Тканыя партрэты Быкава, Купалы, князя Альгерда. У Віцебску адкрылася вялікая выстава габеленаў

Источник материала:  
06.03.2015 22:13 — Новости Культуры
У віцебскім Мастацкім музеі адкрылася юбілейная выстава "Rad№0" кіраўніка абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў Святланы Баранкоўскай. Творы зроблены ў аўтарскай тэхніцы ручнога ткацтва.




У экспазіцыі - некалькі серый, створаных мастачкай у розны час. Гэта партрэты славутых дзеячоў Беларусі - Янкі Купалы, Рыгора Барадуліна, Васіля Быкава і іншых, габелены, прысвечаная гісторыі краіны, тканая азбука для дзетак, серыя "Вясёлка" і г. д. Свае габелены Святлана стварае з ільну, воўны, паперы, іншых матэрыялаў.


Святлана Баранкоўская

Мастачка так тлумачыць назву сваёй экспазіцыі. "Радно" – гэта аснова габелена. Ён складаецца з радоў: першы, трэці, сёмы… І ў тым, як радок за радком тчэцца палатно, як паступова праяўляецца малюнак, ёсць пэўная сакральнасць. А "рад нумар zero" - схаваны, патаемны, нулявы. Ён бачны толькі ўважліваму гледачу.

Святлана за сваё жыццё прымала ўдзел у безлічы выстаў і арт-праектаў на радзіме і за мяжой. "І паўсюдна творы мастачкі, апавітыя ўплывамі нацыянальных традыцый, гучаць нібыта малітва, звернутая да Уладара Сусвету, да ўсемагутнага Бога з павагай, хвалой і ўдзячнасцю, з прашэннем міласці, шчасця і волі для свайго народа і сваёй краіны", – піша мастацтвазнаўца Міхась Цыбульскі.







А сама мастачка прызнаецца:

"Люблю гісторыю сваёй зямлі, яе прымхі і забабоны, яе казкі, яе паэтаў і пісьменнікаў. Люблю думаць аб тым, што тут было ў спракаветныя часы, калі рымляне і грэкі хадзілі па Дзвіне да нарвегаў і шведаў па камень "электрон" (бурштын) на зайздрасць міжземнаморскім прыгажуням. Што тут спявалі? Што малявалі? Каму маліліся?

Перакананая, што ніводзін народ не можа быць паважаным, калі забыўся на сваю гісторыю, калі не беражэ сваю спадчыну, калі не шануе здабыткі мінулых вякоў. Таму імкнуся берагчы, шанаваць і не забывацца на ўсё, што дадзена мне лёсам і Богам, і пранесці гэты дар праз усё жыццё, не шкадуючы падзяліцца з іншымі".


Прыходзьце на выставу абавязкова! У Віцебску, дзе практычна штодзень адкрываюцца яркія і гучныя экспазіцыі, аматараў сапраўднага мастацтва ўжо цяжка чымсьці здзівіць. Але Святлане гэта ўдалося. Атрымалася выстава выстаў.







Святлана Баранкоўская перадала ў дар Мастацкаму музею пяць прац - серыю габеленаў "Альгердавым шляхам". Яны паступяць у фонд пасля закрыцця экспазіцыі.

"Rad№0" будзе экспанавацца больш за месяц. Потым частка работ пераедзе ў музей у Шаркаўшчыне.



←Флористических ангелов представят в Витебске художники из разных стран

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика