Нашы зоркі ззялі ў Стамбуле
Салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета перамаглі ў IV Міжнародным конкурсе артыстаў балета ў Стамбуле (Турцыя).
Журы на чале з выдатным танцоўшчыкам, мастацкім кіраўніком балетнай трупы Афінскай оперы Ірэкам Мухамедавым назвала ўладальнікамі Гран-пры вядучых майстроў сцэны Людмілу Хітрову і Канстанціна Героніка. Першую прэмію конкурсу заваяваў саліст балета Такатошы Мачыяма. Другая — прысуджана артыстцы Яне Штангей.
Канстанцін Геронік у трупе тэатра з 2010 года, расказала, дзелячыся прыемнай навіной, Вольга Нікалаеўская, вядучы рэдактар службы маркетынгу, інфармацыі і рэкламы Вялікага тэатра. На рахунку танцоўшчыка — галоўныя партыі ў шэрагу спектакляў і, акрамя вышэйзгаданага, яшчэ тры пераможныя выступленні на міжнародных конкурсах.
Выпускніца Ніжагародскага тэатральнага вучылішча Людміла Хітрова на сцэне Вялікага з 2008 года. У яе рэпертуары — Адэта-Адылія ў «Лебядзіным возеры», Прынцэса ў «Спячай прыгажуні», Ева ў «Стварэнні свету», Джульета ў «Рамэа і Джульеце», Папялушка і Анюта ў аднайменных балетах, а таксама іншыя цэнтральныя партыі.
Сёлета Канстанцін Геронік і Людміла Хітрова былі ўдастоены высокіх дзяржаўных узнагарод — медалёў Францыска Скарыны.
Такатошы Мачыяма нарадзіўся ў горадзе Осака (Японія). У 2011 годзе пасля заканчэння Акадэміі рускага балета імя А.Я. Ваганавай залічаны ў трупу Вялікага тэатра. Лаўрэат Міжнароднага конкурсу артыстаў балета ў Ганконгу (2011) і дыпламант XII Адкрытага конкурсу артыстаў балета Расіі «Арабеск-2012» імя Кацярыны Максімавай.
Артыстка балета Яна Штангей — нядаўняя выпускніца Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа, у трупе Вялікага — з 2013 года. Летась яна прадстаўляла нашу краіну на 15-м конкурсе маладых танцораў «Еўрабачанне», які праходзіў у Гданьску (Польшча).
----------------------------------
Дарэчы
Фестываль «Балетнае лета ў Вялікім» пачаўся ў Мінску. Форум, які працягнецца па 9 ліпеня, збірае зорак сусветнага балета. На яго сцэну выйдуць вядучыя салісты Вялікага тэатра Беларусі, Вялікага тэатра Расіі, Марыінскага тэатра, Грузінскага тэатра оперы і балета імя Паліяшвілі, Берлінскага дзяржаўнага балета, Дацкага каралеўскага балета, Польскага нацыянальнага балета, Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра балета Барыса Эйфмана.