На фінальнай сустрэчы Мова TUT адбудзецца прэзентацыя дыска спеваў беларускага Палесся
14.05.2015 16:15
—
Новости Культуры


Матэрыялы для дыску збіраліся збольшага праз уласныя этнаграфічныя экспедыцыі з 2006 года самімі выканаўцамі і аўтарамі вакальна-музычнага праекту “Дарожанька”. Асноўная мэта – падтрымка і папулярызацыя манеры спеву без апрацовак, з захаваннем каларыту дыялектычных і фанетычных асаблівасцяў беларускіх паўднёвых гаворак.
Госці прэзентацыі змогуць паслухаць спевы і музыку беларускага Палесся наўпрост ў Мінску, пачуць гісторыі пошуку песняў. Сустракаць і праважаць гасцей прэзентацыі дыску “Дарожанька” будзе мінская фальклорная капэля “На таку” (кіраўнік Аляксей Крукоўскі).
Сам па сабе дыск з’яўляецца выдатным набыткам і добрым падарункам беларускім альбо замежным сябрам, з фотаальбомам з відамі Палесся, з партрэтамі жыхароў Палесскіх вёсак, ад якіх былі пераняты песні для кружэлкі, з тэкстамі песень англамоўнымі анатацыямі.
Наступная сустрэча клуба "Мова TUT" адбудзецца ў сераду, 20 траўня, а 19-й гадзіне па адрасе праспект Дзяржынскага, 57, 9 паверх, Галерэя TUT.BY. Уваход вольны!
