Пераможцаў прэміі "Прафота" абвесцяць на закрыцці Месяца фатаграфіі ў Мінску
30.10.2014 16:56
—
Новости Культуры
Месяц фатаграфіі ў Мінску завяршыцца лекцыяй пра этыку і паэтыку смерці, а таксама сустрэчай з фотажурналістамі, якія здымалі ў гарачых кропках Украіны. Закрыццё такога маштабнага мерапрыемства адбудзецца ў пятніцу, калі стануць вядомыя пераможцы конкурса дакументальнай і арт-фатаграфіі.
30 кастрычнiка а 19 гадзiне ў прасторы ЦЭХ (пр. Незалежнасці 58, к.6, левы пад’езд, 2 паверх) пройдзе лекцыя Альмiры Усманавай "Этыка і паэтыка імгенння (смерці)".
Уласна ваенная фатаграфія – не адзіны жанр, які адлюстроўвае смерць і пратакалюе пакуты: прыцэльны позірк фатографа фіксуе не толькі ваенныя злачынствы, але таксама мноства штодзённых стратаў і часам "нагадвае" нам пра тое, што жыццё можа аказацца страшнейшым за смерць. І калі мы схільныя думаць, што трагедыя неўяўляльная, бязвобразная, то фатаграфія даказвае адваротнае, надаючы "форму" смерці і міжвольна яе паэтызуючы.
Фатограф, што здымае смерць, таксама асуджаны на пакуту, але пры гэтым ваенныя фатографы заўжды былі пад падазрэннем – ці то гераічныя рамантыкі, ці то ананімныя выканаўцы, што ўсяго толькі адпрацоўваюць руцінную замову рэпрэсіўных апаратаў улады. Не менш праблематычнай у этычным сэнсе аказваецца і пазіцыя гледача: камера, што занатоўвае апошняе імгенне чыйгосці жыцця ці ператварае ўжо знерухомленае цела ў ганебны аб’ект для разглядання, з лёгкасцю "пазычае" погляд забойцы, робіць гледача не сведкам і не відавочцам, а саўдзельнікам, які мімаволі апынуўся на месцы злачынства або трагедыі.
Пасля лекцыі адбудзецца сустрэча з двума фотажурналiстамi Аляксандрам Васюковічам і Васілём Фядосенка, якія прадставяць свае апошнія праекты, раскажуць аб працэсе іх стварэння і падзеляцца асаблівасцямі працы ў палявых умовах.
Пасля лекцыі адбудзецца сустрэча з двума фотажурналiстамi Аляксандрам Васюковічам і Васілём Фядосенка, якія прадставяць свае апошнія праекты, раскажуць аб працэсе іх стварэння і падзеляцца асаблівасцямі працы ў палявых умовах.
Закрыццё Месяца фатаграфіі і абвяшчэнне пераможцаў "Прафота"
31 кастрычнiка а 19-й гадзiне ў прасторы ЦЭХ у межах закрыцця Месяца фатаграфii ў Мiнску адбудзецца адкрыццё выставы і абвяшчэнне пераможцаў прэмii праектнай фатаграфіі "ПРАФОТА".
"ПРАФОТА" – гэта прэмія дакументальных і арт-праектаў для беларускіх фатографаў, якая прысуджаецца ў дзвюх намінацыях: дакументальная i арт-фатаграфія. Амаль месяц прымаліся заяўкі на ўдзел у прэміі. Журы выбірала шорт-ліст з праектаў, якія потым увойдуць у штогадовы каталог прэміі і выставу. Таксама ў кожнай намінацыі аднаму пераможцу ў кожнай намінацыі будзе ўручана грашовая прэмія памерам 500 еўра на рэалізацыю новага праекта. Праекты, зробленыя на атрыманую прэмію, будуць паказаныя ў наступным годзе на выставе пераможцаў чарговага конкурсу і ўвойдуць у каталог фіналістаў.
Арганiзатары прэмii выступаюць за стварэнне адзінай конкурснай прасторы для камунікацыі і падвышэнне візуальнай граматнасці людзей, якія займаюцца і цікавяцца фатаграфіяй. Іх мэта – развіццё беларускай фатаграфіі шляхам павышэння стандартаў сучаснай дакументальнай і арт-фатаграфіі ў Беларусі. Праз стымуляванне грамадскага інтарэсу да фатаграфіі яны імкнуцца стварыць спрыяльныя ўмовы для свабоднага абмену інфармацыяй і росту магчымасцяў для актыўнага і эфектыўнага ўзаемадзеяння беларускіх фатографаў, крытыкаў і аматараў фатаграфіі.
Спіс фіналістаў у намінацыі "Арт-праекты":Жанна Гладко "Inciting Force"
Аляксандр Міхалковіч "Holocaust"
Аляксандр Міхалковіч "Past dying today"
Вольга Савіч "GENE.BY"
Аляксандра Салдатава "See(ing)/бачыць"
Аляксей Шлык "Інстаграм"
Спіс фіналістаў у намінацыі "Дакументальныя праекты":
Аляксандр Васюковіч "Еўрамайдан"
Аляксандр Міхалковіч "To Become a man"
Аляксей Навумчык "We’ll never get older"
Максім Сарычаў "Без назвы"
Максім Сарычаў "598 скрадзеных дзён"
Максім Сарычаў "Двулапы сябра"
Вячаслаў Цуранаў "Ветэраны Другой сусветнай вайны"
Святлана Ярковіч "Паміж лесам і ракой"
Сярод журы прэмii былi:
Надзея Шараметава – куратар, даследчыца фатаграфіі, дырэктар Фонда "ФотоДепартамент" (Санкт-Пецярбург). З’яўляецца сталай арганізатаркай адукацыйных, выставачных і міжнародных праектаў "ФотоДепартамента", сярод якіх праект "Маладая фатаграфія".
Мацек Набрдалік (Maciek Nabrdalik) – дакументальны фатограф, жыве і працуе ў Варшаве. Работы выстаўляліся ў ЗША, Мексіцы, Францыі, Італіі, Германіі, Чэхіі, Грэцыі і Польшчы. Публікаваўся ў выданнях Smithsonian, L’Espresso, Stern, Newsweek, Polityka, The New York Times, The Wall Street Journal і іншых. Сярод міжнародных узнагарод –прэміі World Press Photo, Pictures of the Year International (у 2011 і 2013), NPPA The Best of Photojournalism (2010, 2011, і 2012).
Альміра Усманава – філосаф і культуролаг, прафесар дэпартамента медыя ЕГУ.
Ганна Шпакава – спецыяліст па фатаграфіі, дызайну і мультымедыя, куратар. Узначальвае фотадырэкцыю "РИА Новости". Раней працавала фотарэдактарам ВД "Афіша", кіравала фотаслужбай часопіса "Огонёк", прадзюсіравала спецпраекты часопіса "Сноб".