Фіналісты "Заспявай 2.0" Symphorine выступяць разам з Leibonik
28.07.2015 11:28
—
Новости Культуры
![](http://www.21.by/pub/news/2015/07/1438073071675683.jpg)
Гурт Symphorine удзельнічаў у конкурсе "Заспявай 2.0" адразу ў дзвюх намінацыях. У намінацыі "Паэзія" яны прадставілі песню "Наперад" на верш Віктара Лупасіна, якая аказалася першай аўтарскай кампазіцыяй каманды. А на "Кавер" была пададзена свая версія песні Лявона Вольскага "Госці", дзякуючы якой музыкі і прайшлі ў фінал конкурсу.
У Symphorine уваходзяць прафесійныя музыкі, лаўрэаты разнастайных міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў. Узрост музыкаў 22-26 год. Спецыялізуюцца яны якраз на выкананнях сусветных кавераў ва ўласных аранжыроўках. Стаўку робяць на скрыпку і віяланчэль разам з яркімі галасамі салістак Марыны Вярэніч і Ганны Дашкевіч пад акампанімэнт кантрабаса, клавішных і ўдарных. Дзяўчыны сведчаць, што іх выступ нікога не пакідае абыякавым.
Нікога ніколі не пакідае абыякавым і Сяргей Башлыкевіч, які разам з сваім гуртом Leibonik летась атрымаў прэмію "Героі году" у намінацыі "Дэбют". 31 ліпеня музыкі сыграюць сэт з сваіх найлепшых песень. Башлыкевіч мае багата ўласных кампазіцый, але таксама вельмі любіць граць каверы, прычым адаптуе іх пад беларускія рэаліі. Пэўна галоўны хіт Leibonik – песня "О Купала" ёсць пераасэнсаваннем знакамітага поп-гіта "Rock Me Amadeus" Falco.
Па выніку летніх канцэртаў маладых выканаўцаў будуць вызначаныя пераможцы конкурсу "Заспявай 2.0", які праводзіць партал Tuzin.fm і фонд "Вяртанне" пры падтрымцы кампаніі "Будзьма беларусамі!". Прызавы фонд конкурсу складае 1 тыс еўра.