Адначасова ў Варшаве, Кракаве і Мінску адбудзецца Bulbamovie 2015
Да 25 верасня можна дасылаць заяўкі для ўдзелу ў IV конкурсе ў рамках V Варшаўскага Фестывалю Беларускага Кіно «Bulbamovie 2015».
У гэтым годзе фестываль адбудзецца адначасова ў Варшаве, Кракаве і Мінску ў кастрычнiку. Раней паведамлялася, што сёлета фестываль праходзiць не будзе, таму што арганiзатары не атрымали фiнансавання. Але, паводле дырэктара фестывалю Януша Гаўрылюка, «дзякуючы адсутнасці датацыіі, наша каманда зноў стала бадзёрая і свежая». «Адсутнасць грошаў стала сваеасаблiвай праверкай каманды, якая 4 гады працавала па стварэнню фестываля, — адзначыў Януш Гаўрылюк. — Ніхто не адказаўся, працуем далей».
Нягледзячы на фiнансавыя цяжкасцi, арганiзатары знайшлiмагчымасць, каб пераможцы фестывалю атрымалi, як i раней, грашовыя прызы. Таксама будзе ўручаны спецыяльны прыз за лепшы гук ад студыіі Женi Рогозiна.
У праграме фестывалю апрача конкурсных фільмаў таксама адбудзецца прэм’ера агульнабеларускага праекту «Хранатоп» — гэта шэраг кароткіх эцюдаў розных рэжысёраў, якія раскрываюць «свет беларускай душы». Дарэчы, адна з навелаў праекту «Хранатоп» была ўзнагароджана на польскім фестывалі «Sensacyjne Lato Filmów w Kołobrzegu». А сам праект ў вераснi будзе прадстаўлены на расейскім фестывалі «Киношок».
Да ўдзелу прымаецца мастацкае i дакументальнае кiно. Заяўкі дасылайце на эл. адрас bulbamovie@gmail.com.