У Лідзе перанеслі ўрачыстае адкрыццё шыльды Канстанціну Астрожскаму

Источник материала:  
08.09.2014 15:46 — Новости Культуры
Фото: svaboda.org
На сцяне праваслаўнай царквы святога Георгія Пабеданосца ў Лідзе ўжо ўсталяваная шыльда памяці гетмана ВКЛ Канстанціна Астрожскага. Адкрыццё мела адбыцца ў нядзелю, 7 верасня, але ўрачыстасць фармальна перанеслі на 11 верасня. Цяпер у актывістаў ёсць сур'ёзныя сумневы, ці гэта ўвогуле адбудзецца.

Прадстаўнікі ўлады запатрабавалі ў святароў царквы пісьмовага дазволу ад епіскапа Наваградскай епархіі. Святары мелі толькі вуснае блаславенне епіскапа, а таму падчас набажэнства было аб’яўлена, што ўрачыстае адкрыццё шыльды памяці Канстанціна Астрожскага адбудзецца 11 верасня ў дзень ягонай смерці.

Святар падчас набажэнства, калі рабіў аб’яву аб пераносе ўрачыстага адкрыцця, зазначыў, што гетман Канстанцін Астрожскі шануецца праваслаўнай царквой, паколькі ў ХVІ стагоддзі зрабіў вельмі шмат дзеля падтрымкі праваслаўнай веры на беларускіх землях. З яго дапамогай было збудавана шмат праваслаўных храмаў, асабліва ў Наваградскай епархіі.

Кіраўнік мясцовай філіі Таварыства беларускай мовы Станіслаў Суднік распавядае, што ідэя ўсталявання памятнай шыльды ў Лідзе наспела даўно ў грамадзян горада і праваслаўнай царквы.

"Праваслаўная царква адмыслова праводзіла конкурс на напісанне сачынення сярод моладзі пра знакамітых людзей Беларусі, з якімі сёлета звязаны круглыя даты. Найбольш сачыненняў было напісана пра Канстанціна Астрожскага, хаця пісалі і пра Васіля Быкава, былі сачыненні і пра Шаўчэнку і іншых. Дык вось, благачынны паабяцаў, што на 11 верасня на ўрачыстае адкрыццё шыльды абавязкова запросіць пераможцаў і ўдзельнікаў конкурсу".

Актывіст Сяргей Трафімчык з Бярозаўкі кажа, што перанос даты адкрыцця шыльды яго вельмі занепакоіў, паколькі ён узгадвае, як шмат высілкаў было зроблена дзеля таго, каб шыльду зрабіць і своечасова ўсталяваць.

"І грошы зараз сабраць было няпроста, праўда з божай дапамогай сабралі. У асноўным ахвяравалі сябры партыі БНФ, "Руху за Свабоду", ТБМ, ды і звычайныя грамадзяне таксама. Сам выраб шыльды таксама няпроста даўся: і адліўка барыльефа і падрыхтоўка — усё скончылася літаральна ўчора. Ну вось так атрымалася, што зрабіць паспелі, усталявалі, а з афіцыйным адкрыццём узніклі праблемы. Хочацца верыць, што ўсё будзе добра і шыльду не стануць дэмантаваць, бо муравалася на вякі. І калі захочуць гэта зрабіць, то адназначна яе паломяць".

У Ліду з нагоды адкрыцця шыльды ў памяць Астрожскага прыехаў вядомы беларускі бард Андрэй Мельнікаў. Яго настрой таксама сапсаваўся пасля таго, як аб’явілі, што ўрачыстае адкрыццё шыльды пераносіцца.

"Мне прыемна і ні ў якіх адносінах тут не сорамна за праваслаўную царкву, бо яны памятаюць, што Наваградская епархія ў нашай гісторыі была адна з уплывовых епархій, тут сядзеў мітрапаліт Наваградскай епархіі. І ўсё гэта тут адчуваецца. Я, канешне, вельмі шкадую, што перанеслі дату адкрыцця шыльды, і наогул ёсць сумнеў, ці дастаіць яна да прызначанай даты, бо, як вядома, вандалаў у нас хапае...".
←13 сентября в Минске пройдет выставка французского фотографа Ульфа Андерсена

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика