Cпадчына «Берагінi»
Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня» пройдзе 19—22 чэрвеня ў гарадскім пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці. Сёлета — ужо ў трынаццаты раз. Удзельнікамі свята стануць лепшыя дзіцячыя фальклорныя калектывы і аўтэнтычныя гурты краіны, а таксама самабытныя маладзёжныя калектывы з бліжняга замежжа.
За чатыры фестывальныя дні адбудзецца больш за 20 мерапрыемстваў. У ліку іх — конкурсныя спаборніцтвы танцавальных пар, турнір дзіцячых фальклорных калектываў, канцэртныя выступленні фальклорных гуртоў і асобных выканаўцаў, свята “Купалле”, кірмаш народных умельцаў, майстар-класы. Ацэніць якасць выступленняў удзельнікаў фестывалю і прэзентацыі мастацкіх праграм экспертны савет, які складаецца з вядомых навукоўцаў і дзеячаў культуры і мастацтва.
«Берагіня» адлічвае сваю гісторыю з 1998 года. Унікальны і самабытны фестываль праводзіцца з мэтай падтрымкі народнай творчасці, захавання і пераемнасці нацыянальных культурных традыцый, далучэння моладзі да спадчыны свайго краю.