Экстрэмальныя забавы з тараканамі чакаюць гасцей на балі ў Гальшанах
Летась на балі ў Гальшанах сабралася 5 тысяч чалавек. Фота zoonovosti.by.
Юбілейны пяты фестываль “Гальшанскі замак” у Гальшанах абяцае ўдзельнікам шмат сюрпрызаў: мюзікл “Баль у Соф’і Гальшанскай” проста пад сценамі замка, забегі мадагаскарскіх тараканаў і іншае.Адбудзецца падзея ў суботу, 24 мая. Пляцоўкай для фестывалю стануць сцены Гальшанскага замка.
Летась на мерапрыемства прыехалі пяць тысяч ахвотных акунуцца ў гісторыю. Колькі будзе сёлета, застаецца толькі здагадвацца, але ўжо цяпер вельмі шмат званкоў ад жыхароў сталіцы, распавяла начальніца аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Галіна Балінская.
Людзі гатовыя ехаць, каб пабачыць першы нацыянальны беларускі мюзікл “Баль у Соф’і Гальшанскай” па Уладзіміру Кандрусевічу наўпрост пад сценамі замка.
Арганізатары фестывалю запрасілі паказаць пастаноўку трупу Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра.
Што ў праграме
Конна-гістарычны клуб “Залатая шпора” у тэатралізаваным шоу пакажа чатыры эпохі беларускай кавалерыі. Гэта Полацкае княства, Вялікае княства Літоўскае, Рэч Паспалітая і 1812 год.
Турнір лучнікаў, рыцарскія баі, майстар-клас па фехтаванні, па нарыхтоўцы кованых вырабаў чакаюць гасцей Гальшанаў.
Сярод незвычайных і новых забаў на фестывалі – забегі мадагаскарскіх шыпячых тараканаў. Арганізоўвае іх экстрым-тэатр “Берсерк”. Нават можна будзе рабіць стаўкі.
Акрамя гэтага, будзе магчымасць навучыцца сярэднявечным танцам і атрымаць майстар-класы па розных відах народнай творчасці.
Без старадаўняй музыкі госці фестывалю таксама не застануцца. Пройдзе канцэрт з удзелам калектываў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.
Сярод запрошаных калектываў – фальклорны ансамбль “Баламуты”, капэла беларускіх народных духавых інструментаў і гурт сярэднявечнай музыкі “Стары Ольса”.
Будуць працаваць горад майстроў, дзіцячыя пляцоўкі.
Запланаванае і вогненнае шоу.