У Віцебску хочуць стварыць бульбарый - першы ў краіне музей бульбы

Источник материала:  
23.05.2014 15:14 — Новости Культуры

Бульбяны адпачынак

Аўтары праекту ўяўляюць бульбарый як першы ў Беларусі музей бульбы, які з часам павінен разрасціся ў цэлы комплекс "бульбянога адпачынку". Пры музеі з'явіцца кавярня, дзе можна будзе пасмакаваць не толькі ўсім вядомыя дранікі, калдуны ці бабку, але і іншыя стравы, на якія беларусы паспелі забыцца. Там жа будзе працаваць чытальня, дзе за кубачкам гарбаты можна будзе азнаёміцца з навінкамі беларускай сучаснай літаратуры.

"Замежнікі нас ведаюць як бульбашоў, але гэта аніяк не выкарыстоўваецца нашай індустрыяй адпачынку і турызму. Калі праект бульбарыя рэалізуецца, ён дасць добры прыбытак", - упэўненая аўтарка праекту Іна Кулік. Яго канцэпцыя ўжо распрацаваная. Застаецца за малым - знайсці фундатараў.

Парк для экстрэмалаў

Праект віцебскага скейт-парка прэзентаваў віцебскі экстрэмал Сяргей Ігнатовіч. З ягоных словаў, у Віцебску вельмі шмат скейтэраў, ролераў ды іншых актыўных маладых людзей. І патрэба ў спецыялізаванай пляцоўцы для экстрэмалаў даўно ўжо наспела. Такія паркі ёсць нават у меншых гарадах - накрыклад, у Бабруйску і Дзяржынску.

"Гэту ідэю мы ўжо не аднойчы прапаноўвалі гарадскім уладам. Створаны тэхнічны праект, смета. Але нічога не атрымалася. Сем год грукалі ў дзверы - безвынікова", - кажа Сяргей.

Такая пляцоўка магла б размяшчацца на тэрыторыі якой-небудзь гарадской школы. Прагучала таксама прапанова стварыць скейт-парк ў зоне адпачынку на рацэ Віцьба - замест гандлёвых пунктаў продажу піва, якія вельмі замінаюць віцяблянам актыўна адпачываць.

Свята ветру

Самы блізкі да рэалізацыі праект - узнаўленне ў Віцебску "Свята ветру", якое ў 2003-2007 гадах праходзіла пад "патранатам" часопіса "Ідыёт". Але згасла, бо не мела афіцыйнага дазволу.

Ідэя адраджэння свята ўжо агучвалася на ранейшых "Кірмашах праектаў". Цяпер у гэтым пытанні з'явіўся прагрэс. Як паведаміў ініцыятар праекту Уладзімір Булаўскі, гарадскія ўлады не супраць адраджэння фэсту. І свята ветра можа адбыцца ўжо сёлета. Мяркуецца, што напрыканцы жніўня - пачатку верасня. Хутчэй за ўсё яно пройдзе ў парку Мазурына. Як і раней, цэнтральнай падзеяй свята стане конкурс паветраных змеяў.

Не трэба баяцца быць афіцыйным

Літаральна на днях Уладзімір Булаўскі ў якасці рэгіянальнага каардынатара кампаніі "Будзьма беларусамі!" пабываў на прыёме ў аддзеле культуры Віцебскага гарвыканкама. Уражанні ад візіту - пазітыўныя.

"Нашы гарадскія ўлады не такія страшныя, як мы часта пра іх думаем. І калі ім тлумачыць, што гэта моладзевае свята і нам не трэба плошча Перамогі з міліцэйскім кардонам, - яны гатовы ісці насустрач… Не трэба баяцца быць афіцыйным", - мяркуе Булаўскі.

Больш за тое, плануецца, што наступны кірмаш праектаў пройдзе 10 чэрвеня. На сустрэчы пойдзе размова пра тое, як лепей правесці Дзень горада і Дзень моладзі ў Віцебску ў перыяд 26-29 чэрвеня.

На "Кірмашы праектаў" 22 мая прэзентавалі таксама цікавыя ідэі стварэння ў Віцебску клубаў спрачальнікаў і арганізатараў, новага інтэрнэт-рэсурсу "Арт-афіша", арганізацыі футбольнага першынства гульцоў-аматараў "Адкрыты турнір Хмяля".

А праект, які ўжо з поспехам рэалізуецца у горадзе - "Забаўлянкі для Янкі", перарастае ў новы фармат і выходзіць на адкрытую прастору віцебскіх дворыкаў і пляцовак.

Гэты "Кірмаш праектаў" стаў практычнай часткай агульнага даследавання "Індустрыя забаваў у Віцебску: гонар ці сорам для горада?".

←В Минске с 5 июня снова покажут "Аватар" на широком экране

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика