Пятроўскі фэст — выдатная магчымасць навучыцца беларускім народным танцам
Летнік па народных танцах Студэнцкае этнаграфічнае таварыства (СЭТ) ладзіць штогод у вёсцы Шыпілавічы Любанскага раёну. За чатыры-пяць дзён у гэтую мясціну прыязджаюць дзясяткі людзей, бо там можна не толькі пазнаёміцца з традыцыямі беларускай вечарыны, але і адчуць сябе сапраўдным этнографам у невялікай вандроўцы па вёсках.
Ляваніха душа ласкавая
Вучыць танцаваць беларускія танцы Сяргей Выскварка — этнограф, спэцыяліст па традыцыйным танцавальным этыкеце і манеры, загадчык арганізацыйна-творчага аддзелу Любанскага раённага цэнтра культуры.
Каардынатар фэсту Настасся Кухарэнка распавяла, што кожны сезон арганізатары прыдумваюць нейкую новую цікавостку, а удзельнікаў летніка становіцца больш год ад года.
“Пятроўскі фэст, як свята нацыянальнай культуры, прывязаны да 11 ліпеня. Гэта свята вёскі Шыпілавічы. Вось мы і вырашылі, паколькі ў свядомасці людзей ёсць такое рэгіянальнае свята, то прымеркаваць да яго летнюю школу танцаў “Пятровіца”, — адзначыла яна.
Арганізатары абяцаюць, што да галоўнага дня — свята вёскі — пачаткоўцы ўжо змогуць не блытацца ў нагах, адчуваць музыку і асаблівасці народнага танцу.
“Трохкрок можна лёгка запомніць, а каб адчуць як правільна і не скакаці вышэй, чым трэба, варта проста ўтанцавацца”, — распавяла Настасся.
Яна паведаміла, што заняткі доўжацца па пяць гадзін на дзень, то бок за некалькі дзён можна стаць калі не майстрам, то сур’ёзна палепшыць свой узровень карыстання нагамі.
Тут будуць паказваць і польку, і вальсы. А праз тое, што фэст наведваюць госці з розных краін, то будуць майстар-класы па расейскіх і іншых танцах.
“Летась нашыя сябры з Расеі паказалі цікавыя варыянты танцаў Смаленшчыны. Гэта этнічныя беларускія тэрыторыі. Вось лявоніха, якая ёсць толькі ў нашай краіне, мае свае асаблівасці ў тым рэгіёне. Такім чынам мы пашыраем танцавальныя межы Беларусі”, — гаворыць Кухарэнка.
Яна адзначыла, што на летніку будуць вучыць не тым танцам, якія прыгожа выглядаюць на сцэне, а менавіта народным, якія танчылі нашыя дзяды ды бабулі на вясковых вечарынах.
“Лявоніхі, кракавякі, падыспані — гэта тыя танцы, якія людзі выконваюць для сябе. Шмат танцаў і шмат іх традыцый. Тую ж лявоніху могуць выконваць па Беларусі тысячай варыянтаў”, — адзначае Настасся. Але асновай летніка будуць мясцовыя танцы.
Фолькавае жыццё
Аднак не толькі танцамі будуць забаўляць сваіх гасцей арганізатары Траецкага фэсту.
“Мы ездзім па Любаньскім раёне да розных гуртоў і людзей. Знаёмімся з тымі здабыткамі рэгіянальнай культуры, якая ёсць зараз. А ў Любаньскім раёне сапраўды ёсць што паглядзець. А паколькі фэст ладзіцца сумесна з Любанскім раённым аддзелам культуры, то атрымоўваецца такое вельмі плённае супрацоўніцтва. Мы можам на дзень прыехаць у вёску, хадзіць да бабуль, якія могуць нам нешта цікавае распавесці, паспяваць з імі, паглядзець, як яны вышываюць ці нешта іншае робяць”, — анансуе каардынатар фэсту.
З традыцыйных цікавостак — у вёсцы Жораўка мясцовыя бабулі ўжо чацьвёрты год запар падзеляцца сакрэтамі свайго майстэрства, як пекчы хлеб.
“Калі ўсё атрымаецца, мы паспрабуем спячы нават каравай вясельны”, — распавяла Настасся Кухарэнка.
Ёсць і задумка зрабіць вясельны вянок. У гэтай рэчы ёсць свае рэгіянальныя асаблівасці. Да прыкладу, у вёсцы Шапілавічы ён называўся шапель (калі хто пачаў шукаць знатаванні з назвай вёскі, у тым прачынаецца этнограф :). “Мы паспрабуем яго реканструяваць”, — кажа Настасся.
Вольны час? Не, не чулі
З 9 па 12 ліпеня ў вёсцы будзе стаяць цэлы лагер. Па большасці наведвальнікі фэсту жывуць у намётах, таму этна-нон-стоп будзе цягнуцца ўсе чатыры дні. Часта бывае такое, што арганізатары ўжо парабілі свае справы, а госці яшчэ танцуюць.
“Вольнага часу не шмат, ён ёсць толькі ноччу. Але людзі камунікуюць, абменьваюцца вопытам, рознымі звесткамі. Мы вучымся танцаваць ад носьбітаў, да якіх мы ездзім у госці. І гэта даволі сур’ёзная фізічная праца! І вучымся адзін ад аднаго”, — адзначыла Настасся.
Працоўная мова летніку, традыцыйна, беларуская. “Паколькі гэта мова бліжэй і жыхарам вёскі, да якіх мы прыязджаем, і бліжэй да нацыянальнай культуры, то мы абралі яе. Канешне, іншамоўных людзей мы зразумеем і дапаможам паразумецца з іншымі”, — кажа каардынатар.
Увогуле на “Пятровіцы” існуе тры варыянты пражывання: намётны лагер, на пятрах (дзе сушыцца сена) і ў хаце вяскоўцаў (але тут патрэбна папярэдняя дамова).
“Вось у мінулым годзе прыязджала дзяўчына на сёмым месяцы цяжарнасці. Яна нас упэўніла, што ўсё ведае і, можа, збіралася жыць у намёце, але мы яе ўсё ж уладкавалі ў вяскоўцаў”, — распавяла Настасся Кухарэнка.
Яна адзначыла, што за час існавання фэсту людзі пачалі настолькі ўтульна сябе адчуваць у гэтым асяроддзі, што едуць сем’ямі і з малымі дзеткамі.
Далучыцца да “Пятровіцы” даволі проста — трэба падаць заяўку арганізатарам да канца чэрвеня. Пытанні ў форме заяўкі тычацца ўмоў пражывання: ці ёсць намёт, ці ўжываеце мяса і г.д. Фуа-гра ў гэтым годзе не будзе, але стваральнікі фэсту абяцаюць накарміць смачна і дастаткова.
Што трэба мець абавязкова:
- выдатны настрой,
- жаданне вучыцца,
- дзіцячае захапленне жыццём,
- зручны абутак.
Пажаданы і беларускі строй, але гэта для прасунутых танцораў і аматараў беларускасці.
Пачаткоўцам не варта хвалявацца і шукаць у Сеціве відэапрыклады, каб не абняславіцца сярод танцораў. Арганізатары перакананы, што ніякай папярэдняй падрыхтоўкі не трэба, усё п пакажуць на месцы. Летнік на тое і накіраваны, каб вучыць з нуля.
Звязвацца трэба непасрэдна з Настассяй Кухарэнка, бо яна і прымае заяўкі. Таксама існуюць суполкі ВКонтакте і ў Фэйсбуку, дзе можна звязацца з арганізатарамі.
Фота Настассі Кухарэнкі
Марыя ГРЫЦ