"Рукапісы не гараць". Як знакаміты беларускі празаік Алесь Пальчэўскі жыў з верай у справядлівасць

Источник материала:  
16.01.2015 11:27 — Новости Культуры
16 студзеня спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага празаіка і драматурга Алеся Пальчэўскага.

 
Алесь Пальчэўскі. 1970-я гады


Ён нарадзіўся ля вытокаў Нёмана ў вёсцы Прусінава Мінскага павета (цяпер Уздзенскі раён Мінскай вобласці) і быў адзінаццатым дзіцём у сям"і. Бацька быў надзвычай працавітым і дзяцей з маленства прывучаў да працы. Ведаў цану друкаванага слова і намагаўся з дапамогай навукі вывесці сыноў з сялянскай беднасці. Маці была непісьменная.

Пальчэўскі ўспамінаў, что у той час з вясковых дзяцей ніхто на старане не вучыўся, а яго бацька на працягу некалькіх гадоў плаціў за навучанне ды праз кожныя два тыдні вазіў за сорак вёрст харчы ў Нясвіж старэйшым братам Івану і Юзіку, а пазней і яму ў Новы Свержань. "Светлы вобраз бацькоў я пранёс праз усе нягоды і радасці свайго жыцця. Не было ў іх ні прагнасці да багацця, ні выхваляння перад суседзямі сваім скарбам. І зусім не заўважалася зайздрасці. Дзяліліся з людзьмі апошнім", – успамінаў у сваім аўтабіяграфічным нарысе пісьменнік.

Каля бацькоўскай хаты ў вёсцы Прусінава. 1958 год

У 1913 годзе ў вёсцы адкрылася земская школа, у якой і пачаў вучыцца маленькі Алесь. Працягваў вучобу ў Вышэйшым пачатковым вучылішчы у Новым Свержані, пазней рэарганізаваным ў гімназію. У 1921 годзе, калі па мірным даговоры Расіі і Польшчы Новы Свержань апынуўся пад Польшчай, а вёска Прусінава адышла да Савецкай Беларусі, юнак вымушаны быў спыніць вучобу і вярнуцца дахаты ўжо з-за мяжы, скончыўшы тры класы гімназіі.

У 1921–1925 гадах працу на гаспадарцы Алесь Пальчэўскі спалучаў з актыўнай дзейнасцю па ліквідацыі непісьменнасці сярод аднавяскоўцаў. Ён стаў адным з арганізатараў і ўдзельнікаў вясковай самадзейнасці, займаўся падпіскай на газеты. Яго прызначылі адказным за выданне насценгазеты "Думкі селяніна".

Да гэтага перыяду можна аднесці і першыя літаратурныя крокі Пальчэўскага. Як і многія іншыя, здольныя да літаратуры хлопцы, ён спачатку спрабаваў сябе ў паэзіі – пісаў вершы ў самаробны сшытак, хаваючы іх ад людскога вока, потым былі апавяданні і замалёўкі з вясковага жыцця. Неяк асмеліўшыся, паслаў адно з іх у "Савецкую Беларусь". У адказ атрымаў пісьмо Змітрака Бядулі з адзначанымі недахопамі і парадай больш чытаць і далей працаваць на літаратурнай ніве. Першыя няўдачы не адбілі ахвоты пісаць, толькі, як успамінаў пісьменнік, "прыйшлося змяніць жанр": для вясковага драмгуртка былі напісаны аднаактавыя п"есы, якія мелі поспех у аднавяскоўцаў.


 Алесь Пальчэўскі. 1927 год

Неўтаймаванае жаданне і надалей вучыцца накіравала хлопца на рабфак БДУ, куды яго залічылі ў 1925 годзе.


Рэдкалегія насценнай газеты “Голас рабфакаўца”. Алесь Пальчэўскі сядзіць другі злева. 1927–1928 гады

У тым жа годзе на старонках газеты "Савецкая Беларусь" надрукавалі першы верш Алеся Пальчэўскага "Вёска ў радасці", а ў 1926 годзе ў часопісе "Малады араты" пад псеўданімам Ал. Вясковы – першае апавяданне "Ахвяра".


Алесь Пальчэўскі. Замалёўка “У нядзелю”. Чырвоны сейбіт. 1926 год, № 3.


Алесь Пальчэўскі. Апавяданне “Ахвяра”. Машынапіс з паясняльным запісам аўтара. 1926; 1976 гады

Пасля заканчэння рабфака Пальчэўскі паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ, дзе ў 1920-я гады вучыліся амаль усе беларускія пісьменнікі. Рабфакаўцаў прымалі без экзаменаў і праграму ўніверсітэта скарацілі на год, каб паскорыць падрыхтоўку педагагічных кадраў, якіх так нехапала маладой краіне.


Рэдкалегія насценнай газеты “Кузня асветы” педагагічнага факультэта БДУ. Алесь Пальчэўскі стаіць трэці справа. 1929 год

Але здейсніць сваю мэту – стаць настаўнікам, юнаку не ўдалося. Па заканчэнні ўніверсітэта яго накіравалі на выдавецкую работу, спачатку ў часопісы "Кааперацыя БССР" і "Шляхі калектывізацыі", потым – у дзіцячы часопіс "Іскры Ільіча". Гэта праца адбірала шмат часу, але малады літаратар, абапіраючыся на параду Кузьмы Чорнага "мець штодня пэўныя гадзіны для творчасці", заўсёды гэтага прытрымліваўся.

Дыплом аб заканчэнні літаратурна-лінгвістычнага аддзялення педагагічнага факультэта БДУ. 1931 год

У 1932 годзе асобнай кніжкай выйшла п'еса Алеся Пальчэўскага "З чырвоным сцягам", напісаная для школьнай самадзейнасці, а ў 1934 годзе – п'еса "Зломаная іголка". Таксама падрыхтаваў да друку зборнік дзіцячых апавяданняў, які так і не быў надрукаваны – загінуў у 1937 годзе.


Алесь Пальчэўскі. П’есы “З чырвоным сцягам”, “Зломаная іголка”. 1932, 1934 гады

А потым наступіў вымушаны, працяглы творчы перапынак.

Хваля рэпрэсій, што ахапіла 1930-я гады, не абмінула і маладога пісьменніка, у адначассе перакрэсліла ўсе мары і спадзяванні, скалечыла жыццё. У кастрычніку 1936 года Алеся Пальчэўскага арыштавалі, па абвінавачванні ў варожай дзейнасці і асудзілі на восем гадоў пазбаўлення волі з высылкай у папраўча-працоўны лагер у Горкаўскую вобласць. З гэтага часу, па словах пісьменніка, пачаўся "пярыяд нягод і бясконцых вандраванняў па няходжаных сцежках". Працаваў лесарубам, але нават у такіх цяжкіх, невыносных умовах ён не мог адмовіцца ад любімага занятку – у рэдкія вольныя гадзіны пісаў п'есы, якія потым ставілі на сцэне самадзейнага тэатра.


Алесь Пальчэўскі. П’есы “Встреча”, “Чужая мама”, літаратурна-музычны мантаж “Памятные дни”. Аўтограф. 1945–1946 гады

Вярнуўшыся ў 1946 годзе на радзіму, Алесь Пальчэўскі ўладкаваўся выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Пухавіцкай і Рудзенскай сярэдніх школах.


Даведка аб працы настаўнікам рускай мовы і літаратуры Рудзенскай сярэдняй школы. 1949 год

Аднак, неўзабаве, праз два гады, – новы арышт, зноў высылка, на гэты раз ужо значна далей, у Краснаярскі край.

Алесь Пальчэўскі. 1948 год

Там авалодаў прафесіяй цесляра, працаваў настаўнікам. Сябры Алеся Пальчэўскага адзначалі, што з бядою ён заўсёды змагаўся сваім аптымізмам, вераю ў добрае. У самых цяжкіх умовах заўсёды стараўся дапамагчы людзям, дзяліўся апошнім, а калі не было чым, падтрымліваў добрай парадай і ласкавым словам.


Пасведчанне Алеся Пальчэўскага (замест пашпарта). 1952 год

Там жа ў ссылцы, мабыць, як узнагароду за цяжкія выпрабаванні лёс паслаў Алесю Пальчэўскаму сустрэчу з грузінскай актрысай Тамарай Цулукідзе, для якой гэтая ссылка была ўжо другім зняволеннем. Менавіта гэта сустрэча станоўча паўплывала на іх далейшае жыццё, дапамагла пераадолець нягоды, што выпалі на долю двух сумленных, таленавітых, але несправядліва, жорстка пакрыўджаных, застаўшыхся адзінокімі людзей: на той час жонка Пальчэўскага мела ўжо другую сям'ю, а Тамара Цулукідзе страціла адзінага сына і мужа, галоўнага рэжысёра Тбілісскага тэатра імя Шота Руставелі Сандро Ахметэлі, які быў расстраляны ў 1937 годзе як ворог народа.

Алес Пальчэўскі з жонкай Тамарай Цулукідзе. 1954 год

У 1954 годзе пісьменніка рэабілітавалі.


Дакументы аб рэабілітацыі Алеся Пальчэўскага. 1947, 1952 гады

Вярнуўшыся ў Мінск у 1955 годзе, ён уладкаваўся на працу ў рэдакцыю газеты "Зорка", потым у Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі рэдактарам мастацкай літаратуры, з 1961 па 1971 год працаваў адказным сакратаром часопіса "Вясёлка".


Пасведчанне аб працы Алеся Пальчэўскага ў рэдакцыі газеты “Зорька”. 1955 год

З гэтага часу Алесь Пальчэўскі змог па-сапраўднаму аддацца творчай працы. Як адзначаў пісьменнік, дзясяткі сюжэтаў, што назапасіў за доўгі час вымушанага творчага перапынку, не давалі спакою, прасіліся на паперу.


Алесь Пальчэўскі. Верш “Нёман”. Аўтограф. 1953 год

У 1956 годзе выйшла з друку бытавая камедыя "Суседка", якая ўпершыню была паказана драмгуртком падчас высылкі ў Горкаўскую вобласць, праз два гады пабачылі свет зборнікі апавяданняў "Родныя берагі" для дарослых, "Жнівеньская раніца", гумарэскі "Разбітае люстэрка", "Мора на камені", "Былі ў маці сыны", "Запознены пасаг".


Алесь Пальчэўскі. Зборнік апавяданняў “Родныя берагі” з дарчым надпісам аўтара Уладзіміру Дубоўке і экслібрыс Алеся Пальчэўскага. 1958 год

У 1956 годзе адбылася яшчэ адна важная падзея ў жыцці Пальчэўскага – яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў.


Членскі білет Саюза пісьменнікаў СССР. 1957 год

Акрамя драматургіі і прозы ў творчым багажы Алеся Пальчэўскага асобнае месца адведзена творам для дзяцей. Ён – аўтар кніг апавяданняў "Беражанкі", "Аля і Галя", "Дым над лесам", "Аднавокі сом".


Алесь Пальчэўскі. Зборнікі апавяданняў “Беражанкі” і “Аднавокі сом”. 1958, 1974 гады

Вядомы Алесь Пальчэўскі і як перакладчык на беларускую мову твораў грузінскіх, рускіх і украінскіх пісьменнікаў. Многія яго творы таксама перакладзены на розныя мовы: рускую, украінскую, грузінскую, армянскую, казахскую.

Разважаючы пра пісьменніцкі лёс, Алесь Пальчэўскі адзначаў, што ў пісьменніка няма простых дарог: "У аднаго яны больш выкручастыя, у другога менш. Важна толькі адно, каб у яго захавалася вера ў жыццё, вера ў сваю сілу, вера ў перамогу справядлівасці".


Алесь Пальчэўскі. Апавяданні “Руфіна” і “Верны служка”. Аўтограф. 1976 год

Алесь Пальчэўскі. 1960-я гады

Ён спяшаўся паспець расказаць пра тое, што назапасіла яго душа, што ўмесціла яго вялікае сэрца. У сваёй аўтабіяграфічнай аповесці "Сцежкі", якая, на жаль, засталася няскончанай, Алесь Пальчэўскі пісаў: "Перажытое, бачанае, чутнае адно перад адным просіцца на свет, падахвочвае пісаць. І адмовіць у гэтым я не маю права, пакуль б'ецца сэрца, няхай сабе і пажылога ўжо чалавека". І надалей адзначаў, што самыя найлепшыя часіны свайго жыцця лічыў тыя, што правёў разам са сваімі героямі за пісьмовым сталом.


Алесь Пальчэўскі. Аповесць “Сцежкі”. Чарнавы аўтограф. 1970-я гады

Алеся Пальчэўскага не стала цёплым красавіцкім днём 1979 года. Пахавалі яго ў роднай вёсцы Прусінава, побач з бацькамі.

Памяць пра Алеся Пальчэўскага беражна захоўваюць яго ўдзячныя землякі: у вёсцы Прусінава на доме, дзе нарадзіўся пісьменнік, устаноўлена мемарыяльная дошка, у вёсцы Стальбоўшчына Узденскага раёна ў мясцовай школе адкрыты літаратурны музей пісьменніка, вуліца ўва Уздзе носіць яго імя.


Алесь Пальчэўскі. 1977 год


Віншавальны адрас членаў рэдкалегіі газеты “Літаратура і мастацтва” і верш Сяргея Грахоўскага, прысвечаны Алесю Пальчэўскаму. 1965, 1976 гады

Матэрыял падрыхтавалі Таццяна Жук і Марына Ліс, навуковыя супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі.

Асабісты архіў Алеся Пальчэўскага зберагаецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі, а таксама частка яго рукапісаў знаходзіцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.

←Во сколько обошелся Филипп Киркоров "Славянскому базару-2014"?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика