Выйшаў віцебскі нумар часопіса Arche

Источник материала:  
28.04.2014 12:29 — Новости Культуры
У Мінску выйшаў чарговы нумар часопіса Arche. Яго тэма - "Віцебскія гісторыі". Чатырыста чатырнаццаць старонак прысвечаныя мінуламу нашага горада. Змест ахоплівае перыяд ад XIV стагоддзя па 1974 год.



Фаліянт аб'яднаў тэксты найлепшых віцебскіх даследчыкаў і інтэлектуалаў. Так, доктар мастацтвазнаўства Таццяна Катовіч паглыбляецца ў гісторыю стварэння Другога Беларускага Тэатра (зараз драмтэатр імя Якуба Коласа). Гісторык Галіна Якаўлева распавядае, як новы савецкі побыт - з Ленінам, "акцябрынамі" і "выйду замуж без иконы, без богомоления" - атабарваўся ў Віцебску 1920-х. Канстанцін Карпекін, галоўны захавальнік Віцебскага абласнога архіва, упершыню спрабуе праіндэксаваць усе (!) віцебскія сінагогі і іўдзейскія малельныя дамы па стане на 1917 г. Вядомы краязнаўца, кандыдат гістарычных навук Мікалай Півавар падрабязна разглядае, як у 1974 г. Віцебск святкаваў 1000-годдзе, падсумоўвае змены ў горадзе і лічыць кожны выдаткаваны на гэта рубель.

У стварэнні нумара прынялі ўдзел даследчыкі-практыкі. Рэканструктар Сяргей Бабенка разбірае тыповы строй віцебскага павятовага шляхціца, які сам і пашыў. Архітэктар Васіль Асяненка, які непасрэдна працаваў над праектам рэканструкцыі былога Клуба металістаў, дае агляд канструктывісцкіх тэндэнцый у віцебскай архітэктуры 1920-х і 1930-х гг. Захавальнік калекцыі фалерыстыкі і сфрагістыкі Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Вера Рогач піша пра музей Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, які існаваў на пачатку ХХ ст.

Нумар не абмежаваўся аўтарамі з мясцовай "прапіскай". Леанід Калядзінскі з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі публікуе самы вялікі па аб'ёме матэрыял пра тое, як "капалі", ахоўвалі і спрабавалі экспанаваць рэшткі Верхняга замка. Гарадзенец Віталь Галубовіч узбагачае часопіс мікрагістарычным даследаваннем пра віцебскі перадэлекцыйны соймік 1632 г. - з якімі патрабаваннямі адпраўлялі віцьбічы дэпутатаў у сталічную Варшаву на выбары новага караля Рэчы Паспалітай?

Гарадзенкі Наталля Пачобут і Марына Сяліцкая паводле новых дакументаў распавядаюць пра гісторыка Івана Васілевіча, які быў дырэктарам абласнога гістарычнага музея ў акупаваным Віцебску. Мікола Нікалаеў, беларус з Санкт-Пецярбурга, знаёміць нас з выданнем "Віцебскія мастакі і гравёры", якая ў 1926 г. выйшла накладам усяго ў 60 асобнікаў, але да сёння з'яўляецца "непераўзыдзеным узорам мастацтва кнігі ХХ ст."

Асобна варта адзначыць ілюстраванасць віцебскага нумара. Столькі фотаздымкаў, адбіткаў дакументаў, планаў, жывапісных і графічных работ, у тым ліку і каляровых, пэўна, яшчэ ніколі не друкавалася ў Arche. Напрыклад, увесь артыкул краязнаўцы Віктара Барысенкава пабудаваны на параўнанні фотаздымкаў горада з розных эпох. Свой графічны твор "Віцебскія замкі XIV стагоддзя" для вокладкі ласкава прадаставіў мастак Ігар Дураў.
←В Беларуси стартовала III Национальная театральная премия

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика