Брытанская прафесарка Крысціна Лоддэр: Тая роля, якую Беларусь адыграла ў свеце мастацтва, пакуль што шырока невядомая
07.10.2014 14:47
—
Новости Культуры
Напярэдадні лекцыі мы звязаліся са спадарыняй Лоддэр, каб выявіць, што яе ўразіла ў Віцебску, чаму мастацтва варта вывучаць у школах і ці могуць беларусы лічыць Малевіча і Шагала сваімі.
"Мастакі больш не прагнуць змяняць свет і грамадства"
Калі звычайнаму чалавеку назваць імя Казіміра Малевіча, то ён адкажа: "Чорны квадрат". А што адкажаце вы, калі будзеце мець на гэта толькі адну хвіліну?Крысціна Лоддэр: Я думаю, што атаясамленне імя Малевіча з "Чорным квадратам" непазбежнае. Малевіч быў адным з найвыбітнейшых піянераў абстракцыі, і "Чорны квадрат" – гэта найбольш вылучнае сцверджанне абстракцыі. Абсалютна правільна, што карціна стала іконай мадэрнізму. Малевіч зрабіў гэта яўным у 1915 годзе, калі выставіў "Чорны квадрат" упоперак усіх кутоў пакоя і змясціў яго наверсе сваёй выставы, паказваючы, што яго іншыя абстрактныя творы абавязаныя сваім з'яўленнем адной гэтай карціне. У "Чорным квадраце" ды іншых супрэматычных працах Малевіч даследваў размяшчэнне формы і аркестрацыю колера так, што якасці карціны станавіліся ўласна прадметам гэтай карціны. Ён выкарыстоўваў іх для стварэння адчування руху ў прасторы, звязваючы свае карціны з паняткамі метафізічнага і чацвёртага вымярэння.
Як вы лічыце, што найлепш акрэсліць час найбольшага росквіту таленту Казіміра Малевіча: ягонае мастацтва ўплывала на рэчаіснасць, або рэчаіснасць уплывала на ягонае мастацтва?
Крысціна Лоддэр: Стасункі між мастацтвам і рэчаіснасцю заўсёды складаныя. Натуральна, рэчаіснасць уплывала на творчасць Малевіча. Яго жывапіс адлюстроўваў ідэі таго часу і змены, якія адбываліся – як у мастацтве, гэтак і агулам у свеце. Мастакі даследвалі колер як выразны выяўленчы сродак і факусаваліся на спосабе з'яўлення выявы, а не на апісанні свету ў рэалістычных дэталях. Дасягненні ў авіяцыі, навуковыя адкрыцці і тэхналагічныя інавацыі змянялі прыроду рэчаіснасці і стаўленне чалавека да яе.У дваццатым стагоддзі гэтыя змены сталі вастрэйшыя і больш фундаментальныя. Як вынік, супрэматызм Малевіча нас больш не шакуе, але заклікае варушыцца.
Канешне, Малевіч хацеў, каб яго мастацтва ўплывала на рэчаіснасць і змяняла нашыя ўяўленні пра яго. Гэтае памкненне ўзмацнілася пасця рэвалюцыі, і ў Віцебску (1919-1922) ён інтэнсіўна працаваў над тым, каб яго мастацтва было значным для грамадства і стала зброяй пераменаў. Праз сваю групу "Уновис" ("Утвердители нового искусства") ён імкнуўся аднавіць свет у супрэматычным выглядзе, ствараючы дызайны для палітычных плакатаў, дэкарацый, вопраткі і архітэктуры. Такія эксперыменты былі вырачаныя на правал у палітычнай і эканамічнай атмасферы 1920-х гадоў. Нехта можа сказаць, што яго мастацтва не змагло паўплываць на рэчаіснасць. Ужо цяпер творчасць Малевіча і яго паслядоўнікаў стала ўсмоктвацца ў сучасную візуальную культуру. Яго ўплыў пашыраецца і адчуваецца ў рэкламе ды іншых сферах дызайна. У гэтым сэнсе, ён паўплываў на штодзённую рэальнасць далёка наперад.
Як мяркуеце, ці можа сёння мастацтва уплываць на рэчаіснасць, спрыяць трансфармацыі грамадства?
Крысціна Лоддэр: Сёння праз тэлебачанне, фільмы ды Інтэрнэт мы залежныя ад шырокага спектра чыннікаў уплыву, уключаючы мастацтва. Мастацтва дагэтуль мае сілу гадаваць нас як асобаў і змяняць нашыя ўяўленні пра рэчаіснасць, але яму даводзіцца канкураваць з больш магутнымі медыя, і ў цэлым мастакі больш не прагнуць змяняць свет і грамадства. Мы ўжо бачылі вынікі палітычнага і сацыяльнага ідэалізму 1910-х і 1920-х гадоў, і таму, магчыма, мы неахвотна прымаем высокія ідэалы.
"Я шпацыравала па Віцебску – і думала, што тут жа шпацыраваў Малевіч!"
Ведаю, што вы ўжо бывалі ў Беларусі. Што запомнілася з тае паездкі?Крысціна Лоддэр: Я была ў Беларусі некалькі гадоў таму на канферэнцыі і наведвала Віцебск, дзе Малевіч жыў і працаваў у 1919-1922 гадах. Гэта было неверагодна! Для мяне гэта была цудоўная магчымасць пашпацыраваць там, дзе шпацыраваў Малевіч, і паглядзець будынкі, дзе ён жыў і працаваў. Як чалавеку, які цікавіцца мастацтвам, мне было цікава пабачыць таксама будынкі 1920-х-1930-х гадоў, якія захаваліся ў Мінску.
У Беларусі скасавалі абавязковае вывучэнне прадмета "Сусветная мастацкая культура" ў школах. А як мыркуеце вы: варта ўсіх абавязкова навучаць асновам мастацтва ці гэта залішняе?
Крысціна Лоддэр: Мастацтва – гэта выразная форма чалавечай экспрэсіі і магутны спосаб уздзеяння на чалавечую псіхіку. Я думаю, што ведаць пра мастацтва альбо быць здольным паглядзець на выяву і зразумець яе – гэта вельмі важна. Мы жывем у візуальнай культуры. Кожны дзень нас бамбардуюць выявамі. Мы павінны ўмець прачытаць іх, як мы чытаем словы. Візуальная пісьменнасць гэта не раскоша, а надвычай важна ў сучасным сусвеце!
"Немагчыма дакладна вызначыць, дзе нарадзіўся Малевіч"
Беларусы дужа любяць версію, што Малевіч нарадзіўся не ў Кіеве, а пад Капылём – адкуль дакладна паходзілі ягоныя прашчуры. Што вы мяркуеце пра гэта? Ці дае нам права беларускае паходжанне Малевіча лічыць яго сваім, а не "рускім" мастаком?Крысціна Лоддэр: Канешне, немагчыма дакладна вызначыць, дзе нарадзіўся Малевіч. Ён дакладна быў ахрышчаны ў Кіеве, і таму мяркуецца, што там, у хаце сваёй цёткі, ён і нарадзіўся. Ён зрабіў сабе кар'еру ў Расіі і стаў "рускім" мастаком, хаця яго бацькі былі палякамі, ён вырас на Украіне, а яго карані цягнуцца ў Беларусь. Я лічу яго "універсальным" мастаком, які не належыць ніводнай нацыі, але належыць усім нам.
Ці вядома ў свеце мастацтва, што не толькі Малевіч, але і Шагал, Суцін, многія іншыя – мастакі менавіта з Беларрусі, а не з "Расійскай імперыі"? Як нам зрабіць так, каб пра гэта ведала як мага больш людзей?
Крысціна Лоддэр: Тая роля, якую Беларусь адыграла ў свеце мастацтва, пакуль што шырока невядомая, хаця гэта пачынае паволі змяняцца. Школьнікі пачынаюць пісаць больш акуратна пра гісторыю мастакоў накшталт Шагала ці Малевіча. Расійскі гіторык мастацтва Аляксандра Шацкіх, напрыклад, апублікавала кнігу, якая называецца проста: "Віцебск". Там апісаная агромністая роля, якую горад іграў у мастацтве і культуры ў першыя дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя.
"Я не ведаю сваякоў Малевіча ў Беларусі асабіста, але для мяне было б задавальненне сустрэцца з імі"
У 2002 годзе дагэтуль невядомыя сваякі Малевіча адсудзілі ягоную карціну "Супрэматычная кампазіцыя" У выніку яна была тройчы перапрададзеная, канчатковая сума – 60 мільёнаў даляраў. Ці гэта адзінае раптоўнае з"яўленне сваякоў вялікага мастака? Ці ведаеце вы, што ў Беларусі таксама ёсць людзі, якія даводзяць сваё сваяцтва з Казімірам Малевічам – што праўда, не патрабуюць аддаць ім ягоныя карціны?Крысціна Лоддэр: Малевіч цяпер вядомы як адзін з найвялікшых мастакоў ХХ стагоддзя. Не дзіўна, што яго працы з'яўляюцца прадметам фальсіфікацый і спрэчак. Натуральна, што чальцы яго сям'і (у Расіі, Украіне і на Беларусі), якія засталіся жыць, хочуць абараніць яго спадчыну. Я не ведаю яго сваякоў у Беларусі асабіста, але для мяне было б задавальненне сустрэцца з імі.
Пра што, апроч значэння творчасці Казіміра Малевіча, будзе вашая лекцыя ў Мінску?
Крысціна Лоддэр: На сваёй лекцыі ў Мінску я сканцэнтруюся на памкненні Малевіча перавесці формы яго супрэматычнага мастацтва ў архітэктуру, а таксама на ідэях і ідэалах, якія натхнялі яго. Я буду казаць пра ўплыў філасофіі, палітыкі, космасу і авіяцыі на мастака і, у прыватнасці, на ягоныя дызайнерскія працы.
Публічная лекцыя Крысціны Лоддэр "Казімір Малевічі архітэктура Супрэматызму" у межах цыкла "Авангард, мадэрнісцкая неакласіка, уяўленне" Лятучага Універсітэта і Цэнтра Сучасных Мастацтваў адбудзецца 10 кастрычніка а 19.00 па адрасе: вул. Някрасава, 3. Уваход вольны!
Больш падрабязна пра іншыя лекцыі цыкла тут.