены ён таксама са ствала аднаго дрэва. Супрацоўнік музея Аляксей Вярэніч мяркуе, што гэта, хутчэй за ўсё, дуб. Па словах спецыялістаў, на першы погляд, гэтаму чоўну не менш за 150−200 год. Прыкладная даўжыня чоўна — 4 м, шырыня чоўна — 70 см, таўшчыня сцяны — 2,8 см; таўшчыня днішча: нос — 5 см, карма — 8 см.

Човен выкарыстоўваўся для рыбалкі, для перамяшчэння па мясцовасці ў час павадку.

У цэлым, у чоўна пашкоджаны нос і карма, дзе-нідзе ў сценках выпалі сучкі, з’явіліся трэшчыны.

Разам з чоўнам з вады дасталі якар. Час адклаў на яго выгляд свой адбітак, але гэта не перашкаджае добра разгледзець яго і ўявіць, якім ён быў некалі.


«Агульныя намаганні ўсіх неабыякавых да гісторыі свайго краю людзей дапамаглі захаваць гэты ўнікальны экспанат, які з цягам часу ўпрыгожыць экспазіцыю раённага краязнаўчага музея», — дадала Святлана Вярэніч.

Што датычыцца Лунінеччыны, то, як адзначыла дырэктар Лунінецкага раённага краязнаўчага музея Наталля Благадарова, у апошнія гады ў рэках, што працякаюць па тэрыторыі раёна, такіх знаходак не было.

←«Киношок» откроется скандальным белорусско-американским фильмом «Мы, братья» (видео)

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика