Віталь Гуркоў: Мы запішам круты альбом і паедзем у Кітай

Источник материала:  
10.09.2014 21:53 — Новости Культуры
Калі табе 13, ты скачаш перад люстэркам у майцы-баксёрцы з гітарай, уяўляючы сябе Кабэйнам (а на другім дзясятку дваццаць першага стагодздзя яны ўсё адно ўяўляюць сябе Кабэйнамі), равеш пад песню, якую ніхто не чуе праз твае навушнікі, і верыш, што ўсё магчыма.




Калі табе 13, ты скачаш перад люстэркам у майцы-баксёрцы, у якой аднолькава крута выглядаюць чэмпіёны свету і рок-зоркі, ловіш удары свайго адбітку і верыш, што непераможны.

А пасля, як усе, паступаеш у БДЭУ, працуеш спецыялістам і вядучым спецыялістам, і загадчыкам аддзелу ў ААТ "Беларусбанк", аддзяленне нумар 293 дроб 710.

Насуперак таму, што хлапец з твайго двара, які вучыўся з табой у адной школе, на пару гадоў маладзейшы ці старэйшы, спраўдзіў усе хлапечыя мары.

Віталь Гуркоў, 29 гадоў, 10-разовы чэмпіён свету па тайскім боксе, вакаліст гурту Brutto, рыхтуецца да чэмпіянату Еўропы ў сутарэннях панэльнага дому на Валгаградскай і чакае выхаду новага альбому.

Я адзін з вакалістаў новага гурта Brutto

Раней я граў у школе ў панк-гурце на гітары. Такі стрыт-панк мы гралі. Потым я быў вакалістам у хардкор-групе. Я спрабаваў чытаць рэп. Увесь час нешта такое муціў у музыцы. Апошняе — я граў на бас-гітары ў хардкор-гурце. Але ўсё гэта было так несур'ёзна, больш для асалоды.

Ці буду займацца музыкай прафесійна? Займаюся ж.

Мне падабаецца вельмі розная музыка. Цяжка сказаць. Андэрграўнд, і панк-рок, хардкор і мэтал і хіп-хоп, і фанк я люблю, Бары Ўайт — мой любімы выканаўца. 50 Cent, Tupac люблю. І Onyx. Шмат чаго.

Атрымліваецца і трэніравацца, і музыкай займацца. Пакуль не перашкаджае. Не праблема.




Мы з Міхалком сябруем сем гадоў

Мы адзін пра аднаго ведалі раней, а бліжэй сышліся, калі займаліся ў аднаго трэнера па боксе. Ён нас пазнаёміў. Потым я, калі быў "Культпрасьвет", упершыню зняўся ў кліпе для "Ляпіса Трубяцкога". Ездзіў на канцэрты. Сябравалі, размаўлялі, абмяркоўвалі розныя пытанні. Размаўлялі пра музыку. Аб'яднала нас любоў да андэрграўнда і любоў да спорта.




Як здымаліся кліпы Brutto

У першым кліпе была сяброўская атмасфера. Мы даволі даўно сябруем. І гэта не было акторствам. Цягам гэтых здымачных дзён мы пражылі цэлае жыццё. Там былі сапраўды і паездкі на гэтых пікапах, і баі, і трэніроўкі, і сем'і, пікнікі, вогнішчы, спаборніцтвы. Мы гэта ўмоўна назвалі "з'езд Brutto". Так мы праводзім час, калі мы разам.

А другі кліп — тэматычны. Ён пра баксёра. Такая гісторыя. Ну што там граць — я ж усё ведаю.




Я не думаю, ці дазволяць нам выступаць у Беларусі

Мы запішам круты альбом і паедзем у Кітай. Гэта наша мэта. У Японію дык пэўна паедзем. Будзем мы тут выступаць ці не, я не ведаю.

А што Кітай? Там жа любяць такіх. Я ж зорка тайскага бокса. Гэта нармальны піяр-ход. Я баксіраваў з самымі топавымі тайцамі і кітайцамі. Там мяне любяць, ведаюць, паказвалі па тэлебачанні. Мяне там пазнаюць на вуліцах. Трэба перамовіцца з пэўнымі людзьмі, і нам там зробяць прома.

Калі б я не займаўся боксам, мы б з Сяргеем не пазнаёміліся. Гэта значная частка жыцця, якая наклала адбітак на ўсё.




Я не думаю пра грошы

Мне ўсё адно, колькі там што будзе прыносіць і ці будзе ўвогуле. Галоўнае, што гэта мне падабаецца. Гэта тое, чым я заўжды хацеў займацца. Мая мара была — зрабіць гурт, быць у гурце кшталту такога. Апроч таго, што гэта гурт, бла-бла-бла, музыка, — там усе мае сябры. Мы адзін аднаго шмат часу ведаем. Гэта наша тусоўка, скажам так.




Мажор не пойдзе ў тайскі бокс

Гэта такі спорт — "андэрграўнд". Ну які мажор пойдзе займацца ў такі цяжкі від спорту? Зазвычай бацькі, якія забяспечаныя матэрыяльна, не аддаюць сюды сваіх дзяцей. Навошта аддаваць іх у такі спорт, у якім б'юць у галаву — так ужо проста скажам. Трэба нейкі тэніс, хакей-шмакей, нешта больш грашовае, футбол той жа.

А гэта спорт сапраўдны, цяжкі. Для тых, хто хоча змагацца са складанасцямі па жыцці, змагацца са сваімі слабасцямі, цяжкасцямі жыцця, характару. Гэта спорт больш набліжаны да вуліцы, больш хуліганісты.




Рана ці позна камусьці трэба даць у галаву

Людзі часам паважлівасць і ветлівасць маюць за слабасць. Ніхто ж не думае, што ты, такі паважлівы і ветлівы, можаш сківіцу зламаць калі-небудзь. Ёсць жа людзі, якія па-іншаму не разумеюць.

Я быў вельмі маленькі, вельмі худы, і, як заўжды бывае ў школе, здзекаваліся з мяне. Я не быў аўтсайдэрам, але часта за..ліся, і даводзілася біцца. Я стаяў на сваім, а пасля зразумеў, што някепска было б навучыцца, як гэта правільна рабіць. Бо ёсьць хлопцы вышэйшыя, дужэйшыя, большыя, з імі таксама трэба біцца. Так і пайшоў. Зацягнула — і ўсё.

Я не ведаю, што такое спорт па-за палітыкай. На кожных спаборніцтвах ёсць падводныя рухі, нейкая палітыка: гэтых мы прапускаем, а гэтых не прапускаем. Сёння мы возьмем пяць допінг-пробаў, а з іх тры ў беларусаў. Паўсюль ёсьць палітыка.




У Беларусі я на месцы

Тут мае сябры, мае бацькі, тут я нарадзіўся. Чаму мне павінна быць тут некамфортна? Тыя, хто хоча з'ехаць, спрабавалі з'яжджаць? Я спрабаваў. Я быў шмат дзе. Апошнім разам быў у Амерыцы. У Лас-Вегасе. У мяне ёсць шматразовая віза ў Штаты. Думаў паехаць у Нью-Йорк, там шмат сяброў, але пасля вырашыў, што не так ужо гэта і цікава. Паўгода жыў у Аўстраліі. Нейкі час пажыць цікава, паглядзець як і што. Але ўяўлення, што гэта "маё месца", у мяне не было. Заўжды было пачуццё, што не на сваім.
У палітыцы я сябе не бачу

Палітыка — гэта сумна. Трэба вырашаць нейкія пытанні, размаўляць з людзьмі, з якімі не хацелася б размаўляць, дый бачыць бы не хацелася. Можна ж жыць цудоўна і так.




Вайна можа быць

Побач з намі выбухі, усе гэтыя падзеі. Канечне, я адчуваю, што гэта можа крануць і нас. Ці справімся? Ну, нешта будзе. Яны ж неяк спраўляюцца. Гэта ж жыццё, нехта памрэ, нехта не памрэ. Смелыя раней памруць. Баязлівыя, труслівыя — іх больш застанецца. Гэта эвалюцыя.

Я чакаю чэмпіянату Еўропы

21 верасня паеду. Чакаю выхаду нашага альбома Brutto. Гэта будзе самая цудоўная рэч. 

Внимание! У вас отключен JavaScript, ваш браузер не поддерживает HTML5, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player.

←Могилевский областной драмтеатр готовит в новом сезоне три премьеры

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика