Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі: інтэрнэт нам не канкурэнт, а памочнік

Источник материала:  
18.04.2015 16:37 — Новости Культуры
Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі распавёў, чаму на абнаўленне партала бібліятэкі выдзялілі 200 тысяч долараў, што ён думае пра навабуды, за якімі ўжо нябачна будынку "алмаза" і ці былі спробы скрасці кнігі.


Фото: БелаПАН
 
Раман Матульскі. Нарадзіўся ў Львоўскай вобласці ў 1961 годзе. Бібліятэкарам вырашыў стаць па прыкладзе бацькі. У 1979 годзе скончыў бібліятэчнае аддзяленне Самборскай культурна-асветніцкай вучэльні, у 1983-м - Мінскі інстытут культуры. Да паступлення ў інстытут не ведаў беларускую мову, але паспяхова яе вывучыў. Пачынаў працу ў Ленінскай бібліятэцы, пасля вярнуўся ў родны інстытут, дзе дайшоў да пасады дэкана факультэта. З 2003 года - дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Доктар педагагічных навук (2003), прафесар (2006). Жанаты, мае двух дзяцей.

"Спецыялісты лічаць, што 200 тысяч долараў на партал бібліятэкі - невялікая сума"

- Раман Сцяпанавіч, нядаўна з"явілася інфармацыя пра тое, што ў Нацыянальнай бібліятэкі будзе абноўлены сайт. Яго распрацоўка каштуе каля 200 тысяч долараў. Гэта сума ўсіх здзівіла. Вы не маглі б патлумачыць, чаму праект каштуе так шмат?
 
- Інфармацыя ад самага пачатку падавалася некарэктна. Гаворка ідзе не пра змену сайта, а пра змену ўсяго парталу, які ахоплівае некалькі інфармацыйных сэрвісаў. У інтэрнэце шмат тых, хто гатовы крытычна выказацца па любым пытанні. Гэта добра, у нас дэмакратычная краіна. Але трэба ўсё ж звяртацца да спецыялістаў. Дык вось гучалі меркаванні, што гэта невялікая сума за такі аб"ём працы. Нават у каментарах гучала, што гэта ўсяго толькі кватэра ў Мінску.
 
- Трэба сказаць, нядрэнная кватэра ў Мінску…
 
- А як вы асабіста лічыце: інфармацыйны рэсурс, які прадстаўляе краіну на ўвесь свет, колькі можа каштаваць?
 
- Залежыць ад таго, што гэта за рэсурс і якія магчымасці ён будзе прадстаўляць карыстальнікам.
 
- Справа ў тым, што ўвесь комплекс інфармацыйна-тэхналагічных сістэм ствараўся, калі пачыналася будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі, а гэта было больш, чым 10 год таму. Тое, што тады здавалася прарывам, за гэты час састарэла. Ніхто з нас не карыстаецца мабільным тэлефонам ці камп"ютэрам, якому 10 гадоў, таму і краіна павінна выглядаць адпаведна. Што павінна быць на партале? Вельмі складаныя рэчы. Напрыклад, электронны каталог. Гэта прыкладна 4,5 млн бібліяграфічных запісаў, кожны з якіх мае прыкладна 100 палёў. На партале таксама працуе зводны электронны каталог ўсіх бібіліятэк краіны, электронная дастаўка. Карыстальнік з Беларусі і іншай краіны можа замовіць пэўную літаратуру і пасля онлайн-аплаты атрымаць тэкст у электронным выглядзе. У нас шмат сэрвісаў, я пералічыў толькі некаторыя.
 
- Ці ёсць ўжо заяўкі ад распрацоўшчыкаў?
 
- Пра заяўкі стане вядома пасля 28 красавіка. Але я ведаю, што зацікаўленасць ёсць. У мяне была размова з замежнай кампаніяй, якая разглядае гэта найперш як іміджавую працу. Яны гатовыя нават працаваць "па нулях", каб даказаць, што гатовыя рэалізаваць складаны праект. Спадзяемся, што беларускія кампаніі таксама падключацца. Усё ж партал будзе прадстаўляць краіну ва ўсім свеце.
 
- Удакладню: грошы на праект выдзяляюцца з бюджэта?

- Вядома ж.
 
- Ці доўга вам давялося чакаць фінансавання? У краіне зараз складаная фінансавая сітуацыя. І на культуры, здаецца, эканомяць найбольш.
 
- Гэта сродкі дзяржаўнай праграмы "Культура". Мы чакалі, што сродкі будуць выдзеленыя крыху раней. Атрымалі іх зараз. І гэта далёка не ўсё, што нам трэба зрабіць, каб мы адпавядалі сусветнаму ўзроўню развіцця.
 
 

 

"Інтэрнэт не канкурэнт для сучаснай бібліятэкі"

- Некалькі месяцаў таму бібліятэкары з Гродзенскай вобласці звярнуліся з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі. Яны скардзіліся на нізкія заробкі - супрацоўніца з вышэйшай адукацыяй і стажам 30 год атрымлівае ўсяго 2,6 млн рублёў у месяц…

- Пра адкрыты ліст не ведаю, але дыскусія такая вядзецца даўно. Калі паглядзець на рэйтынг Міністэрства працы па сярэдніх заробках, то бібліятэкары, на жаль, у канцы гэтага спісу, побач з сацыяльнымі работнікамі. Былі часы, калі заробкі ў іх былі на адным ўзроўні з выкладчыкамі. Гэта адлюстроўвае ўзровень развіцця нашага грамадства. Шкада, што людзі, якія працуюць з жалезам, зарабляюць больш, чым людзі, якія працуюць з людзьмі. І я не толькі бібліятэкараў маю на ўвазе. У Еўропе нашы калегі лічацца сярэднім класам.
 

Фото: БелаПАН

- Мяне здзівіла, што на адным з папулярных сайтаў чытачы пісалі, маўляў, і правільна, нават два з паловай мільёны для бібліятэкараў зашмат. Ледзь не дармаедамі іх называлі: ад прыбіральшчыцы карысць ёсць — яна чысціню наводзіць, а якая карысць ад бібліятэкаркі, якая цэлы дзень сядзіць і дэтэктывы чытае. Такіх водгукаў было даволі шмат. Гэта значыць, што пэўная частка грамадства, прычым прагрэсіўнага, сапраўды так думае. Што бы вы адказалі гэтым каментатарам?

- Мне часам падаецца, што ў людзей, якія пішуць каментары на самых розных рэсурсах, вельмі шмат вольнага часу. І яны мне вельмі нагадваюць бабулек, якія сядзяць каля пад"езда і цэлы дзень пра штосьці размаўляюць. Пра што яны гавораць? Ці гучыць там нешта слушнае? Таму я не думаю, што пералічаныя вамі меркаванні можна аднесці да прагрэсіўных. Так думае пэўная частка грамадства, але не ўсе.

- Тыя, хто так думаюць, наогул не разумеюць, навошта нам сёння бібліятэкі.

- Гэта тое самае, што спытаць, а навошта нам самалёты? Дарагія, падаюць, але дазваляюць хутка пераадольваць адлегласці.Чалавек пакуль не ўмее сам лётаць, таму і вынайшлі самалёты. Так і бібліятэка — чалавеку патрэбна інфармацыя. Наш мозг не здольны захаваць і перадаць інфармацыю ў часе, не перакрывіўшы яе. Таму з"явіліся кнігі і бібліятэкі.

- Але пасля з"явіўся інтэрнэт. Наколькі гэта моцны для вас канкурэнт?

- Увогуле не канкурэнт, а сродак, які дапамагае працы і бібліятэк таксама. Меркаванне, што ўсё ёсць у інтэрнэце, нагадвае анекдот пра двух сябровак: "Дзе ты бярэш грошы? - У тумбачцы". Усё, што слушнае ёсць у інтэрнэце, з"явілася там з бібліятэк.

Не думаю, што можна сказаць пра Германію, што гэта не інфарматызаваная краіна. Але чатыры гады таму ў цэнтры Берліна Свабодны ўніверсітэт пабудаваў бібліятэку, якая працуе з 6 гадзін раніцы да 12 ночы. І ў дырэкатара ёсць толькі адна праблема - як абмежаваць уваход.

Справа ў тым, што ў Еўропе інакш пабудавана сістэма адукацыі. У нас працуе схема, што выкладчык - галоўны. Калі студэнт запісаў ягоную лекцыю, а пасля на экзамене пераказаў, ён здасць іспыт. На Захадзе ж сістэма адукацыі накіравана на самастойную працу. Прынцып такі, што чалавек павінен самастойна шукаць сваю дарогу. І каб знайсці ў гэтай сістэме веды, без бібліятэкі не абысціся. Веды патрэбны не для таго, каб проста здаць залік, а для таго, каб стаць добрым спецыялістам.


"Яшчэ ні адна краіна свету не змагла зарабіць на бібліятэцы"

- У наступным годзе будзе 10 год новаму будынку Нацыянальнай бібліятэкі. Думаю, вы памятаеце, колькі было крытычных заўвагаў, бібліятэка нават трапляла ў рэйтынгі самых выродлівых будынкаў у свеце. Але апошнім часам усё часцей даводзіцца чуць, маўляў, што гэта такое робіцца: будуюць новы жылы квартал, за якім ужо нябачна бібліятэку.

- Гэта значыць, людзі прызналі будынак бібліятэкі як аштоўнасць.

- Як вы асабіста ставіцеся да навабудаў у гэтым раёне?

- Тое, што Мінск актыўна забудоўваецца, безумоўна, станоўчы факт - горад павінен развівацца. Што датычна будынкаў, якія з"явіліся ўздоўж праспекта, і цяпер засланяюць бібліятэку, вядома ж, адмоўна. Я часта чую ад нашых замежных гасцеў нараканні, што па дарозе з аэрапорта ўжо і не бачна Нацыянальная бібліятэка. Як так атрымалася, гэта пытанне да архітэктара горада. Тэрыторыяй за межамі бібліятэкі мы не кіруем і паўплываць на гэта не можам. Хочацца верыць, што гэта была геніяльная задумка архітэктара, і калі комплекс будзе дабудаваны, наш "алмаз" на яго фоне не згубіцца.

- У цэнтры Дубліна знаходзіцца Бібліятэка Марша, якая стала сапраўдным турыстычным аб"ектам. Не толькі дзякуючы рэдкім кнігам, але і незвычайнаму аб"екту — клеткам, у якіх раней закрывалі чытачоў, каб тыя не скралі дарагія кнігі. У Нацыянальнай бібліятэцы, здаецца, вельмі высокая сістэма бяспекі - кантроль на ўваходзе, камеры ў аўдыторыях. Але ці былі выпадкі, калі кнігі знікалі?

- Такіх выпадкаў не было. Не магу сказаць, што гэта наогул немагчыма, нават банкі рабуюць. Былі адзінкавыя выпадкі, калі ў чытачоў знікалі мабільныя тэлефоны. Але ў нас працуе адлажаная сістэма бяспекі, і злодзеяў вельмі хутка затрымлівалі.

- Раней у бібліятэку часта прыязджалі міжнародныя дэлегацыі, у тым ліку прэіздэнты краін. Але пасля таго, як з"явіўся Палац незалежнасці, здаецца, усе знакавыя мерапрыемствы перамясцілі туды. Або да вас таксама прыязджаюць высокія госці?

- У нас па-ранейшаму праходзіць шмат мерапрыемстваў. Часам нават складана знайсці вольнае памяшканне, усё распісана на месяцы наперад. Але да чэмпіянату свету па хакеі пабудавалі шмат атэляў, якія прапаноўваюць правядзенне бізнэс-мерапрыемстваў, таму канкурэнцыя, вядома ж, павысілася.
 
- Бібліятэка аказвае платные паслугі. Што прыносіць найбольшы даход?

- Адразу хачу адзначыць, што яшчэ ніхто ў свеце не змог зарабіць на бібліятэцы. Гэта не бізнэс-стуктура, а інвестыцыі, якія вяртаюцца праз пакаленні. Пры гэтым мы, як вядома, аказваем пэўныя платныя паслугі. Найбольшую долю займаюць інфармацыйныя сэрвісы і арганізацыя мерапрыемстваў.

- У Беларусі зараз назіраецца абуджэнне цікавасці да нацыянальнай гісторыі і традыцыяў. Ці маглі б вы назваць некалькі кніг, якія, на ваш погляд, варта прачытаць кожнаму беларусу?

- Я лічу, што кніга - вельмі асабістая рэч. Кожны па-свойму глядзіць на сусвет, і агульнага рэцэпта быць не можа. Вось я толькі скончыў чытаць зборнік Андрэя Федарэнкі "Ціша". Нельга адарвацца: піша пра штодзённыя рэчы, але мова выдатная. Калі раіць, то я проста раю чытаць. Хтосьці кажа, маўляў, пачынаю кнігу і не магу дайсці на канца. Ну, значыць, не твой твор, не зачапіла. Але не трэба спыняцца. "Свая" кніга знойдзе кожнага чытача.
←Народному артисту Эдуарду Ханку исполнилось 75 лет

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика