Вёска з адзiным жыхаром рыхтуецца да свята "Я родам са Стойлаў"

Источник материала:  
13.05.2014 17:52 — Новости Культуры
Усё менш дзён застаецца да свята "Я родам са Стойлаў", прызначанага на 24 мая.

Пушчанская вёсачка з адным-адзінюткім жыхаром прыхарошваецца перад урачыстасцю. На ўездзе гасцей сустрэне пяцімятровы дубовы крыж. Ён з'яўляецца аўтарскай работай разьбяроў з Кобрыншчыны - народнага майстра РБ Уладзіміра Чыквіна і Вячаслава Дароцькі. Сакральны сімвал паўстаў якраз у дзень нараджэння вышэйпамянёнага адзінага стойлаўца - Мікалая Тарасюка, якому 8 мая споўнілася 82 гады.

Створана гісторыка-этнаграфічная карта Стойлаў. На адным яе баку - пададзеная ў мастацкім ключы планіроўка населенага пункта сярэдзіны мінулага стагоддзя (мастацкае рашэнне Марыі Радзько). На адваротным баку - фотаздымкі вяскоўцаў. Нанесеная на трывалы матэрыял, карта зойме месца побач з паклонным крыжам і стане сапраўднай візітоўкай вёскі. Арганізатары свята заручыліся згодай шэрага аўтэнтычных калектываў на ўдзел у канцэрце пад адкрытым небам. Сярод іх - гурты "Рада" і "Старое сяло" з Мінска, "Жэмэрва" з Падляшша (Польшча), знакамітыя "Хмелеўскія валацугі" з Жабінкаўскага раёна і гурт "Бабіна лета" з Пружаншчыны.

Не застаўся ў баку ад перадсвяточных клопатаў і славуты разьбяр Мікалай Тарасюк. Ля ўласнай сядзібы ён таксама ўсталяваў паклонны крыж, выкананы ў характэрнай для майстра манеры.

Вышэйзгаданыя мерапрыемствы праходзяць у рамках праекта "Вясковы рэнесанс". Яго рэалізуе аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пружанскага райвыканкама пры фінансавай падтрымцы беларускага прадстаўніцтва "Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў".
←Александр Кищенко: автор самого большого в мире гобелена, который негде выставить

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика