Генадзь Гарбук святкуе 80-годдзе на сцэне Купалаўскага тэатра
У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы 27 верасня адбудзецца юбілейны вечар народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўных прэмій СССР і Беларусі Генадзя Гарбука.
Актору споўнілася 80 год яшчэ ў ліпені, але зараз ён адсвяткуе гэтую падзею разам з сябрамі, калегамі і гледачамі на сцэне тэатра, дзе працуе ўжо больш за паўвека.
Генадзь Міхайлавіч не раз казаў, што стаць эстрадным спеваком — яго мара, таму ў святочны вечар ён будзе выконваць рамансы, ваенныя і пасляваенныя патрыятычныя песні. Дванаццаць любімых артыстам кампазіцый прагучаць у суправаджэнні жывога аркестра (баян, скрыпка, гітара, кантрабас, ударныя, раяль і мандаліна).
У тэатральнай частцы імпрэзы артыст прачытае маналог Дзерваеда са спектакля “Радавыя”, Зёлкіна са спектакля “Хто смяецца апошнім” і дзеда Курылы з пастаноўкі “Сымона-музыкі”.
Сёння імя Генадзя Гарбука сустракаецца амаль у кожнай афішы Купалаўскага тэатра —Мікіта ў “Вечары”, Ціхон Пратасавіцкі ў “Пінскай шляхце”, Еўдакім Захаравіч Жыгалаў ў “Вяселлі”, Кучэра ў спектаклі “Не мой”, Чарнушка ў “Людзях на балоце”, Палкоўнік у спектаклі “Лістапад. Андэрсен”.
Зараз артыст рыхтуецца да новай пастаноўкі — 22 кастрычніка адбудзецца прэм’ера спектакля “Тата”, дзе Генадзь Міхайлавіч выконвае адну з галоўных роляў.