Музей, Дняпро і родная хата. Вандроўка па мясцінах Уладзіміра Караткевіча ў Оршы

Источник материала:  
26.11.2014 12:35 — Новости Культуры
Сёння адзначаюцца 84-я ўгодкі з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Запрашаем у вандроўку па родных мясцінах пісьменніка ў Оршы.


Фота: Яўгенія Каркіяйнен, TUT.BY

Напачатку завітаем ў "Музей Уладзіміра Караткевіча". Ён размяшчаецца ў помніку архітэктуры канца XIX - пачатку XX стагоддзя (вуліца Леніна, 26). Цікава, што ў гэтым доме раней была радзільная зала, дзе і з'явілася на свет немаўлятка, будучая наша зорка - Уладзімір Караткевіч.
Усе экспанаты размешчаны ў двух залах. Экспазіцыя "Жыццё, творчасць і літаратурная спадчына У.С. Караткевіча" распавядае аб творчым і асабістым лёсе пісьменніка, яго грамадзянскай пазіцыі. Тут прадстаўлены асабістыя рэчы, дакументы, фотаздымкі, архіўныя матэрыялы, аўтабіяграфія, арыгінальныя рукапісы, сяброўскія шаржы, малюнкі Уладзіміра Сямёнавіча, кнігі з подпісамі на памяць, выказванні і лісты сучаснікаў. 

Пры музеі дзейнічае навукова-даследчы цэнтр, які займаецца вывучэннем творчасці Уладзіміра Караткевіча. Даследчыкі - людзі апантаныя сваёй працай. Яны па крупінках збіраюць матэрыял пра пісьменніка не толькі ў ваколіцах Оршы, але і ў розных іншых месцах нашай краіны, дзе жывуць героі ягоных твораў.




Наша вандроўка працягваецца, і мы трапляем у дзіцячы парк. Тут знаходзіцца помнік Караткевічу. Існуе версія, што манумент стаяў на месцы дома, у якім нарадзіўся Уладзімір Сямёнавіч. Па словах навуковага супрацоўніка Музея Уладзіра Караткевіча Вольгі Пашковіч, сёння помнік прыкладна ўказвае на месца, дзе да вайны знаходзілася родная хата ліатратара. Аднак дзе канкрэтна яна стаяла, не памятала нават ягоная родная сястра.

Крыху ніжэй адкрываецца цудоўны краявід - Дняпро, якім яго бачыў маленькі Уладзімір, і прырода, якая яго так натхняла. Дняпро - люстэрка душы Караткевіча, люстэрка, у якое і па сённяшні дзень глядзяцца хаты і дрэвы Задняпроўя…

Едзем далей. У цэнтры Оршы - былы іезуіцкі калегіўм, які рэканструявалі дзякуючы "Дажынкам" у 2008 годзе. Тут знаходзіцца дзіцячая гарадская бібліятэка імя У. Караткевіча.



Ідзем ад цэнтра на вуліцу Чарняхоўскага. І адразу бачым былую школу №5, якую скончыў Уладзімір Караткевіч. Цяпер гэта Аршанскі гарадскі цэнтр фізічнай культуры, турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. Аднак на будынку няма шыльды ці іншай адзнакі, што тут вучыўся слынны зямляк.




А вось гарадская школа №8 па вуліцы Магілёўскай мае шыльду аб тым, што тут у 1956-1958 гадах працаваў Уладзімір Сямёнавіч.







Накіроўваемся на вуліцу Караткевіча. Яна невялічкая і знаходзіцца амаль на самым выездзе з горада ў бок Віцебска. Дзякуючы намаганням жыхароў Оршы тут ёсць прыгожы барэльеф пісьменніка, яго аўтограф і памятная шыльда.







А вось і хата, дзе жыў пісьменнік у 1956-1958 гадах. На доме маецца шыльда, за існаванне якой змагаліся родныя літаратара. Тут жыве пляменнік Уладзіміра Сямёнавіча. Аднак мы не сталі турбаваць яго: кажуць, у яго вельмі хворая радзіна. 




Зусім недалёка ад караткевічаўскага жытла спускаемся да яго ўлюбёнага Дняпра, да дрэў, якія яшчэ памятаюць пісьменніка. Можа, яшчэ дасюль тут лунае яго дух, рыбаліць, смяеецца над намі, занядбанымі, і ціхенька баіць казкі маленькім аршанцам?..


←Купала вернулся в Полоцк: ученые находят новые факты в биографии поэта

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика