Пастаўскі фотааматар праехаў 2 тысячы км дзеля праекта пра Першую сусветную вайну

Источник материала:  
25.06.2014 10:33 — Новости Культуры

Пасля паказу ў мінскім кінатэатры "Перамога" ў Паставы вярнулася выстава тутэйшага фатографа Андрэя Мацура "Нябачныя помнікі Вялікай вайны", прысвечаная 100-годдзю з пачатку Першай сусветнай вайны. Экспазіцыя ў сталіцы была арганізавана з нагоды фестывалю еўрапейскага кіно і пры падтрымцы прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі сумесна з фотаклубам "Мінск". 55 чорна-белых здымкаў, на якіх - старыя акопы, траншэі, вайсковыя могілкі, рэшткі дотаў і іншыя сведчанні тых далёкіх падзей. Выставу плануецца паказаць у Паставах, Навагрудку і Магілёве.

- У пошуках аб'ектаў давялося праехаць больш за 2 тысячы кіламетраў уздоўж былой лініі фронту - праз Пастаўскі, Браслаўскі, Мядзельскі, Вілейскі, Смаргонскі, Баранавіцкі раёны, добра-такі пахадзіць па лясах, вясковых ваколіцах. На працягу года, пакуль рыхтаваў выставу, наведваў навуковыя канферэнцыі, гутарыў з гісторыкамі, краязнаўцамі, калекцыянерамі - каб сабраць цікавы мастацкі і дакументальны матэрыял, - расказвае Андрэй Мацур.

Дарэчы, на Пастаўшчыне распрацоўваецца тэматычны турыстычны маршрут, які прайдзе праз вёскі Мажэйкі, Сіўцы, Пятроўшчына і іншыя.

Гэта пяты персанальны фотапраект Андрэя Мацура. Самы ж першы - "Память сердца говорит" - быў прысвечаны апошнім удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны з Пастаўшчыны. Ажыццявіць яго фатографу дапамагала дырэктар краязнаўчага музея Раіса Курачэнка. А праект "Простой, но необычный городок" - пра Паставы. На яго спатрэбілася тры гады, вынік - амаль 40 здымкаў.

- Я з вёскі Коўзаны, што ў дзесяці кіламетрах ад райцэнтра, а ў Паставы пераехаў зусім нядаўна. Мне тут вельмі падабаецца. Праз фотааб'ектыў імкнуся бачыць наш горад і яго жыццё ў нейкіх незвычайных ракурсах. Каб у некаторых куточках заспець патрэбнае мне асвятленне, хадзіў туды шмат разоў. Для фатографа ж вельмі важна своечасова аказацца ў неабходнай кропцы, - тлумачыць свае творчыя захады субяседнік.

Ён заўжды ўдзельнічае ў сумесных выставах з сябрамі-аднадумцамі з фотаклуба "Светасіла", які арганізаваў у райцэнтры чатыры гады назад. Ідэя аб'яднацца з'явілася ў іх на адным з пленэраў. Мэта клуба - папулярызацыя фотамастацтва. Кожны дзень нараджэння сваёй суполкі - 27 лютага - яны адзначаюць чарговай выставай. Гэта гадавая справаздача, якую можна ўбачыць у фае пастаўскага кінатэатра "Радзіма", дзе "Светасіла" мае, можна сказаць, галерэю. Творчыя набыткі паказваюць тут і іншыя беларускія фатографы. Пад эгідай клуба праходзяць раённыя конкурсы для юных фотааматараў пад назвай "Свет вакол нас".

- Як, мабыць, і ўсе фатографы, я люблю падарожнічаць. Шмат ездзіў па Еўропе, аднак чым далей жыву, тым больш пераконваюся: самае цікавае - побач. Здымаючы ў Паставах, даведаўся пра адметную мясцовую даўніну. У розныя поры года ахвотна вандрую з фотаапаратам па родным раёне. У нас тут прыгажосць на кожным кроку.
←Большие вечера в Несвиже. Попрощались с Бизе, встретили Сальери

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика