Барадуліну 80: няма помніка, няма вуліцы - ёсць памяць і кнігі

Источник материала:  
24.02.2015 14:57 — Новости Культуры
24 лютага споўнілася б 80 гадоў Рыгору Барадуліну (1935–2014). Дагэтуль у Беларусі няма ані вуліцы Барадуліна, ані ганаровай дошкі, ані помніка. Але кнігі, укладзеныя руплівымі сябрамі і прыхільнікамі, працягваюць выходзіць, моладзь ведае ягоныя вершы напамяць і спявае сабраныя ім песьні з роднай Вушаччыны.




Калісьці ў 1992-м ужо незалежная Беларусь уганаравала Рыгора Барадуліна (1935–2014) званнем "Народны паэт Беларусі". Больш за два дзясяткі гадоў таму краіна паставіла паэта ў адзін шэраг з Янкам Купалам і Якубам Коласам, Максімам Танкам і Петрусём Броўкам.

Прайшоў ужо амаль год па смерці Рыгора Барадуліна, але дзяржава пакуль не спяшаецца ўшаноўваць ягоную памяць на афіцыйным узроўні.

Журналіст Сяргей Шапран, які яшчэ пры жыцці Рыгора Барадуліна выдаў кнігу гутарак "Тры мяхі дзядзькі Рыгора", з "дзяржаўных" намаганняў згадвае толькі тое, што "Белпошта" надрукавала канверт з выявай паэта.

Сяргей Шапран: "Уладзімер Някляеў некалі слушна заўважыў, што страты яднаюць нацыю. І адной з такіх страт, безумоўна, стаўся раптоўны сыход Рыгора Барадуліна. Але мне, на жаль, нічога не вядома, каб памяць Рыгора Барадуліна неяк ушаноўвалася на дзяржаўным узроўні".

Помнік і вуліца Барадуліна

Ані помніка, ані дошкі ў гонар Барадуліна, сапраўды, няма. Акцыю "Вуліца Барадуліна" абвясціла таксама грамадская кампанія "Арт Сядзіба" разам з Таварыствам беларускай мовы. Усім ахвотным прапануюць звяртацца ў Савет міністраў з просьбай, каб у Мінску і ў родных барадулінскіх Вушачах вуліца імя паэта ўсё ж з'явілася. На сайце афіцыйных зваротаў zvarot.by пазначана, што з такой просьбай ужо звярнуліся 3844 чалавекі.

Аднак пра блізкія перамены не чуваць. На запыты Саюзу пісьменнікаў Міністэрства культуры адпісвалася тым, што ў гонар пісьменнікаў запланаваныя тэматычныя выставы.

За гэты час фантазія чыноўнікаў не пабагацела. Яшчэ пры канцы мінулага году да віцебскіх уладаў звярнуўся адзін з актыўных ініцыятараў ушанавання спадчыны Барадуліна – Глеб Лабадзенка. Ён пытаўся, як менавіта на Віцебшчыне адзначаць 80-годдзе паэта.

У спісе мерапрыемстваў, якім забяспечыла Лабадзенку Галоўнае ўпраўленьне ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, – каля двух дзясяткаў тэматычных выставаў і лекцыяў у бібліятэках Віцебску.

Барадулін у школьных праграмах і перакладах

Сяргей Шапран падказвае, што яшчэ трэба зрабіць, каб памяць пра Барадуліна была ўшанаваная годна:

"Хацелася б дачакацца не толькі поўнага, акадэмічнага Збору твораў Барадуліна, але каб у Мінску і ў родных барадулінскіх Вушачах з'явіліся вуліцы ягонага імя, каб зноў жа ў Мінску і ў Вушачах былі помнікі паэту і мемарыяльныя шыльды на тых дамах, дзе жыў дзядзька Рыгор, каб адкрыўся ягоны музей – у Мінску ці зноў жа ў Вушачах. Каб творчасць Барадуліна больш шырока вывучалася ў школах, і каб нарэшце была перагледжана школьная праграма, бо самога Барадуліна засмучала тое, якія менавіта ягоныя вершы вывучаюцца ў школе.

І апроч таго, яшчэ адно істотнае пытанне – каб паэзія Барадуліна існавала не толькі ў арыгінале, па-беларуску, але і каб яна выдавалася ў перакладах на іншыя мовы. Бо калі мы хочам, каб беларускае слова, беларуская паэзія была вядомая ва ўсім свеце, яны павінна мець адпаведныя пераклады. Між іншым, менавіта адсутнасць такіх перакладаў і сталася, мусіць, найгалоўнай прычынай таго, што Рыгор Барадулін так і не атрымаў Нобелеўскую прэмію. Безумоўна, памылку гэтую ўжо не выправіць, але ўсе мы разам здольныя зрабіць многае, каб імя Барадуліна было вядомае не толькі нам, сучаснікам паэта, але і тым, хто прыйдзе пасьля нас".

Усё гэта не толькі ў паўнамоцтвах, але ў прамых абавязках чыноўнікаў ад культуры. Пакуль што гэтую працую цалкам бяруць на сябе грамадзяне.

Памятныя імпрэзы

Глеб Лабадзенка, які ў 2013 годзе ініцыяваў унікальны праект "Лепей", у які ўвайшлі кніга вершаў, фотаальбом і дыск з запісамі Барадуліна, увогуле кажа, што менавіта памяць людзей пра "дзядзьку Рыгора" і ёсць самае галоўнае.

"На гэтым тыдні тры мерапрыемствы. На курсах "Мова Нанова" ў панядзелак занятак, прысвечаны Рыгору Барадуліну, дзе мы ўключым ягоны голас, спевы ягонай мамы, пакажам рэдкія фатаздымкі. Натуральна, будзем чытаць ягоныя вершы.

24 лютага ў дзяржаўнай філармоніі Сяржук Доўгушаў, лідэр гурта Vuraj, ладзіць таксама праграму "Песьні матчыны з Вушаччыны". Сяржук быў знаёмы з дзядзькам Рыгорам. Ён у захапленні ад гэтых вушацкіх песень, якія сабраў Барадулін. А 27-га лютага ў Палацы мастацтваў будзе прэзентацыя дзённікаў Барадуліна, якія рыхтуе даследчыца Наталля Давыдзенка. Яна каляжанка дзядзькі Рыгора, і яшчэ пры жыцці стала клапаціцца пра ягоны архіў. Пазнаходзіла дакументы, пра якія ён забыўся, дзе яны. А ва Ўшачах знайшла ягоныя дзённікі школьнай пары, калі ён яшчэ па-расейску пісаў".

"Вуліцы, помнікі і ўсё астатняе можна зрабіць заўсёды, і гэта так ці інакш будзе зроблена, – кажа Лабадзенка. – А памяць народная і любоў, якая не перарываецца, – гэта самае галоўнае".




"Бездань Барадуліна словамі не запоўніць"

Сябар Рыгора Барадуліна Ўладзімер Някляеў паэтычна выказваецца, што "бездань Барадуліна словамі не запоўніць":

"Сказаць, што памяць Рыгора Барадуліна ўшанаваная дастаткова і годна, я не магу. Гэта паэт, які нараджаецца раз на стагоддзе, а можа нават, і на ўсю гісторыю краіны. Колькі ні ўшаноўвай, усё адно бездань Барадуліна запоўніць словамі немагчыма. А вось справай можна было б. Да гэтай пары не названая ягоным імем вуліца ў Вушачах, і гэтай далей. У кожным моманце ўзнікаюць праблемы, якіх магло б не быць, калі б людзі задаваліся пытаннем: "А раптам нам за гэта нешта кепскае будзе?

Калі яны перастануць задавацца такімі пытаньнямі, а пачнуць паважаць Барадуліна, не азіраючыся на тое, што наўкол, тады і будзе тая павага, тое разуменьне паэта, якое нам патрэбнае", – заключае паэт і палітык.

Лабадзенка лічыць, што жаданне Барадуліна быць пахаваным ва Ўшачах – гэта ягоны апошні падарунак роднай зямлі. А для саміх Ушачаў ушанаванне памяці земляка – ці не адзіны шанец застацца ў кантэксце беларускай культуры не шэраговым райцэнтрам.

"Колькі разоў я за гэты год быў на магіле, там заўсёды свежыя кветкі, прыбрана. Стаяць знічкі. Відаць, што народная сцяжынка да яго не зарастае. Хоць былі трывогі, што хто ў гэтыя Вушачы будзе ездзіць, можа, лепш яго ў Минску пахаваць. Але гэта была ягоная воля. Гэтае месца ён сам сабе пакінуў побач з мамай. І вельмі добра, што гэтая воля была выкананая", – распавяде Глеб.

Дарэчы, грошы на помнік, які праз год пасля смерці плануюць усталяваць на магіле паэта ў родных Вушачах, таксама збіраюць талакой. Абвешчаны збор сродкаў на дабрачынны рахунак, які адкрыты на імя ўнучкі паэта Дамінікі Клімінай.

Лабадзенка перакананы, што ў Беларусі іншага выйсця, апроч як ушанаваць памяць Барадуліна, проста няма. І раней ці пазней гэта абавязкова адбудзецца.

"Усё ідзе натуральным чынам, – кажа Лабадзенка. – Не думаю, што нехта спадзяваўся, што за гэты год у кожным беларускім горадзе з'явіцца вуліца Барадуліна і помнік Барадуліну. Але гэта пытанне часу. Барадулін – гэта чалавек маштабу Купалы, Багдановіча. Ні ў кога няма сумневаў сёння, што паўсюль ёсць вуліцы Багадновіча, Купалы, а Барадулін заняў гэтае месца яшчэ пры жыцці.

Я б не пераймаўся, што за гэты год рэзкага ўшанавання ягонай памяці не адбылося. У нас не так шмат паэтаў і асобаў маштабу Барадуліна. Іншага шляху, апроч як ушаноўваць яго памяць, проста няма".

←Сегодня исполняется 80 лет со дня рождения Рыгора Бородулина

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика